Ваенныя спецыялісты Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Карта выкарыстання паслуг беларускіх ваенных спецыялістаў.
     Беларусь
     пацверджана ўладамі
     абвяргаецца ўладамі/няма афіцыйных заяў

Ваенныя спецыялісты Беларусі — былыя і дзеючыя ваеннаслужачыя Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі ваенізаваных арганізацый і работнікі прадпрыемстваў ваенна-прамысловага комплексу, якія аказваюць падтрымку замежным сілавым структурам. Прадстаўленыя як дзяржаўнымі ваенспецамі і ваеннымі саветнікамі, так і наймітамі[1].

У асобных расійскіх СМІ згадваліся як беларускія «партызаны»[1][2][3].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Пасля развалу СССР незалежная Беларусь атрымала кантынгент Беларускай ваеннай акругі. Савецкая спадчына была занадта вялікай для краіны, таму ў 1990-я ўрад правёў скарачэнне узброеных сіл. Многія кадравікі страцілі свае працоўныя месцы, некаторыя сыходзілі самі з-за нізкіх заробкаў[4]. Не ўсе змаглі прыстасавацца да «грамадзянцы»[5], і частка звольненых пайшла ў найміты[4].

Менавіта адстаўныя вайскоўцы спатрэбіліся для аказання ваенных паслуг, склаўшы аснову замежных кантынгентаў, бо, як казаў на «Еўрарадыё» ваенны аглядальнік Аляксандр Алесін, афіцыйна дзяржава імкнулася не адпраўляць дзеючыя армейскія кадры ў іншыя дзяржавы, асабліва ў «гарачыя кропкі». Сярод запатрабаваных спецыяльнасцяў эксперт называў лётчыкаў, спецыялістаў па абслугоўванні авіяцыі і баявой тэхнікі, штабных афіцэраў і спецыялістаў спецаперацый — напрыклад, снайперы[4].

Паводле інфармацыі газеты «Комсомольская правда» атрыманай з «дасведчаных крыніц», у Мінску ўзнікла нейкая арганізацыя, якая прадастаўляла працу для адстаўных вайскоўцаў, гатовых прымяніць свой вопыт за мяжой. Фірма засакрэчана і не давала нідзе ніякіх аб’яў, самастойна шукаючы патэнцыйных работнікаў[1]. Дзейнасць канторы, як меркавала інтэрнет-выданне «Свободная пресса», была пад наглядам спецслужб Беларусі і Расіі[3]. У асобных выпадках мела месца афіцыйная дзяржаўная падтрымка з боку дзеючых кадраў УС РБ і ваенных навукоўцаў, пра што згадваў прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка[6]. Ваенная газета «Во славу Родины» пісала аб уцягванні да падобнай дзейнасці нават работнікаў прадпрыемстваў ВПК. У адным з нумароў 2012 года паведамлялася: «падчас гутаркі з выпрабавальнікамі высветлілася, што спецыялісты часта выязджаюць у замежкамандыроўкі з мэтай тэхнічнага абслугоўвання машын і дэманстрацыі магчымасцяў выпускаемых узораў прадукцыі»[7].

Як адзначыў беларускі ваенны эксперт Ягор Лебядок, найважнейшым рэгіёнам для Беларусі ў сферы збыту ўзбраення і аказання паслуг падрыхтоўкі ваенных кадраў стала Афрыка[8]. Ваенны аглядальнік Канстанцін Гагарын звязваў гэта з адыходам афрыканскіх урадаў ад ваеннага супрацоўніцтва з Захадам і дарагоўляй паслуг і ўзбраенняў. Для краін кантынента аказаліся каштоўнымі беларускія напрацоўкі ў абаронцы і вопыт краіны ў будаўніцтве кампактнай эфектыўнай арміі з уласнай адукацыйнай школай[9]. У канцы 2010-х і пачатку 2020-х усё больш канкурэнцыю ў частцы падрыхтоўкі замежных вайскоўцаў і арганізацыі баявых дзеянняў пачалі аказваць ізраільцяне, французы, расійскія ПВК і прадстаўнікі іншых краін[8].

