Вайна Аўгсбургскай лігі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Вайна за Пфальцкую спадчыну)
Вайна Аўгсбургскай лігі
Аблога Намюра ў 1692 годзе
Аблога Намюра ў 1692 годзе
Дата 24 верасня 168820 верасня 1697[1]
Месца Еўропа, Ірландыя, Шатландыя[2], Паўночная Амерыка
Прычына Прэтэнзіі Людовіка XIV на Курпфальц;
Французская экспансія ў Заходняй Еўропе
Вынік Рэйсвейкскі мір
Праціўнікі
 Каралеўства Англія (з 1689)

Шатландыя Каралеўства Шатландыя (з 1689)
Ірландыя Каралеўства Ірландыя (з 1689)
 Рэспубліка Злучаных правінцый
 Свяшчэнная Рымская імперыя
Курфюрства Брандэнбург
Прусія Герцагства Прусія
 Саксонія
Курфюрства Баварыя
Курпфальц
 Іспанская імперыя
Сцяг Партугаліі Каралеўства Партугалія
 Шведская імперыя (да 1691)
Сцяг Савоі Герцагства Савоя (да 1696)

 Каралеўства Францыя

Якабіты (1689—1691)
Пры падтрымцы:
Асманская імперыя Асманская імперыя[3]

Камандуючыя
Каралеўства АнгліяШатландыяІрландыяРэспубліка Злучаных правінцый Вільгельм III

Каралеўства Англія Джон Чэрчыль, граф Мальбара
Каралеўства Англія Артур Герберт, герцаг Торынгтан
Каралеўства Англія Эдвард Расел
Каралеўства Англія Ральф Дэлаваль
Каралеўства Англія Джордж Рук
Рэспубліка Злучаных правінцый Георг Фрыдрых Вальдэкскі
Рэспубліка Злучаных правінцый Філіпс ван Алмандэ
Свяшчэнная Рымская імперыя Леапольд I
Свяшчэнная Рымская імперыя Карл Латарынгскі
Свяшчэнная Рымская імперыя Людвіг Бадэнскі
Свяшчэнная Рымская імперыя Яўген Савойскі
Прусія Фрыдрых III
Ганс Адам фон Шэнінг
Курфюрства Саксонія Ёган Георг III
Курфюрства Саксонія Ёган Георг IV
Курфюрства Саксонія Фрыдрых Аўгуст I
Максіміліян II
Філіп Вільгельм
Ёган Вільгельм
Іспанская імперыя Карл II
Сцяг Партугаліі Педру II
Шведская імперыя Карл XI
Сцяг Савоі Віктар Амадэй II

Каралеўства Францыя Людовік XIV

Каралеўства Францыя Людовік Вялікі Дафін
Каралеўства Францыя Франсуа Анры дэ Люксембург
Каралеўства Францыя Себасцьен дэ Вабан
Каралеўства Францыя Франсуа дэ Вільруа
Каралеўства Францыя Луі Франсуа дэ Буфлер Здаўся
Каралеўства Францыя Нікаля Каціна
Каралеўства Францыя Ан-Жуль дэ Наай
Каралеўства Францыя Луі Жазеф дэ Вандом
Каралеўства Францыя Луі дэ Франтэнак
Каралеўства Францыя Франсуа Луі дэ Шато-Рэно
Каралеўства Францыя Ан Іларыён дэ Турвіль
Каралеўства Францыя Жан Бар
Якаў II

Сілы бакоў
каля 250 тыс. чал.,
275 караблёў[4]
каля 440-450 тыс. чал.[5],
221 карабель[6]
Агульныя страты
680 тыс. чал.
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Вайна Аўгсбургскай лігі, вядомая таксама як вайна Вялікага альянсу, вайна за Пфальцкую спадчыну, вайна за Англійскую спадчыну, Арлеанская вайна і Дзевяцігадовая вайна — вайна паміж Францыяй і Аўгсбургскай лігай у 16881697 гадах.

