Перайсці да зместу

Вайна за незалежнасць Алжыра

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вайна за незалежнасць Алжыра
Асноўны канфлікт: Халодная вайна
Байцы ФНВ.
Байцы ФНВ.
Дата 1 лістапада 195419 сакавіка 1962
Месца Французскі Алжыр
Вынік перамога ФНВ
Праціўнікі
 Францыя
пры падтрымцы:
 НАТА
ФНВ
пры падтрымцы:
шэраг сацыялістычных краін
Трэцяя сіла:
СУА (1961—1962)

пры падтрымцы:
Іспанія Франкісцкая Іспанія[1]

Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Вайна за незалежнасць Алжыра — узброены канфлікт на тэрыторыі Французскага Алжыра.

Перадгісторыя

[правіць | правіць зыходнік]

У апошнія дні рэстаўрацыі Бурбонаў французскі манарх Карл X, які паспрабаваў павялічыць сваю папулярнасць сярод народа, асабліва ў Парыжы, дзе было шмат ветэранаў напалеонаўскіх войнаў, уварваўся ў Алжыр. Яго мэтай было ўмацаваць пачуццё патрыятызму і адцягнуць увагу ад няўмелай унутранай палітыкі[2].

Канчаткова краіна была захоплена ў 1847 годзе. З 1848 года Алжыр быў абвешчаны часткай Францыі, падзелены на дэпартамэнты на чале з прэфектам і французскім генерал-губернатарам. У калоніі адбылася серыя паўстанняў, але французы іх паспяхова задушылі.

Пасля Першай сусветнай вайны ў Алжыры пачаў развівацца нацыянальна-вызваленчы рух. Адна частка мясцовых інтэлектуалаў выказвалася за пашырэнне аўтаноміі, іншая жадала поўнай незалежнасці. Пасля Другой сусветнай патрабаванні аб змене існага становішча калоніі ўзмацніліся[3].

Згодна з прынятым у 1865 годзе кодэксам паводзін, алжырцы заставаліся суб’ектамі мусульманскага заканадаўства і маглі быць набраныя ў армію; яны таксама маглі зрабіць запыт на атрыманне французскага грамадзянства. У рэчаіснасці ж атрыманне грамадзянства для алжырцаў было вельмі цяжкім, з прычыны чаго да сярэдзіны XX стагоддзя яго мелі толькі прыкладна 13% карэннага насельніцтва. Такім чынам, 87% алжырцаў мелі толькі грамадзянства Французскага саюза, але не мелі французскага грамадзянства, адпаведна не маглі займаць высокія дзяржаўныя пасады, служыць у некаторых дзяржаўных установах і органах[4].

У той жа час на тэрыторыі краіны пражывала каля мільёна французскіх каланістаў (вядомых як франкаалжырцы, калоны або пье-нуары — «чарнаногія»), якім належала 40% апрацоўваных алжырскіх зямель. У пье-нуараў былі самыя ўрадлівыя і зручныя для апрацоўкі ўчасткі. Рабочыя-алжырцы атрымлівалі меншую заработную плату, чым пье-нуары, нават за аднолькавую працу. 75% алжырцаў былі непісьменнымі[5].

Ваенныя дзеянні

[правіць | правіць зыходнік]

Пачатковы этап вайны

[правіць | правіць зыходнік]
Байцы французскага спецпадраздзялення ў Алжыры.

Баявыя дзеянні пачаліся ў 1954 годзе. Супраць французскай каланіяльнай адміністрацыі выступіла групоўка «Фронт нацыянальнага вызвалення» (ФНВ).

Партызанскія атрады ФНВ на працягу практычна ўсёй вайны не змаглі правесці ніводнай маштабнай аперацыі[6]. Яны рэдка дзейнічалі сіламі больш за роту[7]. Паўстанцы ладзілі засады, напады на невялікія гарнізоны, акты сабатажу. Узровень іх тактычнай падрыхтоўкі заставаўся невысокім. Больш эфектыўнай для паўстанцаў была гарадская герылья. Асноўныя базы баевікоў знаходзіліся ў Тунісе і Марока[6].

На пачатковым этапе французская армія прадэманстравала дзіўную немагчымасць здабываць урокі з папярэдніх войнаў. Вайна ў Індакітаі, такая ж контрпартызанская, як і ў Алжыры, паказала неабходнасць вядзення манеўранай вайны. Замест гэтага французскае камандаванне вырашыла зрабіць стаўку на колькасную і тэхнічную перавагу. Так, напрыклад, была прыцягнута цяжкая бранятэхніка, якая была карысная толькі пры абароне гарнізонаў. Аднак у гарах Атлас ад танкаў, як і ад цяжкой артылерыі, было мала толку. Пастаяннае павелічэнне войск у калоніі (да 1958 года агульная колькасць вайскоўцаў і сілавікоў склала 500 тысяч чалавек плюс фарміраванні самаабароны з мясцовых французаў), не дапамагло кардынальна змяніць сітуацыю[8].

