Ваенпраект
| Інстытут «Ваенпраект» | |
|---|---|
| Краіна | |
| Адрас | Беларусь, 220034, г. Мінск, вул. Азгура, 4 |
| Тып арганізацыі | Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства |
| Заснаванне | |
| Дата заснавання | 16 чэрвеня 1918 |
| Галіна | праектаванне |
| Прадукцыя | праектна-каштарысная дакументацыя |
| www.voenproekt.by | |
Інстытут «Ваенпраект» — беларуская праектная арганізацыя, якая спецыялізуецца на распрацоўцы праектна-каштарыснай дакументацыі для будаўніцтва, рэканструкцыі і мадэрнізацыі аб’ектаў ваеннага і грамадзянскага прызначэння. Прадпрыемства з’яўляецца базавай арганізацыяй у галіне агульнавайсковага будаўніцтва ў Беларусі[1]. Размяшчае ў Мінску па адрасе вул. Азгура, 4.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Гісторыя прадпрыемства пачынаецца з 16 чэрвеня 1918 года, калі згодна з Загадам Наркамваена № 544 было сфарміравана першае падраздзяленне для выканання праектна-каштарысных работ. Першапачаткова яно існавала як будаўнічае аддзяленне акруговага кватэрнага ўпраўлення ў складзе штаба Заходняй ваеннай акругі, пазней было рэарганізавана ва «Упраўленне ваеннага праектавання»[1].
За савецкім часам арганізацыя займалася праектаваннем стратэгічных аб’ектаў, такіх як аэрадромы ў Мачулішчах, Быхаве, Шчучыне, Балбасава, Бярозе, Гродна, Віцебску, Бабруйску, а таксама баз гаручага і ракетных паліваў. Сярод значных праектаў таго часу — 140-ы танкарамонтны завод, злучэнні марской авіяцыі ў Быхаве, добраўпарадкаванне палігонаў БВА (Дрэтуньскага, Барысаўскага, Мінскага) для манеўраў «Захад-81». Таксама выконваліся праекты для Паўночнай групы войскаў у Польшчы, інстытут забяспечваў праектную падтрымку праграмы перадыслакацыі савецкіх войскаў з Германіі[2], распрацоўваючы генеральныя планы жылых гарадкоў у Барысаве, Бярозе, Слоніме і Росі[2].
23 лютага 2000 года рашэннем Міністра архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь інстытут быў вызначаны базавай арганізацыяй у галіне агульнавайсковага будаўніцтва.
У 2005 годзе Геральдычны савет пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь зацвердзіў геральдычны знак — эмблему прадпрыемства. У 2006 годзе быў зарэгістраваны таварны знак інстытута[1].
Дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Інстытут выконвае поўны комплекс праектна-пошукавых работ, неабходных для будаўніцтва аб’ектаў. Асноўныя накірункі дзейнасці ўключаюць:
- Распрацоўку ўсіх раздзелаў праектна-каштарыснай дакументацыі для аб’ектаў спецыяльнага і грамадзянскага прызначэння[3].
- Абследаванне тэхнічнага стану будынкаў і збудаванняў (вызначэнне прыдатнасці да эксплуатацыі, зносу, пашпартызацыя, праектаванне рамонту і рэканструкцыі)[4].
- Інжынерна-геадэзічныя пошукі з выкарыстаннем электроннага абсталявання[5].
- Інжынерна-геалагічныя пошукі (шнекавае, калонкавае і ўдарна-ліннае бурэнне)[5].
- Распрацоўку дызайну інтэр’ераў[6].
- Аўтарскі нагляд за будаўніцтвам.
Структура
[правіць | правіць зыходнік]У структуру прадпрыемства ўваходзяць[1]:
- Кіраўніцтва.
- Архітэктурна-будаўнічыя аддзелы № 1, 2, 3.
- Архітэктурна-планіровачная майстэрня.
- Аддзел генеральных планаў.
- Аддзел інжынерных збудаванняў.
- Электратэхнічны аддзел.
- Каштарысны аддзел.
- Тэхнічны аддзел.
- Планава-дагаворны аддзел.
- Участак інфармацыйных тэхналогій.
- Іншыя адміністрацыйныя і дапаможныя падраздзяленні.
Вытворчыя плошчы прадпрыемства складаюць звыш 1500 м². Для праектавання выкарыстоўваюцца сучасныя сродкі аўтаматызацыі, лічбавая і аналагавая тэхніка[1].
Значныя праекты
[правіць | правіць зыходнік]За час існавання інстытут спраектаваў мноства значных аб’ектаў ваеннай і грамадзянскай інфраструктуры:
- Ваенныя і адміністрацыйныя аб’екты: Будынкі Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, рэдакцыі газеты «Во славу Родины» і комплекс будынкаў Ваеннай акадэміі РБ, рэканструкцыя кінаканцэртнай часткі Цэнтральнага Дома афіцэраў у Мінску, Лепельскі ваенны санаторый[2].
- Жыллёвае будаўніцтва: жылыя дамы для ваеннаслужачых і іншых грамадзян у Мінску (мікрараёны Уручча, Усходні, Лошыца, забудова па вуліцах Камуністычнай, Кабушкіна, Славінскага), Брэсце, Віцебску, Гродне, Баранавічах, Слуцку, Навагрудку і Асіповічах[2]. Важным горадабудаўнічым праектам стаў дэталёвы план жылога раёна «Вялікі Лес» у Мінску[2].
- Спартыўныя аб’екты: Спартыўна-стралковы комплекс імя маршала С. К. Цімашэнкі, лыжна-біятлонны палігон «Заячая паляна» ў Лагойскім раёне, лёгкаатлетычны манеж у гарнізоне Уручча, мадэрнізацыя Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і конегадоўлі ў Ратамцы[7][2].
- Іншыя: Мемарыяльны комплекс «Востраў слёз», удзел у праектаванні аб’ектаў па абароне БелАЭС[2].
У 2019 годзе інстытут прымаў удзел у падрыхтоўцы аб’ектаў да II Еўрапейскіх гульняў, у прыватнасці, рэканструкцыі стралковага ціра імя Цімашэнкі[2].
Адным з апошніх праектаў стала забудова тэрыторыі Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці пад Рэспубліканскі цэнтр патрыятычнага выхавання моладзі[7].
Кіраўніцтва
[правіць | правіць зыходнік]Дырэктар прадпрыемства — Віктар Міхайлавіч Курыла[8].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в г д О предприятии. РУП "Институт "Военпроект". Праверана 19 лютага 2026.
- ↑ а б в г д е ё ж Архив объектов. РУП "Институт "Военпроект". Праверана 19 лютага 2026.
- ↑ Разработка проектно-сметной документации. РУП "Институт "Военпроект". Праверана 19 лютага 2026.
- ↑ Обследование техсостояния зданий и сооружений. РУП "Институт "Военпроект". Праверана 19 лютага 2026.
- ↑ а б Инженерные изыскания. РУП "Институт "Военпроект". Праверана 19 лютага 2026.
- ↑ Дизайн интерьера. РУП "Институт "Военпроект". Праверана 19 лютага 2026.
- ↑ а б Объекты. РУП "Институт "Военпроект". Праверана 19 лютага 2026.
- ↑ Руководство. РУП "Институт "Военпроект". Праверана 19 лютага 2026.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- voenproekt.by — афіцыйны сайт