Вайна ішла не толькі ў кантынентальнай Еўропе, але і ў Паўночнай Амерыцы (Вайна караля Вільгельма), а таксама ў Ірландыі (Вайна двух каралёў), Шатландыі (Якабіцкае паўстанне ў 1689—1690 гадах) і Гвінеі (сутычкі французаў з галандцамі і брандэнбуржцамі).

Перадгісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У 1685 годзе памёр пфальцкі курфюрст Карл II з дынастыі Вітэльсбахаў. Яго сястра Лізелота была ў шлюбе з герцагам Арлеанскім, братам французскага караля Людовіка XIV. Людовік XIV, паспяхова скончыўшы ў 1679 годзе Німвегенскім мірам Галандскую вайну, стаў яшчэ больш магутным; гэтую магутнасць ён працягваў накіроўваць на ўзмацненне Францыі на шкоду суседнім дзяржавам. Смерць курфюрста дала падставу Францыі прэтэндаваць на большую частку Курпфальца, хоць у свой час, пры заключэнні шлюбнага кантракту, Лізелота адмовілася ад прэтэнзій на гэтыя землі.

Пад маркай абароны інтарэсаў жонкі свайго брата Людовік загадаў дафіну з 80 000 арміяй перайсці Рэйн. Гэты крок падвяргаў небяспекі нямецкія землі і прыводзіў да ўзмацнення Францыі ў Цэнтральнай Еўропе, таму прынц Вільгельм Аранскі, непрымірымы і найбольш магутны праціўнік Людовіка, утварыў 9 ліпеня 1686 года Аўгсбургскую лігу, да якой далучыліся імператар і найважнейшыя нямецкія князі і вобласці, а таксама Швецыя і Італія. Саюзнікі патрабавалі перадаць курфюрства наступнаму па старшынстве пфальцграфу з ліку Вітэльсбахаў — Філіпу Вільгельму Нойбургскаму.

Тым часам Людовік, жадаючы нанесці ўдар першым, умяшаўся ў спрэчкі, якія ўзніклі пры выбары кёльнскага архібіскупа, і, без абвяшчэння вайны, пачаў ваенныя дзеянні.

Ход вайны[правіць | правіць зыходнік]

Удзельнікі вайны Аўгсбургскай лігі. Сінім колерам паказаны члены Аўгсбургскай лігі, зялёным — Францыя

У верасні 1688 года Людовік XIV вырашыў увесці свае войскі ў Пфальц. Слабы корпус Буфлера без сур’ёзнага супраціўлення заняў у верасні 1688 года Кайзерслаўтэрн і Шпаер, у кастрычніку — Нойштат, Кройцнах, Вормс, Опенгайм, Бінген, Майнц, Трыр, Бон, Нойс і Кайзерсверт. Толькі Кобленц і Эрэнбрайтштайн аказалі супраціўленне, і Буфлеру прыйшлося абмежавацца іх бамбардзіраваннем. Дафін з 30 000 чалавек 5 кастрычніка 1688 года з’явіўся перад Філіпсбургам і 29 кастрычніка заняў яго. Гайдэльберг здаўся 24 кастрычніка, Мангейм 11 лістапада. Лятучыя французскія атрады даходзілі да Штутгарта і Аўгсбурга.

На Нідэрландскім тэатры, дзе амаль не было іспанскіх войскаў, Людовік абмежаваўся слабым корпусам маршала Юм’ера, які павінен быў авалодаць крэпасцямі на Маасе — Дзінанам і Юі. Усе астатнія французскія сілы, па плане Людовіка і яго ваеннага міністра Лувуа, меркавалася накіраваць для нанясення галоўнага ўдару ў Германіі. Аднак, хутка стала зразумела, што гэты план памылковы, таму што галандскі штатгальтар Вільгельм III Аранскі атрымаў магчымасць бесперашкодна высадзіцца з галандскай арміяй у Англіі для звяржэння з прастола караля Якава II, якога падтрымліваў Людовік. Пасля высадкі Вільгельма ў Англіі 15 лістапада 1688 года Якаў бег да Людовіка, які ў сувязі з гэтым і пачаў баявыя дзеянні супраць Англіі і Галандыі.

