Біяфізіка ў Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Станаўленне біяфізікі на Беларусі пачалося з даследаванняў М. М. Гайдукова і Ц. М. Годнева па фотасінтэзе (19241927).

Навукова-даследчыя работы па малекулярнай і мембраннай біяфізіцы вядуцца ў інстытутах НАН РБ (фотабіялогіі, біяарганічнай хіміі, біяхіміі, фізікі), БДУ, Гродзенскім і Віцебскім медыцынскіх інстытутах.

Высветлены прырода і інфармацыйная магчымасць УФ-флюарэсцэнцыі бялкоў (С. В. Конеў, Я. А. Чарніцкі), рэгуляцыя фотасінтэзу пры адаптацыі праз змяненне структурна-функцыянальнага стану хларапластаў (В. М. Іванчанка), раскрыты асаблівасці фатонікі малекулы хларафілу (Г. П. Гурыновіч, К. М. Салаўёў), залежнасці радыеадчувальнасці дэзоксірыбануклеапратэідаў ад колькасці міжмалекулярных кантактаў (А. М. Пісарэўскі, В. Т. Андрыянаў, С. М. Чаранкевіч), адкрыты новыя рэгулятарныя механізмы ў палачцы сятчаткі вока (І. Дз. Валатоўскі).

Праведзены даследаванні па матэматычнаму разліку канфармацыі поліпептыдаў і бялкоў (С. Г. Галакціёнаў), мембранна-структурным кантролі праліферацыі мікробных клетак (У. М. Мажуль), кааператыўных эфектах у пратэаліпасомах (П. А. Кісялёў), электрафізіялогіі расліннай клеткі (У. М. Юрын), структурнай і рэцэпторнай рэарганізацыі мембран мозга пры старэнні (С. Л. Аксёнцаў і А. А. Мілюцін).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]