Па краінах[правіць | правіць зыходнік]

Кот-д’Івуар Кот-д’Івуар
Вонкавыя выявы
Фотаздымкі, зробленыя не пазней за 4 лістапада 2004.
(Апублікаваны ў артыкуле Стэйна Мітцэра і Ёста Оліманса на Oryx Blog. Аўтарства невядома.)
Групавое фота беларускіх ваенных спецыялістаў і івуарыйскіх лётчыкаў на фоне Су-25.
Івуарыйскія і беларускія тэхнікі разам з чарнаскурым пілотам.
Беларускія лётчыкі ў аэрапорце Ямусукра.
Узлёт Су-25УБ. У кабіне бачны бледнатвары і чарнаскуры пілоты.

Падчас грамадзянскай вайны 2002—2007 гадоў група былых кадравых лётчыкаў і тэхнікаў Узброеных Сіл Беларусь накіравана у Рэспубліцы Кот-д’Івуар для аказання дапамогі ўрадавай арміі Ларана Гбагбо, меркавана пад патранажам французскіх і беларускіх уладаў. Беларусы займаліся перападрыхтоўкай афрыканскіх авіятараў, якія раней эксплуатавалі французскія Dassault/Dornier Alpha Jet, для палётаў на савецкіх штурмавіках Су-25. Івуарыйцы здзейснілі са сваімі замежнымі інструктарамі толькі тры баявых вылету. Падчас апошняга яны выпадкова альбо наўмысна нанеслі ўдар па французскай базе ў Буаке. Інцыдэнт прывёў да захопу французскімі войскамі аэрадрома Ямусукра і выступленняў апалчэння «Маладыя патрыёты» ў Абіджане.

3 лютага 2020 года, паводле звестак Africa intellegence, у краіну прыбылі дзесяць беларускіх вайскоўцаў, чыёй задачай стала правядзенне курсу падрыхтоўкі для жандараў[10]. У маі таго ж года яшчэ чатыры беларускія спецыялісты прадастаўлены для тэхнічнага абслугоўвання машын і навучання івуарыйскіх тэхнікаў[8].

Судан Судан

У чэрвені 2006 года быў падпісаны дагавор аб ваенным супрацоўніцтве, абмене вопытам і дасягненнямі ў ваеннай вобласці. На падставе дакумента, беларускія інструктары далі свае паслугі ў навучанні суданскіх вайскоўцаў, абодва бакі падзяліліся адзін з адным вопытам, а навукоўцы дзвюх краін сумесна распрацавалі праекты ў галіне ваеннай навукі[11].

Станам на люты 2023 года дзяржаўная кампанія «Белспецзнештэхніка» (БСЗТ) больш за дваццаць гадоў кіравала сумесным прадпрыемствам з суданскай арміяй. Яе тэхнічныя спецыялісты, якія базуюцца ў Хартуме, абслугоўваюць увесь парк суданскіх верталётаў і самалётаў, што гуляе вырашальную ролю ў краіне, дзе адлегласці настолькі вялікія, што сілавыя аперацыі не могуць выконвацца наземным транспартам. Прысутнасць беларускіх спецыялістаў стала жыццёва важнай для суданскага ўрада. Першапачаткова БСЗТ хацела ператварыць сваю базу ў Судане ў панафрыканскі цэнтр тэхнічнага абслугоўвання, аднак санкцыі ЗША у дачыненні да Хартума перашкодзілі гэтаму праекту[12].

Венесуэла Венесуэла
Вонкавыя відэафайлы
Відэаматэрыялы
(З праграмы Белтэлерадыёкампаніі «Усё аб бяспецы». Апублікаваны на афіцыйным Ютуб-канале ЦСП БФСТ «Дынама».)
Рэпартаж пра візіт DISIP у Беларусь. Частка 1.
Рэпартаж пра візіт DISIP у Беларусь. Частка 2.