Пачынаючы баявыя дзеянні, кароль-сонца рабіў стаўку на тое, што аўстрыйцы ўгразлі ў Вялікай Турэцкай вайне, а Вільгельм Аранскі вышэй за ўсяго заклапочаны звяржэннем Сцюартаў з англійскага прастола. Аднак яго разлік не апраўдаўся — пасля перамогі пры Мохачы Габсбургі хутка завяршылі баявыя дзеянні на ўсходзе і сталі перакідваць свае сілы на захад, а Славутая рэвалюцыя бяскроўна прынесла Вільгельму англійскую і шатландскія кароны.

У 1689 годзе, дзякуючы старанням прынца Аранскага, ланцуг варожых дзяржаў, што акружала Людовіка XIV, стала яшчэ паўнешай. Еўрапейскія дзяржавы, акрамя Расіі, Рэчы Паспалітай, Партугаліі і Турцыі, далучыліся да лігі, таму апошняя атрымала назву Вялікага Саюза. Тым не менш, Людовік не падаў духам і выставіў 3 арміі: на правым флангу, на Рэйне, абапіраючыся на Філіпсбург і Майнц; на Мозелі і Маасе, абапіраючыся на Мон-Раяль і Люксембург, стаяў Буфлер; на левым флангу ў Фландрыі — Юм’ер і рэзервовы корпус Бюсі ў Латарынгіі павінен быў падтрымліваць далейшыя аперацыі.

Саюзнікі супрацьпаставілі Людовіку таксама 3 арміі: на правым флангу ў Нідэрландах — прынц Вальдэн з галандскімі, іспанскімі і нямецкімі войскамі, якія былі на ўтрыманні ў галандцаў; у цэнтры, на ніжнім Рэйне, курфюрст Фрыдрых III Брандэнбургскі з брандэнбургскімі, мюнстэрскімі і галандскімі войскамі, з мэтай выцесніць непрыяцеля з ніжняга Рэйна; на левым флангу, на верхнім Рэйне, курфюрст баварскі Максіміліян II і герцаг Карл V Латарынгскі з імператарскімі і імперскімі войскамі, з мэтай прыкрыць Швабію і Франконію і для авалодання заваяванымі французамі гарадамі, асабліва Майнцам.

Лувуа лічыў, што спусташэнне шырокай прыгранічнай паласы з’яўляецца лепшай абаронай супраць нападу, і французскія генералы атрымалі адпаведныя ўказанні для спусташэння Пфальца. Гэтыя варварствы павялічылі раздражненне саюзнікаў. 14 лютага адбылося абвяшчэнне вайны. Войскі саюза накіраваліся да Рэйна і вымусілі французаў пакінуць правы бераг, заняўшы Кёльн, Трыр і Лютых і разбіўшы маршала Юм’ера каля Валькура; герцаг Латарынгскі авалодаў Майнцам і Бонам. У красавіку пачатку ваенныя дзеянні Іспанія, у чэрвені — Англія. Тым не менш, французскі флот у ліпені атрымаў перамогу над англа-галандскім, а 1 ліпеня маршал Люксембург разбіў армію саюзнікаў пры Флёрусе.

Вільгельм Аранскі тым часам быў заняты ўціхамірваннем паўстання ў Ірландыі і спрэчкамі з галандскімі генеральнымі штатамі. Францыя арганізавала экспедыцыю ў Ірландыю для падтрымкі антыанглійскага паўстання, аднак бітва на рацэ Бойн (1690) хутка развеяла ілюзіі французаў наконт магчымасці англійскага нейтралітэту ў кантынентальнай кампаніі. Разам з тым спусташэнні і бясчынствы, учыненыя французамі ў Пфальцы, перапалохалі дробных нямецкіх князёў, якія рашылі, што іх вобласці стануць наступнай мішэнню французаў.

