Валянцін Акудовіч
| Валянцін Акудовіч | |
|---|---|
| Валянцін Акудовіч (2009) | |
| Асабістыя звесткі | |
| Дата нараджэння | 18 чэрвеня 1950 (75 гадоў) |
| Месца нараджэння | |
| Грамадзянства | |
| Альма-матар | |
| Месца працы | |
| Прафесійная дзейнасць | |
| Род дзейнасці | эсэіст, пісьменнік, пісьменнік-дакументаліст, філосаф, паэт |
| Мова твораў | беларуская |
| Прэміі | |
| Узнагароды | |
Валянці́н Васі́левіч Акудо́віч (нар. 18 чэрвеня 1950, Свіслач, Гродзенская вобласць) — беларускі філосаф, эсэіст, літаратурны крытык.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Працаваў экспедытарам на Свіслацкім хлебазаводзе (1967—1968), токарам, слесарам і інжынерам па металу на Мінскім маторным заводзе (1968—1969, 1970—1975). Служыў у Савецкай арміі (1969—1970), паранены аскепкам гранаты ў левае вока. Кіраўнік турысцкага гуртка ў Доме піянераў Заводскага раёна (1980—1981), працаваў вартаўніком (1981—1985, 1986) і лодачнікам на аўтатурбазе «Нарачанка» (1985). З 1986 намеснік дырэктара Мінскай школы турызму, у 1990 годзе перайшоў на кафедру спартыўнага турызму Беларускага філіяла інстытута турызму (старшы выкладчык). Майстар спорту СССР па спартыўным турызме.
Скончыў Літаратурны інстытут імя А. М. Горкага пры СП СССР у Маскве (1980), спецыяльнасць — літаратар.
У 1991—1999 гадах працаваў у штотыднёвіку «Культура» (рэдактар аддзела, першы намеснік галоўнага рэдактара). У 1999—2000 годзе быў рэдактарам аддзела філасофіі і замежнай літаратуры часопіса «Крыніца» і нейкі час штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». Па-за працай у дзяржаўных выданнях быў намеснікам галоўнага рэдактара філасофскага часопіса «Фрагменты», выкладаў у Беларускім калегіуме (з 2001 — куратар аддзялення філасофіі і літаратуры). Рэдактар філасофскага часопіса «Перекрёстки» (2004—2007) і куратар літаратурна-філасофскага часопіса «Паміж».
Ахрышчаны ў праваслаўнай царкве.
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Аўтар філасофскіх і літаратурна-мастацкіх кніг «Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека» (1998), «Разбурыць Парыж» (2004), «Дыялогі з Богам» (2006), «Код адсутнасці. Асновы беларускай ментальнасці» (2007), «Кніга пра нішто» (2012), «Прачнуцца ранкам у сваёй краіне» (2015), «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым» (2024).
Асобныя тэксты друкаваліся ў ЗША, Польшчы, Расіі, Чэхіі, Македоніі, Сербіі, Украіне, Літве, Башкірыі, Манголіі. Кніга «Дыялогі з Богам» перакладзеная на польскую мову (2008), а кніга «Код адсутнасці. Асновы беларускай ментальнасці» на літоўскую, рускую і нямецкую мовы.
Разам з Алесем Анціпенка ўклаў «Анталёгію сучаснага беларускага мыслення» (2003) і кнігу «Невядомая Беларусь» (2008).
«Код адсутнасці. Асновы беларускай ментальнасці»
[правіць | правіць зыходнік]«Код адсутнасці. Асновы беларускай ментальнасці» — гістарычны нарыс, упершыню апублікаваны ў 2007 годзе ў мінскім выдавецтве Логвінаў на беларускай мове[1]. Асновай тэксту стаў цыкл лекцый пра беларускі менталітэт, прачытаны аўтарам у Беларускім Калегіюме ў Мінску.
Галоўная тэма манаграфіі — пытанне беларускай ідэнтычнасці ў гістарычнай перспектыве. У кнізе аўтар разглядае праблемы беларускага этнанацыяналізму, спецыфікай якога называе стратыфікацыю на некалькі культурных ніш і адсутнасць кансалідацыі грамадства. На думку Акудовіча, менавіта гэтыя асаблівасці звязаныя з незвычайнай у еўрапейскім кантэксце пабудовай беларускай нацыі, а таксама асновай невыразнай нацыянальнай самасвядомасці.
Прычыны гэтага філосаф бачыць не толькі ў неспрыяльных геапалітычных умовах, але таксама ў дэфіцыце ўніверсальнага пагаднення аб сутнасці беларускай ідэнтычнасці і ў адносінах да канону нацыянальна-гістарычных міфаў. У якасці асноўнага фактару, які ўплывае на гэты дэфіцыт, аўтар разглядае дамінуючую ролю Расіі ў фарміраванні сацыяльных і культурных рэалій у Беларусі. Тым не менш, Акудовіч адмяжоўваецца ад аднабаковай ацэнкі ролі Расіі ў гісторыі крышталізацыі ідэі беларускасці. На яго думку гэта ў Расійскай Імперыі, а не ў Вялікім Княстве Літоўскім, стварыліся перадумовы для пазнейшых працэсаў пабудовы нацыі у цені русіфікацыі і паланізацыі.
