Вавельскі цмок

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Ва́вельскі цмо́к, Вавельскі дракон (польск.: smok wawelski) — легендарны цмок, які нібыта жыў у пячоры (званай Цмочай ямай) ля падножжа Вавельскага ўзгорка ў Кракаве.

Легенда[правіць | правіць зыходнік]

Згодна з найбольш старажытным (XII стагоддзе) варыянтам гэтай легенды, выкладзеным Вінцэнтам Кадлубекам[1], у часы праўлення караля Крака (легендарнага заснавальніка Кракава, па імі якога горад атрымаў сваю назву) у Кракаве з’явілася істота — цмок, званы жываглотам (польск.: całożerca, лац.: holophagus — то бок істота, якая заглатывала сваіх ахвяр цалкам). Раз у тыдзень цмоку належала прыносіць у ахвяру карову; калі ж ён не атрымліваў яе, то наўзамен пажыраў людзей. Каб выратаваць горад ад пачвары, Крак паслаў двух сваіх сыноў, Крака і Леха, забіць дракона. Адолець змея ў паядынку сыны не змаглі, таму яны пайшлі на хітрасць. Яны набілі шкуру каровы серай, і, праглынуўшы гэта пудзіла, цмок задыхнуўся. Пасля смерці пачвары браты пасварыліся з-за таго, каму з іх належыць перамога. Старэйшы брат, Лех, забіў малодшага, а вярнуўшыся ў замак, сказаў, што Крак паў у бітве з цмокам. Аднак таямніца братазабойцы была раскрытая і Леха выгналі з краіны, а ў гонар нявінна забітага Крака назвалі горад.

Ян Длугаш у сваёй хроніцы перамогу над цмокам прыпісаў самому каралю, а братазабойства перанёс у той час, калі Крак ужо памёр.

Іншая версія легенды (XVI стагоддзе), якая належыць Яўхіму Бельскаму, абвяшчае, што дракона перамог шавец Скуба. Ён падкінуў монстру цяльца, начыненага серай. Цмоку, які з’еў цяля, пачало так пячы ў горле, што ён выпіў паў-Віслы і лопнуў.

Увасабленні[правіць | правіць зыходнік]

У 1972 годзе каля Вавельскага ўзгорка на Чэрвеньскім бульвары ў Кракаве быў пастаўлены помнік цмоку, аўтарам якога з’яўляецца польскі скульптар Браніслаў Хромы. Цмок вывяргае агонь кожныя 5 хвілін або па СМС па кароткім нумары тэлефона з тэкстам «smok»[2].

У 2015 годзе студыя «Allegro»  (англ.) зняла кароткаметражны фільм (1-ы па ліку) з серыі «Legendy Polskie», дзе цмок — гэта атлетычнага целаскладу татуіраваны мужчына (якога сыграў дацкі бодзібілдар Кім Колд  (англ.)) і яго велізарная лятаючая машына. Цмок — вялікі аматар прыгожых дзяўчат, якіх выкрадае і трымае ў сваім сховішчы на адной з загарадных віл.

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Mistrz Wincenty tzw. Kadłubek: Kronika Polska. Wrocław: Ossolineum, 2008. ISBN 83-04-04613-X.
  2. Pracowity smok wawelski (польск.)

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]