У Венесуэле ў 2008—2013 гадах знаходзілася група ваенных спецыялістаў, ваенных саветнікаў і навукоўцаў Рэспублікі Беларусь. Дзейнасць замежнікаў была накіравана на стварэнне адзінай сістэмы супрацьпаветранай абароны і радыёэлектроннай барацьбы Нацыянальных узброеных сіл Венесуэлы, а таксама падрыхтоўку неабходных для яе вайсковых кадраў. Па выніку іх работы ўдалося дамагчыся паспяховага абнаўлення і сістэматызацыі абароны краіны.

Адначасна ў горадзе Мар’іна Горка вялася падрыхтоўка спецназа DISIP.

Лівія Лівія

16 снежня 2009 года падчас афіцыйнага візіту ў Трыпалі беларускай вайсковай дэлегацыі пад кіраўніцтвам міністра абароны Юрыя Жадобіна быў заключаны пратакол аб супрацоўніцтве ў галіне абароны. Пераймаць вопыт на вучэнні «Захад-2009» у Беларусь прыязджаў малодшы сын лідара краіны Муамара Кадафі, Хаміс, камандзір элітнага падраздзялення спецназа Лівіі[13]. У чэрвені 2010 года лівійскія вайскоўцы прынялі ўдзел у вучэннях з беларускай 11-й асобнай механізаванай брыгадай са Слоніма, якія праходзілі на Абуз-Лясноўскім палігоне пад Баранавічамі[14].

6 красавіка 2011 года выдавецтва «Комсомольская правда» выпусціла артыкул аб удзеле ў баявых дзеяннях у Лівіі на баку ўрада беларускіх ваенных саветнікаў. Рэдакцыя пісала, што ваенныя займаліся падрыхтоўкай лівійскіх сілавікоў, рамонтам і эксплуатацыяй тэхнікі. Паведамлялася і пра наймітаў з індывідуальнымі кантрактамі, і пра дзейных вайскоўцаў Узброеных Сіл Беларусі, сярод якіх былі былыя байцы 334-га атрада са складу 5-й асобнай брыгады спецпрызначэння. Некаторыя з іх, як мяркуецца, праходзілі падрыхтоўку на расійскіх базах спецназа і ўдзельнічалі ў вайне ў Аўганістане. Вайскоўцы рэспублікі пераканалі лівійцаў аддаць перавагу ўзброеным пікапам замест бронетэхнікі, а таксама ўнесці ў тактыку некаторыя элементы партызанскай вайны, тым самым знізіўшы эфектыўнасць авіяўдараў НАТА і павялічыўшы мабільнасць арміі. Дзякуючы іх садзейнічанню, у канцы сакавіка—пачатку красавіка войскі Кадафі нават змаглі перайсці ў контрнаступленне[1].

Як заявіў саветнік пасольства Беларусі ў Трыпалі Георгій Грамыка, да грамадзянскай вайны і замежнай інтэрвенцыі ў краіне знаходзіўся кантынгент з 500 беларускіх вайсковых саветнікаў, інструктараў і спецыялістаў, але з пачаткам баявых дзеянняў частка з іх эвакуявалі. Аднак са слоў вайсковага аташэ Ігара Качугіна, афіцыйна ў краіну вайскоўцы не накіроўваліся. Тым не менш, ён не выключыў, што хтосьці мог заключыць індывідуальныя кантракты з лівійскімі сілавымі структурамі. Рэдакцыя «Комсомольской правды» звязалася з Міхаілам, адным з такіх наймітаў. Ён паведаміў, што яго зарплата ў Лівіі складае 3000 долараў. Паводле інфармацыі суразмоўцы, у краіне пры Узброеных сілах знаходзяцца некалькі сотняў беларусаў[1].

Емен Емен

У 2010 годзе Емен набыў у Беларусі 66 танкаў Т-80БВ[15]. Гэтыя машыны неаднаразова выкарыстоўваліся ў баявых дзеяннях[16][17].

Вядома, што як мінімум двое беларусаў у 2013 годзе накіраваны па дзяржаўнай лініі для падтрымкі еменскіх сілавікоў. Паводле афіцыйнай заявы беларускага боку, яны працавалі пры ахове прэзідэнта, аднак, на думку ваеннага аналітыка Аляксандра Алесіна, галоўнай задачай з’яўлялася дапамога ў тэхнічным абслугоўванні новых танкаў[18].

