Вакольны горад (Пінск)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Вакольны горад, Пінск)
Пінскае гарадзішча на плане Пінска 1794 г. (РДВГА).

Вакольны горад — гістарычны пасад Пінска, прымыкаў да дзяцінца паўкальцом шырынёй больш за 100 м з усходняга, паўночнага і заходняга бакоў, з поўдня ўпіраўся ў р. Піна. Яго межы прасочаны паводле плана 1794 года, рэльефу мясцовасці, пашырэння культурнага пласта і інш. Даследавалі ў 1955 і 1957 гадах Т. У. Раўдзіна, у 19601964 гадах Я. І. Бібікаў і Б. В. Міралюбаў, у 19631964 гадах П. Ф. Лысенка. Абарончыя збудаванні прасочаны ў археалагічных раскопках 1955, пры будаўнічых работах у 1958, 1961, 1963. Яны складаліся з вала і рова, найбольш поўна захаваліся з паўночнага боку вакольнага горада. За нешырокім (6—7 м), але глыбокім (да 4 м) ровам на выкідзе з яго зямлі былі пабудаваны драўляныя сцены зрубнай канструкцыі (прасочаны бярвёны 10 вянкоў пярэдняй і 5 вянкоў задняй сценкі), што ішлі ўздоўж вала. Пазней тройчы рабілі падсыпку пласта гліны, пасля гэтага насыпалі магутны земляны вал шырынёй у аснове да 30 м, вышынёй 7-8 м, пярэдні схіл якога быў абліцаваны сырой глінай. Блізкія да яго памеры меў вал і з заходняга боку. Спераду вала быў роў, які ў катлавіне 1963 меў шырыню да 35 м і глыбіню да 7 м (рэканструкцыя па профілі). Планіроўка забудовы прасочана раскопкамі 1963 і назіраннямі за будаўнічымі работамі 19631964 гадоў. На тэрыторыі вакольнага горада прасочаны 2 вуліцы, якія ішлі ў радыяльным напрамку, і 2 кальцавыя вуліцы, паралельныя валу. Вулічныя маставыя, дваровыя комплексы і пабудовы звычайна размяшчаліся на адным і тым жа месцы на працягу 6-7 будаўнічных ярусаў (трапляюцца да 9 ярусаў). Пабудовы размяшчаліся рэдка, двары даволі вялікія па памерах.

Каменны абразок Спас Эмануіл XII ст., выяўлены на тэрыторыі вакольнага горада Пінска

У агароджаны парканам двор уваходзілі жылыя і гаспадарчыя пабудовы, двор часткова вымошчвалі насцілам з дошак або тонкіх бярвён. Характэрным тыпам жытла былі наземныя аднакамерныя пабудовы зрубнай канструкцыі плошчай каля 16 м². Іх рубілі ў просты вугал, злучальныя чашкі і пазы паміж вянкамі высякалі ў верхняй частцы бярвён. Дашчаную падлогу клалі на 2—3 лагі, усечаныя паміж 2-м і 3-м вянкамі. Падмуркамі часта служылі ніжнія вянкі папярэдніх пабудоў, у некаторых жытлах выяўлены развалы глінабітных печаў. У час раскопак знойдзены прылады працы (зубіла, прабойнікі, долаты, свярдзёлак, верацёны, прасліцы, абломак касы, акоўка рыдлёўкі, сашнік, сярпы), узбраенне і рыштунак конніка (наканечнікі стрэл, шпоры), прадметы ўжытку (ключы, замкі, нажы, дужкі ад вёдзер, спражкі, падкоўкі, цвікі і інш.), упрыгажэнні (фрагмент бронзавага абразка-складня, бронзавыя, сярэбраныя і шкляныя бранзалеты, фібула, кольца з заходзячымі канцамі, абломак нацельнага крыжа), касцяныя вырабы (дзяржанні, накладкі, утулкі, граблі, гузікі, наканечнікі, розныя загатоўкі і паўфабрыкаты), рэшткі скураных вырабаў (абутак, похвы, футаралы, кашалькі), вырабы з дрэва (рыдлёўкі, вёслы, лыжкі, грабяні, бандарнае начынне), фрагменты ганчарнай керамікі і інш. Знаходкі сведчаць пра тое, што гараджане займаліся жалезаапрацоўчым, ювелірным, касцярэзным, гарбарным, ганчарным, дрэваапрацоўчым і інш. рамёствамі, гандлем, а таксама земляробствам, жывёлагадоўляй, паляваннем, рыбалоўствам, хатнімі промысламі (прадзенне, ткацтва). Знаходкі з ранніх пластоў вакольнага горада сведчаць пра ўзнікненне яго ў XI ст.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]