«Калі б ВКЛ — пры ўсіх магчымых гістарычных трансфармацыях,— не страціла дзяржаўнасці да нашага часу, дык, напэўна, сёння мы б не мелі знаку ні сучаснай беларускай нацыі, ні беларускай мовы […].»[2]
Філосаф заклікае адмовіцца ад існуючых да нашага часу — бясплодных на яго думку — спроб пераазначэння беларускай ідэнтычнасці і гістарычнай памяці на ўзор цэнтральнаеўрапейскіх этнічных нацыяналізмаў маналітнага характару. На яго думку, патрэбна станоўчае стаўленне да гісторыі Беларусі і да працэсаў пабудовы беларускай нацыі sui generis замест шырока распаўсюджанай ацэнкі іх як «няўдалых». Мэту развіцця беларускай ідэнтычнасці спосабам характэрным для большасці еўрапейскіх народаў аўтар разглядае як памылковую і прапануе замяніць яе на свядомае паважанне гетэрагеннага характару беларускай культуры.
«Беларусь ніколі не будзе толькі беларускай, але і ніколі яна не будзе толькі расійскай ці польскай […].»[3]
У сваёй кнізе Акудовіч заклікае да цвярозага падыходу ў адносінах да пытанняў нацыянальнай ідэнтычнасці, а таксама да разгляду ідэі беларускай дзяржавы ў кантэксце грамадства палітычнага, а не этнічнага.
Кніга была перакладзеная на рускую і нямецкую мовы. У 2006 годзе кніжка атрымала літаратурную прэмію «Гліняны Вялес». Усёабдымны агляд апублікаваны на старонках нямецкага гістарычнага партала «H-Soz-Kult»[4].
Прэміі і ўзнагароды
[правіць | правіць зыходнік]- Медаль «За воінскую доблесць» (1970).
- Лаўрэат прэміі штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва» (1993),
- Лаўрэат прэміі часопіса «Крыніца» (1995),
- Лаўрэат прэміі Беларускага гуманітарнага цэнтра (1997),
- Лаўрэат прэміі Беларускага ПЭН-цэнтра (Прэмія імя Алеся Адамовіча) (2001),
- Лаўрэат прэміі літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес» (2007),
- Лаўрэат прэміі «Залатая літара» (2012).
- Галоўны прыз літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця (2024) за кнігу «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым».
Паходжанне прозвішча
[правіць | правіць зыходнік]Свіслацкае прозвішча Акудовіч мяркуецца ад старажытнабалцкага двухасноўнага імені тыпу A-kudas. Было таксама старое свіслацкае Акудэль, з утваральнікам -el-[5].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Код адсутнасці . Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка Kamunikat.org. Праверана 25 снежня 2023.
- ↑ Акудовіч, Валянцін: Код адсутнасці. Асновы беларускай ментальнасці. С. 36.
- ↑ Акудовіч, Валянцін: Код адсутнасці. Асновы беларускай ментальнасці. С. 126.
- ↑ Valentin Akudowitsch. V. Akudowitsch: Der Abwesenheitscode // Der Abwesenheitscode. — Berlin: Suhrkamp Verlag, 2013. — ISBN 978-3-518-12665-3.
- ↑ Алесь Мікус. Вітаўты і Вітарты: Двухасноўныя імёны старабалцкага тыпу на ўсходзе. — М., 2025. — С. 212.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Акудовіч Валянцін // Выдавецтва Галіяфы: Афіцыйны сайт — Эл.рэсурс goliafy.com
- Бабкоў І. Валянцін Акудовіч: (артыкул для слоўніка) // Паміж № 1, 2001.
- Сучасная беларуская проза. Традыцыі і наватарства. Анталогія. — Мн.: Сэр-Віт, 2003.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Выбраныя творы В. Акудовіча — Эл.рэсурс knihi.com
- Валянцін Акудовіч чытае свае творы на Літаратурным радыё Архівавана 13 лістапада 2011.
- Нарадзіліся 18 чэрвеня
- Нарадзіліся ў 1950 годзе
- Нарадзіліся ў Свіслачы
- Выпускнікі Літаратурнага інстытута імя А. М. Горкага
- Супрацоўнікі газеты «Культура»
- Супрацоўнікі газеты «Літаратура і мастацтва»
- Выкладчыкі Беларускага Калегіюма
- Лаўрэаты прэміі імя Алеся Адамовіча
- Лаўрэаты прэміі «Гліняны вялес»
- Лаўрэаты прэміі «Залатая літара»
- Асобы
- Пісьменнікі паводле алфавіта
- Лаўрэаты прэміі імя Ежы Гедройця
- Эсэісты Беларусі
- Эсэісты паводле алфавіта
- Літаратурныя крытыкі Беларусі
- Літаратурныя крытыкі паводле алфавіта
- Філосафы Беларусі
- Пісьменнікі Беларусі
- Беларускамоўныя пісьменнікі