1690 год прайшоў на Рэйне і ў Германіі параўнальна спакойна. У канцы года Вільгельм склікаў у Гаазе кангрэс упаўнаважаных усіх дзяржаў, што ўваходзілі ў Вялікі Саюз. Вырашана было выставіць супраць Францыі яшчэ 220 тысяч. Але перш чым яны былі сабраны, маршал Буфлер аблажыў Монс. Вільгельм выступіў для яго вызвалення, але Монс паў у красавіку 1691 года. Крыху пазней французы намерваліся авалодаць Лютыхам; Вільгельм хоць і перашкодзіў гэтаму, але не змог вымусіць іх прыняць бітву, і кампанія скончылася малаважнай сутычкай пры Лезэ, у якой быў разбіты ар'ергард саюзнікаў, прынца Вальдэкскага. Што ж тычыцца дзеянняў на Рэйне, нямецкія войскі, узначаленыя, пасля смерці герцага Латарынгскага, курфюрстамі Баварскім і Саксонскім, бяздзейнічалі і не былі нават у стане перашкодзіць французам ізноў спустошыць Пфальц і спаліць Гайдэльберг.

Баявыя дзеянні ў Іспанскіх Нідэрландах і на поўначы Італіі насілі выматвальны характар і складаліся са знясільваючых манеўраў, разведзеных зацяжнымі, старанна падрыхтаванымі аблогамі. У чэрвені 1692 года маршалы Люксембург і Вабан авалодалі Намюрам і атрымалі 3 жніўня перамогу пры Стэнкерку, на поўнач ад Монса. У гэтых умовах найважнейшая роля належала не столькі палкаводцам, колькі мастацтву ваенных інжынераў накшталт Вабана і Кухарна. Адначасова французскі флот, хоць ён і быў большы за аб’ядны флот Англіі і Галандыі, панёс шэраг адчувальных паражэнняў (у тым ліку каля мыса Барфлёр 29 мая 1692 года).

У пачатку 1693 года вяліся толькі марскія аперацыі, удалыя для Францыі, што ж тычыцца сухапутных, то Вільгельм 29 ліпеня прайграў важную бітву пры Неервіндэне, не змог уварвацца ў Фландрыю і паспеў толькі ўзяць Юі. На Рэйне, з прычыны недахопу грашовых сродкаў і нязгоды германскіх князёў, працягвалася ранейшая бяздзейнасць.

У 1694 год пачаліся мірныя перамовы, але беспаспяхова, пасля чаго Вільгельм злічыў неабходным аслабіць Людовіка для аднаўлення спакою ў Заходняй Еўропе. Французскія каперы, якія распачалі сваю дзейнасць у 1691 годзе пад начальствам Жана Бара, працягвалі шкодзіць галандскаму гандлю. Сухапутныя дзеянні ішлі млява. У Германіі маркграф Бадэнскі Людвіг Вільгельм быў вымушаны перайсці да абароны; хоць французы і не змаглі авалодаць яго пазіцыямі, але і саюзнікі не былі ў стане трывала замацавацца ў Эльзасе. Галоўныя сілы абодвух бакоў знаходзіліся ў Нідэрландах, дзе французскімі войскамі камандавалі дафін Людовік і Люксембург, а саюзнымі — Вільгельм Аранскі; апошні сабраў войскі на рацэ Дзіль і намерваўся накіраваць удар на французаў, якія ўмацаваліся паміж Шэльдай і Лісам, з мэтай затым рушыць для аблогі Дзюнкерка; аднак, перамяшчэнні французскіх войскаў парушылі планы Вільгельма.

У 1695 годзе Вільгельм узяў Намюр на вачах у французскай арміі Буфлера, але апошні авалодаў Дзінанам і бамбардзіраваў Брусель. Англа-галандскі флот адказаў бамбардзіраваннем некалькіх французскіх портаў. Найбольш здольны з французскіх палкаводцаў, Люксембург, памёр, яго месца заняў Вільруа. Людовік быў стомлены вайною, якая заставалася безвыніковай, фінансы вычарпаліся, лепшыя генералы памерлі, у тым ліку Лувуа (1691 год); ён другі раз прапанаваў мір, але безвынікова. Ваенныя дзеянні ў Нідэрландах і на Рэйне працягваліся ў 1696 і 1697 гадах, але вяліся так млява, што, акрамя захопаў магазінаў, не было ніводнага сур’ёзнага прадпрыемства. Саюзныя флоты спусташалі берагі Францыі, каперы апошняй шкодзілі гандлю саюзнікаў.

