Перайсці да зместу

Валун

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Валун
Выява
Дыяметр 25,6 см
Дэ-юрэ на падставе ISO 14688[d]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Валун — круглаваты, абточаны воднай і паветранай эрозіяй або падчас перасоўвання несцэментаваны кавалак горнай пароды, натуральны камень памерамі болей за 10 см[1]. У Літве і Польшчы мінімальным памерам лічаць 20 см[крыніца?], паводле міжнароднага стандарту ISO 14688 — 25,6 см.

Назва паходзіць ад праславянскага *valъ і блізкая з вал і дзеясловамі валіць і валяць[1]. Большыя за 1 м валуны называюць глыбамі або камлыгамі[1].

Утвараюцца выветрываннем, разбуральнай дзейнасцю мораў, азёр, рэк, ледавікоў і іх талых вод, пры апаўзанні кавалкаў горных парод па схілах гор.[1]

Найбольш пашыраны ў паверхневых ледавіковых утварэннях значнай часткі Паўночнай Амерыкі і Еўразіі ў вобласці мацерыковых аледзяненняў плейстацэну. Уваходзяць у склад марэны. Ледавіковыя («эратычныя» ад лац.: erraticus — блукаючы або вандроўныя) валуны трапляюцца па ўсёй тэрыторыі Беларусі, найбольш на канцова-марэнных узвышшах. У Беларусь прынесены ад 600 тысяч да 18 тысяч гадоў да нашай эры з Балтыйскага шчыта, паўночнага захаду Рускай пліты.[1]

Памеры валуноў паступова памяншаюцца з поўначы да поўдню. У Беларускім Паазер’і велічыня валуноў дасягае 6—11 метраў, на Беларускай градзе — 5—8 метраў, на Беларускім Палессі — 1—3 метры. Каля 65—75 % вялікіх валуноў — граніты, 20—25 % — гнейсы, ёсць граніта-гнейсы, кварцыты, кварцавыя парфіры, даламіты і іншыя. Валуны рэдкіх горных парод, якія маюць абмежаванае карэннае месцазнаходжанне, адносяць да кіроўных, па іх вызначаюць кірункі руху старажытных ледавікоў.[1]

З валунамі звязаны архетыпічны язычніцкі культ каменя, пра што сведчаць іх назвы (Пярун, Вялес, Дажбогаў, Святы камень і іншыя) і легенды, ім пакланяліся да нядаўняга часу — прыносілі ў ахвяру ежу і напоі, звярталіся з просьбамі дапамогі. Валуны служылі ахвярнікамі на капішчах (свяцілішчах), з іх стваралі прымітыўныя сельскагаспадарчыя «календары» або «абсерваторыі» (напрыклад, меркаванае свяцілішча Янова). З хрысціянскіх часоў захаваліся Даўгінаўскі крыж-стод, Крыж Стэфана Баторыя, крыжы-абярогі і іншыя.[1] Некаторыя валуны з ХІХ стагоддзя названы ў гонар герояў нацыянальна-вызваленчай барацьбы, аўтараў і персанажаў літаратуры рамантычнага перыяду (Камень Мацея Бурачка, Камень Міцкевіча, Камень філарэтаў, валуны на магілах паўстанцаў і месцах баёў паўстання 1863—1864 гадоў і іншыя). Многія паселішчы Беларусі называюцца Камень і падобна, ад вялікіх камянёў паблізу.

Многія валуны — помнікі эпіграфікі (напрыклад, Барысавы камяні, Рагвалодаў камень). Валуны выкарыстоўвалі ў будаўніцтве, у тым ліку абарончых збудаванняў, у брукаванні вуліц і іншым. У сучаснасці валуны выкарыстоўваюць у падмурках, як закладачны матэрыял у целе плацін, для вырабу друзу, як бутавы камень, для ўмацавання адхонаў, стварэння архітэктурных кампазіцый у парках і скверах і іншых мэт.[1]

Валуны значна перашкаджаюць земляробству. У сярэднім у Беларусі 9 % ворных зямель у рознай ступені завалунена, найболей у Дзятлаўскім раёне Гродзенскай вобласці (каля 70 % ворыва).[1]

У мінскім Музеі валуноў.

Вялікія і адметныя валуны могуць быць узяты пад ахову дзяржавай як помнікі прыроды (у Беларусі больш за 100 такіх камянёў).[1]

У Беларусі валуны даследуе Інстытут геалагічных навук НАНБ, пры ім створана Эксперыментальная база па вывучэнні ледавіковых валуноў (калекцыя больш за 2000 валуноў з розных рэгіёнаў Беларусі экспануецца на адкрытай пляцоўцы — у Музеі валуноў у Мінску).[1] Адзін з ініцыятараў стварэння музея — беларускі геолаг і краязнавец Эрнст Ляўкоў, які шмат гадоў вывучаў валуны, збіраў і сістэматызаваў старажытныя легенды і паданні пра іх па ўсёй Беларусі.

Найбуйнейшыя ў Беларусі

[правіць | правіць зыходнік]