Перагляд французскай тактыкі

[правіць | правіць зыходнік]
Карта пагранічных загараджальных ліній.
Адзін з участкаў лініі Марыса.

Вайна ў Алжыры стала сур’ёзнай праблемай для Парыжа і прыцягнула ўвагу сусветнай грамадскасці. Стагнацыя сітуацыі прымусіла французскае камандаванне, нарэшце, перайсці да манеўранай вайны. У сувязі з гэтым ваенная адміністрацыя распрацавала тактыку квадрыльяжа (літ. «разбітыя на квадраты»). Краіна была падзелена на раёны (квадраты), кожны з якіх быў замацаваны за пэўным воінскім падраздзяленнем. За правядзенне мабільных аперацый адказвалі парашутныя часці і Замежны легіён. Яны патрулявалі зоны партызанскай актыўнасці, суправаджалі канвоі, іх аператыўна перакідвалі для падтрымкі. Пэўныя поспехі прынесла прыцягненне калабарацыяністаў «Харкі». Гэтыя сілы, набраныя з алжырцаў, абаранялі свае паселішчы ад баевікоў ФНВ[9][10].

На мяжы былі створаны загараджальныя лініі, каб перашкодзіць аперацыям ФНВ з тэрыторый суседніх краін. Яны ўяўлялі сабой камбінацыю загарод з калючага дроту, мінных палёў і электронных сэнсараў, якія дазвалялі выявіць спробу прарыву і своечасова перакінуць войскі на пагражальны ўчастак. Найбольшую вядомасць атрымала лінія на туніскай мяжы, празваная «лініяй Марыса» па імені тагачаснага міністра абароны. Усю першую палову 1958 года байцы ФНВ спрабавалі прарваць пагранічныя збудаванні, але толькі панеслі цяжкія страты[6].

У лютым 1959 года прэзідэнт Францыі Шарль дэ Голь аддаў загад на правядзенне генеральнага наступлення супраць партызан. Гэтая серыя аперацый, якімі кіраваў камандуючы войскамі ў Алжыры генерал Марыс Шаль, працягвалася да вясны 1960 года. Іх сутнасць складалася ў маштабных зачыстках. Парашутысты і легіянеры прачэсвалі раёны, блакаваныя армейскія часці. Шырока ўжываліся верталёты і штурмавая авіяцыя. ФНВ страціў у баях палову свайго каманднага складу. Аднак паўстанцкі рух не быў цалкам здушаны, а працяг вайны станавіўся ўсё больш бесперспектыўным для Францыі[11].

Ультраправы тэрарызм

[правіць | правіць зыходнік]
Французская дэманстрацыя супраць ультраправага тэрору.

Французскае кіраўніцтва з цягам часу зразумела, што калонія ўсё ж такі будзе страчана. У верасні 1959 года дэ Голь упершыню публічна заявіў пра права алжырцаў на самавызначэнне, што, вядома, незадавальняла ўльтраправыя французскія сілы. 8 студзеня 1961 года быў праведзены рэферэндум па пытанні пра лёс Алжырскай праблемы. За наданне незалежнасці выказаліся 75% удзельнікаў апытання[12].

Улетку 1961 года актыўныя баявыя дзеянні практычна завяршыліся, так як абодва бакі ўжо не бачылі ў іх сэнсу; працягваліся толькі дробныя сутычкі. На гэтым фоне ўльтраправыя французы, якія жадалі захаваць Алжыр французскім, перайшлі да тэрарызму. З пачатку года дзейнічала Сакрэтная ўзброеная арганізацыя, баевікі якой забівалі як алжырцаў, так і французаў. Да канца лютага 1962 года групоўка за дзесяць месяцаў правяла 5000 замахаў у Алжыры і 657 у Францыі. На 12 красавіка спіс ахвяр тэрарыстаў у калоніі налічваў 239 еўрапейцаў і 1383 араба[13].

Вясной 1961 года аднавіліся перамовы паміж французскімі ўладамі і ФНВ. 19 сакавіка 1962 года былі падпісаны Эўянскія пагадненні, якія завяршылі вайну і адкрылі Алжыру шлях да незалежнасці. На красавіцкім рэферэндуме 91% французаў выказаліся ў падтрымку пагадненняў. 5 ліпеня Алжыр абвясціў аб незалежнасці[14].

