Ванкарэм Валяр’янавіч Нікіфаровіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ванкарэм Валяр’янавіч Нікіфаровіч
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 15 лістапада 1934(1934-11-15)
Месца нараджэння
Дата смерці 2011
Месца смерці
Грамадзянства
Альма-матар
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці перакладчык, пісьменнік, літаратуразнавец, літаратурны крытык, літаратар
Узнагароды
ордэн «Кірыл і Мяфодзій»

Ванкарэм Валяр’янавіч Нікіфаровіч (15 лістапада 1934, Мінск — 2011, Чыкага) — беларускі літаратуразнавец, крытык, перакладчык.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў сям’і настаўніка. У 1957 годзе скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў рэдактарам мастацкай літаратуры Дзяржаўнага выдавецтва БССР. З 1965 года — старшы рэдактар, з 1976 года — загадчык аддзела Галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачання. За аповед у адной з праграм пра планы Святланы Алексіевіч напісаць кнігу «Цынкавыя хлопчыкі» быў звольнены з тэлебачання, у 1983 годзе ўладкаваўся памочнікам галоўнага рэжысёра па літаратурнай частцы Тэатра-студыі кінаакцёра пры Дзяржкіно БССР, з 1987 года — кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. У 1993 годзе эміграваў у ЗША, браў удзел у жыцці беларускай грамады ў Чыкага, пісаў літаратуразнаўчыя артыкулы, укладальнік зборніка драматургіі беларускай эміграцыі «Урачыстасць у садзе» (Мінск, 2007).

Узнагароджаны балгарскім ордэнам Кірыла і Мяфодзія.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Пачаў выступаць у друку з 1958 года як літаратурны крытык. Артыкулы, прысвечаныя літаратурным узаемасувязям Беларусі з замежнымі краінамі, сабраны ў кнігах «Усяму свету — свой дар» (1973), «Дарогі ў шырокі свет» (1979).

Працаваў таксама ў галіне мастацкага перакладу. З балгарскай мовы на беларускую пераклаў аповесці К. Грыгорава «Танча з Гарацвета» (1961), К. Калчава «Закаханыя птушкі» (1964), «Люба» (1984), раман Г. Караславава «Нявестка» (1966), анталогію балгарскага апавядання «Скарб» (з Н. Гілевічам, 1967), аповесць Г. Угарава «Кліча Радопскі бор» (1972), кнігу С. Паптонева «Беларусь — белая балада» (з Р. Барадуліным, 1979), анталогію гумарыстычнага апавядання «Адпачынак з байкапісцам» (1980), аповесць Г. Мішава «Матрыярхат» (1981), аповесці С. Паптонева «Спачатку быў хлеб», Слава Х. Караславава «Такая любоў», Ц. Іарданава «Выпадковы стрэл», уключаныя ў зборнік «Такая любоў» (1987), кніжку гумару «Усмешкі на старых фотаздымках» (1990), асобныя п’есы Д. Асенава, Л. Мілевай, В. Пятрова, С. Страціева, С. Цанева, Х. Бойчава, творы Эліна Пяліна. На рускую мову пераклаў зборнік «Габровские улыбки» (1968) і «Улыбки друзей» (1981). Пераклаў таксама п’есы А. Арбузава «Мой бедны Марат» (1965), І. Малеева «Надзея Путніна» (1988) і С. Злотнікава «Вар’яцкае жыццё» (1989), пастаўленыя ў тэатры імя Я. Купалы. Напісаў у сааўтарстве з В. Раеўскім п’есу «Страсці эпохі» па матывах незавершаных раздзелаў рамана І. Мележа «Завеі, снежань» (пастаўлена ў 1989).

Аўтар сцэнарыяў дакументальных і тэлевізійных фільмаў «Помнікі не маўчаць» (1971), «Дом Макаравых» (1975), «Такая ў зямлі песня» (1978), «Паэзія Янкі Купалы» (1982), «Верыць сэрцам у Перамогу» (1985), «Паэзія Рыгора Барадуліна» (1988), «Лінія лесу» (пра С. Станюту, 1990), інсцэніровак для Беларускага тэлебачання па творах А. Куляшова, І. Мележа, А. Кулакоўскага, І. Пташнікава, Р. Барадуліна і інш.