Ваеннае супрацоўніцтва

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Ваеннае супрацоўніцтва — адносіны дружалюбных дзяржаў у ваеннай галіне, накіраваныя на сумеснае рашэнне абаронных задач. Характар яго вызначаецца сумяшчальнасцю нацыянальных інтарэсаў дзяржаў, узгодненасцю палітычнага курса, узаемнай зацікаўленасцю ў забеспячэнні міжнароднай і нацыянальнай бяспекі. Вылучаюць тры галіны ваеннага супрацоўніцтва: ваенна-палітычную, ваенна-стратэгічную і ваенна-тэхнічную.

  • Ваенна-стратэгічнае супрацоўніцтва прадугледжвае ўзгадненне ваенных планаў і накірункаў будаўніцтва ўзброеных сіл, каардынацыю ўсіх відаў ваеннай дзейнасці, узгадненне сродкаў і спосабаў разведкі, узаемадзеяння сістэм ПРА і СПА. Арганізуюцца і ажыццяўляюцца сумесныя дзеянні па папярэджанні і лакалізацыі ваенных канфліктаў. Праводзяцца мерапрыемствы па аказанні ўзаемнай дапамогі і ўдасканаленні калектыўнай абароны, развіцці і падрыхтоўцы ўзброеных сіл, навучанні ваенных кадраў, аб'яднанні шэрагу сістэм кіравання і забеспячэння ўзброеных сіл.
  • Ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва прадугледжвае каардынацыю ваенна-тэхнічнай палітыкі, узаемны абмен узбраеннямі, сумесныя распрацоўкі ўзораў узбраення і ваеннай тэхнікі, сумесныя меры па папярэджанні распаўсюджання стратэгічных ці экалагічна небяспечных тэхналогій, магчымасць аказання ўзаемнай дапамогі пры ажыццяўленні ваеннай канверсіі.

Пры ўсіх формах ваеннага супрацоўніцтва прадугледжаецца абмен ваенна-палітычнай, ваенна-стратэгічнай і ваенна-тэхнічнай інфармацыяй, узгадненне ацэнак і прагнозаў па развіцці ваенна-палітычнай і стратэгічнай абстаноўкі ў свеце і асобных яго раёнах.[1]

Ваеннае супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь[правіць | правіць зыходнік]

Найбольш цеснае супрацоўніцтва ў ваеннай галіне Беларусь ажыццяўляе з дзяржавамі-ўдзельніцамі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), а таксама з іншымі дзяржавамі-ўдзельніцамі СНД.

Найвышэйшы ўзровень ваеннага супрацоўніцтва дасягнуты паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй — асаблівыя адносіны дзвюх краін рэалізуюцца як у рамках АДКБ, так і ў Саюзнай Дзяржаве і датычацца ўсіх галін ваеннага супрацоўніцтва.

У адпаведнасці з прынятай у 1998 Канцэпцыяй сумеснай абароннай палітыкі з войск Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і Маскоўскай ваеннай акругі Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі створана рэгіянальная групіроўка войск (каля 300 тыс. ваеннаслужачых). У мірны перыяд воінскія фарміраванні, якія выдзяляюцца ў склад рэгіянальнай групіроўкі, захоўваюць нацыянальную прыналежнасць і знаходзяцца ў падпарадкаванні міністэрстваў абароны адпаведных дзяржаў. Для непасрэднага кіравання рэгіянальнай групіроўкай у пагражальны перыяд і для адбіцця агрэсіі на базе Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь ствараецца Аб'яднанае камандаванне рэгіянальнай групіроўкай войск.

Працягваецца стварэнне адзінай сістэмы СПА, папярэджання аб ракетным нападзенні, а таксама аб'яднаных сістэм падрыхтоўкі войск, тэхнічнага і матэрыяльнага забеспячэння. Штогод планіруецца і рэалізуецца сумесны абаронны заказ. Праводзяцца сумесныя вучэнні і камандна-штабныя трэніроўкі.

Супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь з НАТА ажыццяўляецца праз удзел у Савеце еўра-атлантычнага партнёрства (з 1992) і праграме «Партнёрства дзеля міру» (з 1995). Адносіны Беларусі з НАТА часова прыпыняліся ў першай палове 1999 у сувязі з агрэсіяй НАТА супраць Югаславіі.

У апошні час паскараецца развіццё ваеннага супрацоўніцтва Беларусі з краінамі «трэцяга свету», у першую чаргу з КНР, Венесуэлай, іншымі дзяржавамі-ўдзельніцамі Руху недалучэння.

Зноскі

  1. Военное сотрудничество // Война и мир в терминах и определениях. Под общ. ред. Дмитрия Рогозина. — У Сеціве Архівавана 29 верасня 2007..