Адразу пасля завяршэння вайны пачаліся ганенні на франкаалжырцаў. Палітыку маладой дзяржавы ў той перыяд характарызуюць высунутым кароткім лозунгам «Чамадан або труна»[15]. У першыя ж месяцы пасля падпісання перамір’я каля 1 млн пасяленцаў пакінулі сваю радзіму, эміграваўшы ў Францыю. У горадзе Аран алжырцамі была ўчынена разня. Падчас гэтай трагедыі 153 француза загінулі альбо прапалі[16].

Колькасць ахвяр вайны з цяжкасцю паддаецца ацэнцы. Страты французскай арміі адразу пасля завяршэння вайны былі ацэнены ў 18 тыс. загінулых; менавіта гэта лічба найбольш распаўсюджаная. Некаторыя крыніцы прыводзяць больш высокія ацэнкі — ад 25 да 35 тыс. загінулых[17]. Грунтуючыся на пенсіях, выплачаных сем’ям загінулых партызан, гісторык Бенжамен Стора дае лічбу прыблізна ў 150 000 забітых байцоў ФНВ[18]. Таксама забіта ад 15 да 30 тыс. «хакі»[18].

Паводле афіцыйнай французскай статыстыкі, у ходзе вайны было забіта і прапала без вестак 3300 пье-нуараў[19].

Што тычыцца грамадзянскага насельніцтва, з улікам працэсу параўнання па пірамідзе ўзростаў, французскія гісторыкі ацэньваюць колькасць загінулых падчас вайны алжырцаў ад 300 000 і 400 000 (каля 3% насельніцтва)[20]. Алжырскія крыніцы выкарыстоўваюць лічбы ад 1 мільёна да 1,5 мільёна загінулых і 3 мільёны алжырцаў, перамешчаных у канцлагеры[21], але большасць сучасных гісторыкаў лічыць гэтую лічбу завышанай[22].

  1. Les racines franquistes du putsch. Архівавана з першакрыніцы 30 чэрвеня 2020. Праверана 30 чэрвеня 2020.
  2. Algeria, Colonial Rule. Encyclopædia Britannica. Encyclopædia Britannica. Праверана 19 снежня 2007.
  3. Windrow, Chappel. С. 6—7.
  4. Вооруженная борьба народов Африки за свободу и независимость / под ред. Тягуненко В. Л.. — М.: Наука, 1974. — С. 168.
  5. Martin Windrow, Mike Chappel. The Algerian War 1954-62. — Osprey Publishing/Men-at-Arms, выпуск № 312, 1997. — С. 4.
  6. а б в Коновалов, с. 11
  7. Windrow, Chappel. С. 14—15.
  8. Коновалов, с. 10
  9. Windrow, Chappel. С. 17, 19.
  10. Коновалов, с. 10-11
  11. Коновалов, с. 11-12
  12. BBC on this day. 8 January. Архівавана з першакрыніцы 8 красавіка 2008. Праверана 12 мая 2008.
  13. Жаринов К. В. Терроризм и террористы. — Мн.: Харвест, 1999. — С. 289.
  14. Principal Dates and Time Line of Algeria 1961—1962. Архівавана з першакрыніцы 24 ліпеня 2008. Праверана 12 мая 2008.
  15. John Elson. Epic Terror. Time, May 22, 1978(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 24 красавіка 2008. Праверана 13 мая 2008.
  16. KILLED AND MISSING PERSONS IN THE ORAN MASSACRE (фр.). Архівавана з першакрыніцы 2 лютага 2016. Праверана 4 кастрычніка 2023.
  17. Windrow, Chappel. С. 3; Secondary Wars and Atrocities of the Twentieth Century Архівавана 20 лютага 2011.
  18. а б Benjamin Stora, Les mots de la guerre d’Algérie, éd. Presses Universitaires du Mirail, 2005, p. 24; выдержка в Интернете по адресу [1]
  19. Secondary Wars and Atrocities of the Twentieth Century. Архівавана з першакрыніцы 20 лютага 2011. Праверана 13 мая 2008.
  20. Benjamin Stora, Les mots de la guerre d’Algérie, éd. Presses Universitaires du Mirail, 2005, p. 24; выдержка в Интернете по адресу: [2]
  21. Libre Algérie : 1986—1988, Jacques Simon, стр. 32; выдержка в Интернете по адресу: [3]
  22. Windrow, Chappel. С. 3.
  • Windrow, Chappel. Вооруженная борьба народов Африки за свободу и независимость / под ред. Тягуненко В. Л.. — М.: Наука, 1974. — С. 170.
  • Коновалов, И.П. (2012). Африканские войны современности. Пушкино: Центр стратегической конъюнктуры. p. 98. ISBN 978-5-906233-01-1.