Дзеянні ў Паўночнай Італіі[правіць | правіць зыходнік]

Больш паспяхова французы вялі ваенныя дзеянні ў Італіі і на граніцах Іспаніі. У Італіі маршал Каціна камандаваў слабымі французскімі сіламі (18 000 чалавек), з прычыны чаго герцаг Савойскі Віктар Амадэй II, карыстаючыся перасечанай мясцовасцю П’емонта і выгоднымі абарончымі пазіцыямі, мог спадзявацца тут на поспех. Не маючы ні вопыту, ні ваенных здольнасцей, герцаг тым не менш вырашыў дзейнічаць наступальна. Рушыўшы ў 1690 годзе ад Турына да рацэ По, ён перайшоў яе і ўступіў з французамі ў бой пры манастыры Стафардзе. Каціна атрымаў поўную перамогу, авалодаў крэпасцю Сузаю і заняў Савою.

У 1691 годзе маршал Каціна аблажыў крэпасці Вілафранку, Ніцу, Кані і інш., але прынц Яўген прыбыў на дапамогу да герцага Савойскага і вымусіў французаў адступіць за раку По.

У 1692 годзе герцаг Савойскі, узмацніўшы армію саюзнікамі да 50 000, уварваўся ў французскую вобласць Дафінэ, узяў Амбрэн, спаліў некалькі гарадоў і перайшоў назад за Альпы.

У 1693 годзе ён аблажыў горад Піньероль, але прыбыццё маршала Каціны вымусіла яго адступіць. Пры Марсальі ён быў вымушаны ўступіць у бой. Каціна атакаваў яго спачатку з фронту, а затым ударам у левы фланг вырашыў зыход бітвы на сваю карысць. Пасля гэтага ў Італіі да канца вайны не адбылося нічога важнага. Страціўшы надзею на перамогу ў вырашальнай бітве, Людовік адкрыў сепаратныя перамовы з савойцамі, якія завяршыліся ў чэрвені 1696 года мірным дагаворам.

Дзеянні ў Іспаніі[правіць | правіць зыходнік]

У Іспаніі, — у Каталоніі і ў Пірэнеях, — хоць ваенныя дзеянні таксама не адрозніваліся рашучасцю, але ішлі на карысць французаў. Нарэшце, агульная знямога падштурхнула абодва бакі сабрацца на кангрэс у Рэйсвейку. Людовік задаволіў Нідэрланды саступкаю некалькіх крэпасцей; Англію — абяцаннем прызнаць Вільгельма яе каралём, імператара Леапольда — вяртаннем Фрайбурга і Брызаха, замест Страсбура, а для застрашвання Іспаніі загадаў герцагу Вандома дзейнічаць больш рашуча ў Каталоніі. Вандом аблажыў Барселону, разбіў іспанцаў, якія прыбылі на яе вызваленне, і 27 жніўня заняў горад. Карл II паспешна пагадзіцца на ўсе патрабаванні Людовіка.

Паўночнаамерыканскі фронт[правіць | правіць зыходнік]

На тэрыторыі Паўночнай Амерыкі ваенныя дзеянні вяліся ў 1689—1697 гадах паміж Англіяй, якой у той час кіраваў кароль Вільгельм III Аранскі, і Францыяй. У англамоўнай літаратуры амерыканская частка Вайны за пфальцкую спадчыну атрымала назву Вайны караля Вільгельма (у гонар караля Вільгельма III Аранскага, які кіраваў у той час).