Нігерыя Нігерыя
Вонкавыя выявы
Нігерыйскія вайскоўцы ў Беларусі.
Фатаграфіі ЦСП БФСТ «Дынама».
Іншыя фотаздымкі.

У пачатку 2010-х беларуская кампанія «Белспецзнештэхніка» ўзяла на сябе абавязацельствы па абслугоўванні ўдарных верталётаў Мі-24/35 ВПС Нігерыі. Беларусы адказваюць за верталёты 97-й групы спецназа ў Порт-Харкорт. Таксама на навучанне ў Беларусь прыбыла група пілотаў і інжынераў[19].

У верасні 2014 года Нацыянальная асамблея Нігерыі ўхвала выдзяленне аднаго мільярда долараў на барацьбу з паўстанцамі «Бока Харам» на поўначы краіны. Гэтыя сродкі пайшлі на аплату навучання і матэрыяльных сродкаў Расіі, Чэхіі і Беларусі, чые спецыялісты займаліся падрыхтоўкай нігерыйскіх вайскоўцаў[20].

Неўзабаве спецпадраздзяленні арміі Нігерыяі прыбылі на тэрыторыю Беларусі[21][22]. Паводле інфармацыі, апублікаванай на афіцыйным сайце ЦСП БФСТ «Дынама», курсы прызначаліся для падрыхтоўкі афрыканскіх вайскоўцаў да барацьбы з баевікамі ў дэльце Нігера[21]. Навучанне праходзіла на базе 5-й брыгады[23]. Некаторае садзейнічанне аказалі супрацоўнікі МНС Рэспублікі Беларусь[21]. Паводле інфармацыі журналісцкага партала Sahara Reporters, да снежня 2015 года ў расійскіх і беларускіх ваенных лагерах было навучана каля 700 нігерыйскіх снайпераў[24].

10 снежня 2020 года ў Абуджы адбылася сустрэча міністра абароны Нігерыі генерал-маёра Башыра Магашы з беларускай дэлегацыяй на чале з палкоўнікам Андрэем Красоўскім. У перамовах удзельнічалі таксама супрацоўнікі «БСЗТ—Новыя тэхналогіі». Абмяркоўвалася магчымасць павышэння кваліфікацыі супрацоўнікаў спецназа. Нігерыйскі бок быў зацікаўлены ў набыцці навыкаў збору разведвальнай інфармацыі і навучанні барацьбе з тэрарызмам. Заключаныя дамоўленасці сталі дапаўненнямі і пашырэннем да ўжо наяўных праграм па контртэрарыстычнай падрыхтоўцы[25].

Дэмакратычная Рэспубліка Конга ДР Конга

Баранавіцкі 558-ы авіяцыйны рамонтны завод мае кантракт у ДР Конга на тэхнічнае абслугоўванне авіяцыі[12].

У 2015—2019 гадах у краіне знаходзіліся беларускія інструктары, пераважна пілоты, якія навучалі кангалезскіх вайскоўцаў[8]. Вядома, што яны прысутнічалі ў зоне баявых дзеянняў у правінцыі Паўночнае Ківу і грунтаваліся на аэрадроме блізу горада Гома[26], дзе аказвалі дапамогу ў барацьбе з паўстанцамі. Як паведамілі ў праграме Навіны «24 гадзіны» на СТБ, беларусы дзейнічалі як прыватныя асобы[27].

Сцяг Расіі Расія
Вонкавыя выявы
Фотаматэрыялы
(Афіцыйны тэлеграм-канал МА РБ.)
Беларускія інструктары і расійскія вайскоўцы.

