Вайна за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы
Вайна за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы (1810—1826) — вайна, якая прывяла да незалежнасці ад Іспаніі яе амерыканскіх калоній: сучасных Мексікі, Венесуэлы, Перу, Чылі, Балівіі, Аргенціны і іншых.
Перадгісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Вайна была выкліканая незадаволенасцю шырокіх слаёў насельніцтва палітыкай метраполіі: шырокімі забаронамі, дыскрымінацыяй, высокімі падаткамі, якія марудзілі эканамічнае развіццё калоній. Пачатку вайны спрыяла таксама абуджэнне нацыянальнай самасвядомасці, уплыў вайны за незалежнасць ЗША, Вялікай французскай рэвалюцыі, паўстання рабоў у Сан-Дамінга (1791—1803).
Элітай калоній былі чыноўнікі, генералы і афіцэры, дасланыя з Іспаніі, якія з пагардай ставіліся да нашчадкаў больш ранніх выхадцаў з Іспаніі — крэолаў. Іх не дапускалі да вышэйшых адміністрацыйных пасад.
Крэолы абураліся, што іспанскія ўлады забаранялі калоніям гандляваць з іншымі краінамі, што дазваляла іспанскім гандлярам завышаць кошты на свае тавары. Вялікабрытанія хацела дамагчыся ад Іспаніі свабоды для свайго гандлю ў яе калоніях. Таму крэолы спадзяваліся на яе падтрымку ў барацьбе з іспанскімі ўладамі.
Сярод удзельнікаў вызвольнага руху існавалі розныя інтарэсы і напрамкі. На чале вызвольнага руху ўсталі афіцэры з крэолаў-дваран. Аднак самай радыкальнай сілай вызвольнага руху былі сяляне і рамеснікі, якія паходзілі з індзейцаў і метысаў, якія хацелі вызваліцца ад прыгнёту, стаць ўласнікамі сваёй зямлі, а таксама негры-рабы, якія разлічвалі атрымаць свабоду.
Штуршком да пачатку вайны паслужылі падзеі ў Іспаніі ў 1808 годзе, якія рушылі следам за уварваннем войскаў Напалеона, што прывяло да залежнасці краіны ад Францыі. У 1809 адбыліся хваляванні ў Чукісацы (цяпер Сукрэ), Ла-Пасе і іншых раёнах Верхняга Перу (цяпер Балівія), у Кіта, узнікла антыіспанская змова ў Вальядалідзе (цяпер Марэл, Мексіка). Хоць паўстанцы нідзе не дасягнулі поспеху, сітуацыя ў калоніях рэзка абвастрылася. Весткі пра паразу іспанскіх войскаў у метраполіі (пачатак 1810) і акупацыі большай часткі краіны французамі з'явіліся сігналам да ўзброеных выступленняў у іспанскай Амерыцы.
Ход вайны
[правіць | правіць зыходнік]Вайна пачалася паўстаннямі ў асноўных адміністрацыйных цэнтрах — Каракасе, Буэнас-Айрэсе, Багаце і іншых. Паўстанцы, якія называлі сябе патрыётамі, атрымалі буйныя перамогі ў Венесуэле, Мексіцы і Ла-Плаце. Аднак да канца 1815 іспанцам атрымалася амаль паўсюдна аднавіць сваё панаванне.
У 1816 пачаўся другі этап вайны. Войскі пад кіраўніцтвам Сімона Балівара вызвалілі ад іспанскага панавання ў 1819 Новую Гранаду, у 1821 Венесуэлу, ў 1822 Кіта, пад кіраўніцтвам Хасэ дэ Сан-Марціна — у 1816 Ла-Плату, у 1818 Чылі, у 1821 Ніжняе Перу. У 1821 было ліквідавана іспанскае панаванне ў Мексіцы, у 1824—1826 пад кіраўніцтвам Сукрэ былі разбітыя апошнія іспанскія гарнізоны ў Верхнім Перу.
У выніку вайны ўсе іспанскія калоніі ў Амерыцы, акрамя Кубы і Пуэрта-Рыка, атрымалі незалежнасць.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Torrente M. Historia de la revolucion Hispano-Americana. Madrid, 1829 — 30. T. 1-3.
- Calvo C. Anales historicos de la revolucion de la America Latina. Paris, 1864 — 67. T. 1-5.
- El movimiento emancipador de Hispanoamerica. Caracas, 1961. T. 1-4.
- El pensamiento constitucional hispanoamericano hasta 1830. Caracas, 1961. T.1-5.
- Anna T. E. Spain and the Loss of America. Lincoln; London, 1983. Las actas de independencia de America. Washington, 1955.