У баявыя дзеянні былі ўцягнуты французскія пасяленцы Канады і брытанскія каланісты Новай Англіі, а таксама іх індзейскія саюзнікі. Індзейцы ў цэлым падтрымлівалі французаў. Вайна складалася з кровапралітных і маларэзультатыўных рэйдаў французскіх і англійскіх каланістаў, якія змагаліся галоўным чынам за кантроль над пушным гандлем з індзейцамі і раёнамі рыбалоўства вакол Акадыі (цяпер Новая Шатландыя) і Ньюфаўндленда.

Англічане захапілі Порт-Роял у Акадыі, але ім не ўдалося ўзяць Квебек. Французы пад камандаваннем графа Франтэнка паспяхова дзейнічалі ў бітве пры Скенектады каля Нью-Ёрка, але не змаглі авалодаць Бостанам.

Зыход[правіць | правіць зыходнік]

Карта Еўропы паводле Рэйсвейкскага мірнага дагавора. Такія граніцы захоўваліся да Вайны за іспанскую спадчыну (1701—1714)

Пасля выхаду з вайны савойцаў астатнія члены Вялікага альянсу пагадзіліся сесці за стол перамоў. У верасні 1697 года быў падпісаны Рэйсвейкскі мірны дагавор. Паводле яго ўмоў Людовік XIV захоўваў за сабой Ніжні Эльзас і Страсбур, якія пераходзілі ў вечнае валоданне Францыі замест 20 гадоў, якія былі пастаўлены Рэгенсбургскім мірам 1684 г. Таксама каралю Францыі вярталіся Пандычэры і Акадыя, Сан-Дамінга было прызнана афіцыйна яго ўладаннем. Вярнуўшы Латарынгію яе законнаму ўладальніку, кароль Францыі захаваў за сабой крэпасці Лангві і Саарлуі, а таксама права праходу для сваіх войскаў. Францыя вяртала імперыі Філіпсбург, Кёль і Брыз, а таксама прызнала Вільгельма III каралём Англіі. Францыя атрымала піраву перамогу, і баланс 1697 года застаўся станоўчым для яе. Разам з тым пытанне аб успадкоўванні іспанскага прастола не быў вырашаны. Усяго праз 4 гады баявыя дзеянні паміж старымі праціўнікамі аднавіліся ў форме Вайны за іспанскую спадчыну.

Высновы[правіць | правіць зыходнік]

Дадзеная вайна адлюстроўвае ў сабе асаблівасці тагачаснага ваеннага мастацтва і поглядаў на вядзенне вайны, што панавалі тады. Магазінная сістэма забеспячэння войскаў, якая злучала ініцыятыву і свабоду дзеянняў палкаводца, не давала магчымасці імкнуцца да знішчэння жывой сілы непрыяцеля; неабходным следствам новай сістэмы харчу стала нязначнасць задач і абмежаванасць мэт, што зводзіліся да заняцця памежных абласцей, да захопу непрыяцельскіх магазінаў і да авалодання крэпасцямі. Вайна зводзілася да манеўраў. Не імкнучыся да рашучых дзеянняў, не дасягалі і рашучых вынікаў; войны цягнуліся гадамі, бескарысна вычэрпваючы сродкі краіны.

Зноскі

  1. Даты прыведзены па Грыгарыянскім календары. У Англіі, Шатландыі, Ірландыі і брытанскіх калоніях да 1752 года выкарыстоўваўся Юліянскі каляндар.
  2. гл. Якабіцкае паўстанне ў Шатландыі (1689—1690)
  3. гл. Вялікая Турэцкая вайна
  4. Агульная колькасць англійскага і галандскага флотаў, у т.л. 100 англійскіх і 69 галандскіх лінейных караблёў (Паркер і інш.: Кембрыджская ілюстраваная гісторыя войнаў, стар. 128.).
  5. Намінальная колькасць. У рэчаіснасці агульная колькасць французскіх войскаў трохі перавышала 350 тыс. чал. (Дзюпуі: Энцыклапедыя ваеннай гісторыі Колінза, 4-е выд. стар. 580.).
  6. Максімальная колькасць французскага флоту ў 1693 годзе, у т.л. 93 лінейных карабля (Паркер і інш.: Кембрыджская ілюстраваная гісторыя войнаў, стар. 128.).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]