У сакавіку 2023 года Мінабароны краіны апублікавала кадры з падрыхтоўкі беларускімі інструктарамі расійскіх вайскоўцаў. Ваеннаслужачыя РФ удасканальвалі сваю стральбу з аўтаматаў, практыкаваліся ў кіраванні бранятэхнікі, вывучалі тактычную медыцыну, прайшлі інжынерную падрыхтоўку і псіхалагічную паласу перашкод. Еўрарадыё паведаміла, што навучанне нібыта праводзілася для далейшага ўдзелу ў баявых дзеяннях ва Украіне[28]. Паводле брытанскай разведкі, на той момант падрыхтоўку ў Беларусі праходзілі 1000 байцоў УС РФ[29].

У красавіку начальнік Галоўнага ўпраўлення баявой падрыхтоўкі генерал-маёр Аляксандр Бас заявіў БЕЛТА, што каля 500 беларускіх інструктараў рыхтуюць ваенных рэгіянальнай групоўкі войск. Як ён адзначыў, навучанне праводзіцца на падставе аналізу формаў і спосабаў прымянення войск падчас канфлікту ва Украіне[30].

Для падрыхтоўкі байцоў, у тым ліку мабілізаваных, былі створаны намётавыя лагеры на палігонах «Лепельскі» пад Лепелем, «Рэпішча» пад Асіповічамі і «Абуз-Лясноўскі» пад Баранавічамі. Навучанне праводзілася з кастрычніка 2022 года па 3 ліпеня 2023 года, пасля чаго аб’екты згарнулі. Усяго ў Беларусі прайшло падрыхтоўку да некалькі тысяч мабілізаваных[31].

Вядомыя спецыялісты[правіць | правіць зыходнік]

  • Алег Пятровіч Ліхоткін — беларускі лётчык. У 2001 годзе з’ехаў у Дэмакратычную Рэспубліку Конга на службу ваенным інструктарам. УУС Брэсцкага аблвыканкама лічыцца зніклым без вестак[32]. У іншых крыніцах заяўлялася аб яго гібелі падчас авіякатастрофы 2006 года[33] альбо паланенні[34].
  • Юрый Леанідавіч Сушкін — адстаўны палкоўнік ВПС Беларусі, удзельнік Афганскай і Івуарыйскай войнаў[35]. Атрымаў шырокую вядомасць пасля забойства дзевяці французскіх вайскоўцаў у Кот-д’Івуары, за што парыжскім судом быў завочна прысуджаны да пажыццёвага зняволення.[36].
  • Алег Сяргеевіч Пафераўгенерал-лейтэнант, у перыяд з 2008[37] па 2013[38] быў кіраўніком групы беларускіх ваенных саветнікаў пры Узброеных сілах Венесуэлы.
  • Вячаслаў Міхайлавіч Качура — адстаўны маёр ГРУ, былы начальнік штаба 334-га асобнага атрада спецыяльнага прызначэння, удзельнік Афганскай вайны і грамадзянскай вайны ў Лівіі. З 2011 па 2018 гады знаходзіўся ў палоне ў баевікоў. Апошні грамадзянін Рэспублікі Беларусь, вызвалены з лівійскага палону[39].
  • Анатоль Яўгенавіч Мазынскі — супрацоўнік 140-га рамонтнага завода, малодшы брат тэатральнага рэжысёра Валерыя Мазынскага. Загінуў у 2013 годзе ў Емене[7].

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б в г д Комсомольская правда & 6 апреля 2011.
  2. Минск обиделся на новость про беспринципных "белорусских партизан" в Ливии
  3. а б Виктор Сокирко. Белорусские «партизаны»: Лукашенко вскрыл канал «миграции наёмников», о котором давно знал // Свободная пресса : интернет-издание. — 30 июля 2020.
  4. а б в Алесин & 7 апреля 2011.
  5. Почему белорусские летчики работают и гибнут в Африке? (Фото)
  6. Лукашенко заявил, что Белоруссия разрабатывала для Венесуэлы план обороны. Архівавана з першакрыніцы 26 сакавіка 2019. Праверана 21 лютага 2021.
  7. а б Борисовчанину Анатолю Мазынскому, расстрелянному в Йемене, до пенсии оставался год // Govorim.by, 5 декабря 2013
  8. а б в г Лебедок & 7 февраля 2021.
  9. Константин Гагарин. Африканский вектор белорусских военных // СБ. Беларусь сегодня : газета. — 13 сентября 2023.
  10. Инструкторы из Беларуси прибыли в Кот-д’Ивуар для обучения местных жандармов
  11. Белорусский режим в списках поставщиков оружия Судану // Хартия'97, 15 ноября 2008
  12. а б Африканская стратегия Лукашенко. Чему России стоит поучиться у союзника
  13. СМИ: в расправе над ливийскими повстанцами, возможно, участвуют наемники из Белоруссии
  14. МИД опровергает информацию о белорусских наемниках в Ливии и самолете с золотом Каддафи. Архівавана з першакрыніцы 28 красавіка 2021. Праверана 25 красавіка 2021.
  15. Завоюет ли Беларусь позиции на глобальных рынках оружия?
  16. Списанные в Беларуси танки воюют в Йемене Архівавана 23 красавіка 2021. // Naviny.by, 20 октября 2014
  17. Несколько белорусских танков Т-80БВ потеряно в бою с повстанцами в Йемене Архівавана 23 красавіка 2021. // TUT.BY, 21 января 2015
  18. Александр Алесин. Списанные в Беларуси танки воюют в Йемене Архівавана 23 красавіка 2021. // Naviny.by (20 октября 2014)
  19. Siarhei Bohdan.Belarusian Military Cooperation With Developing Nations: Dangerous Yet Legal Архівавана 24 верасня 2021. // Belarus Digest, 5 December 2013.
  20. Nigeria Turns to Russia, Czech Republic, and Belarus for Military Training and Materiel
  21. а б в Нигерийские солдаты проходят специальную подготовку в Беларуси для борьбы с боевиками в дельте Нигера Архівавана 16 ліпеня 2018. — Центр специальной подготовки Республики Беларусь
  22. Военнослужащие специальных сил Нигерии проходят обучение в Республике Беларусь (Фото)
  23. Снайперские винтовки
  24. Nigeria Army Yet To Pay Its Belarus-Trained Snipers In Six Months
  25. Military cooperation between Nigeria and Belarus Архівавана 23 кастрычніка 2021.
  26. Ремонт и модернизация штурмовиков Су-25 ДРК в Барановичах
  27. Жизни троих белорусов, пострадавших при крушении МИ-24 в Конго, ничего не угрожает Архівавана 29 верасня 2021. // СТВ, 1 февраля 2017.
  28. Минобороны показало, как белорусские инструкторы тренируют российских военных
  29. Russia is sending troops to 'less experienced' Belarus for training because most of its own instructors have been deployed to Ukraine, says UK intel
  30. К защите Союзного государства готовы! Как проходит подготовка военных региональной группировки войск
  31. Расейскіх мабілізаваных больш ня будуць рыхтаваць у Беларусі Спадарожнікавыя здымкі зафіксавалі ліквідацыю лягераў на беларускіх палігонах // Радыё Свабода, 5 ліпеня 2023
  32. Лихоткин Олег Петрович(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 24 лютага 2023. Праверана 24 лютага 2023.
  33. Продажа украинских штурмовиков Су-25 в Демократическую Республику Конго
  34. Крылья без родины
  35. Сергей Дмитриев. 15 лет без ответа: кто виновен в бомбардировке французских военных в Кот-д’Ивуар // RFI, 20 марта 2020
  36. Дмитрий Гусев. Тайны Су-25 и Юрия Сушкина: в Париже вынесли приговор по делу об убийстве французских военных в Кот-д’Ивуар // RFI, 16 апреля 2021
  37. Беларусь — Венесуэла: тайны политического альянса
  38. Лукашенко заявил, что Белоруссия разрабатывала для Венесуэлы план обороны. Архівавана з першакрыніцы 26 сакавіка 2019. Праверана 18 снежня 2020.
  39. Ливийский пленник: Вячеслав Качура вернется домой после шести лет заключения Архівавана 22 кастрычніка 2021. – Газета Коммерсантъ № 19 (6257) от 02.02.2018

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]