Перайсці да зместу

Варварынская свяча

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Варварынская свяча («Гуляць Варварыну свечку», «Гуляць свечку», «Вынас свячы») — абрад шанавання свячы жанчынамі вёскі Басценавічы Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці.

Апранутая свяча

Абрад і сёння захоўвае старажытную сакральную функцыю, якая заключаецца ў веры носьбітаў традыцыі ў звышнатуральную сілу свячы дапамагаць чалавеку, калі да яе звярнуцца і даць аброк. Па словах носьбітаў свяча дае здароўе сям’і, родным, таму яны «абракаюцца самі на сябе і на сваю сям’ю»; а «вопратка» свячы — святая і гаючая. Лічыцца, што дом, дзе знаходзіцца свяча, становіцца поўны дабрабыту, яго абыходзяць ліха і хваробы, калі ў хаце ёсць нежанатыя хлопцы ці незамужнія дзяўчаты, то яны абавязкова знойдуць сабе пару, бо святая Варвара нясе ў хату мір і спакой.

У супольнасці прынята звяртацца да свячы на працягу ўсяго года: гаспадыня хаты, дзе сакральны атрыбут знаходзіцца, звяртаецца да яе, і калі здарыцца штосьці добрае, і калі дрэнная падзея закране жыццё. Абрад аб’ядноўвае ў вузкае кола свяшчэннага жаночага саюзу, што дае падставу ганарыцца сваёй прыналежнасцю да гэтай закрытай супольнасці.

«Варварынская свяча» ў 2011 годзе была занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (шыфр 53АК000070)[1].

Паходжанне абраду

[правіць | правіць зыходнік]

Першапрычыну ўзнікнення традыцыі ўшанавання аброчнай свячы сённяшняе пакаленне вяскоўцаў ужо не памятае. Разам з тым пасляваенная гісторыя пераходаў свячы з хаты ў хату добра вядома ўсім жыхарам Басценавіч. Па словах вясковых жанчын, гісторыя той свячы, якая сёння перадаецца ў супольнасці і існуе ў вёсцы з 1905 года, звязана з лёсам некалькіх сем’яў. Юлія Андрэеўна Шумянцава — гаспадыня хаты, у якой свяча захоўвалася ў 2009 гаду, паведаміла, што яшчэ яе бабуля — Сяргеева Наталля Алентаўна, 1892 года нараджэння, памятала як пачалі праводзіць гэты абрад і сама потым удзельнічала ў ім. У абрадзе «Варвараўская свечка» ўдзельнічала таксама і бабуля мужа Шумянцавай Ю. А. — Шумянцава Таццяна Уласаўна, 1894 года нараджэння., і яе маці — Кулікова Ганна Васільеўна, 1924 года нараджэння, якая прывяла Юлію Андрэеўну на абрад, калі той было 10 год[2]. Вакол аброчнай свячы сфарміраваўся своеасаблівы саюз жанчын — прадстаўніц розных сем’яў, часцей за ўсё сталага і сярэдняга ўзросту, якія далучыліся да абраду, каб праз аброк свячы пазбавіцца кожная свайго асабістага гора ці няшчасця. З году ў год свяча пераходзіць з хаты ў хату, ад адной гаспадыні да другой. Паслядоўнаць чаргавання не парушаецца дзесяцігоддзямі. Жанчыны наперад ведаюць, праз некаторы час шаноўная «госця» вернецца «на кругі свае» і зноўку стане надзейным абярэгам для хаты, гаспадаркі, а найперш, для сям’і. Калі ж нейкая гаспадыня жадае далучыцца да саюза аднавясковак, то ў яе хату свяча завітае ў гэты жа год. Тым не менш носьбіты абраду «Варвараўская свечка» ўтвараюць замкнёнае кола, таму і свяча рухаецца з хаты ў хату адпаведна гэтаму колу. Верагодна, некалі была пачатковая кропка адліку часу і месца-хаты, а потым паступова далучаліся іншыя жанчыны. Г. Н. Далгунова, В. Н. Жабыка, І. В. Калтунова, І. В. Яўсеянка — носьбіты абраду[2]. Некалі ў вёсцы было два гурты жанчын, якія аб’ядноўваліся вакол дзвюх аброчных свечак. Сёння засталася толькі адна свяча. З другой свячой адбылася нечаканая гісторыя, якая аказалася для мясцовага насельніцтва павучальнай і паўплывала на замацаванне ўстойлівасці традыцыі. Кола людзей, якое шанавала другую свечку паступова звужалася — састарэлыя людзі паміралі. Засталіся толькі дзве старэнькія бабулі, якія спачатку перадавалі свячу адна адной, а пазней у іх ужо проста не стала сілы штогод ездзіць у райцэнтр і асвячаць аброчную свечку ў царкве. Далучацца ж да іх гурту ніхто з маладзейшых аднавяскоўцаў чамусьці не пажадаў. Тады яны вырашылі раздзяліць свячу паміж сабой. Адна жанчына ўзяла сабе верхнюю частку тулава, галаву і рукі, а другая — ніжнюю. Літаральна праз кароткі час тая жанчына, якой дасталася ніжняя частка васковай фігуры, раптоўна памерла прама на рэпетыцыі ў клубе. Гэта здарэнне даволі моцна паўплывала на свядомасць людзей. Па вёсцы пайшла пагалоска: «Нельга дапускаць, каб спынялася традыцыя»[2].

Абрад «Варварынская свяча» вёскі Басценавічы Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці з’яўляецца аброчным. Асаблівасць дадзенага абраду заключаецца ў тым, што аброк (рознакаляровыя стужкі, тканіна, ручнікі) могуць прыносіць выключна жанчыны. Гэта звязана з тым, што свяча зроблена ў гонар святой пакутніцы Варвары, якая была забіта ўласным бацькам за тое, што спавядала хрысціянства. Абракаючыся, жанчыны просяць у свячы дапамогі, вераць у яе сілу і ўпэўнены, што калі свяча з’явіцца ў хаце, то з сабой абавязкова прынясе дабрабыт, здароўе і шчасце. Свяча нагадвае чалавека з узнятымі ўгару рукамі і складаецца з «цела», «галоўкі» і «ручак».

Свяча з «целам», «галоўкай» і «ручкамі»

Раз у год напярэдадні дня святой Варвары ўвечары 16 снежня свячу «амаладжваюць» — прымацоўваюць новыя самаробныя свечы да старых — і пераапранаюць у новае адзенне (сподняя рубашка, сукенка, пояс, вяночак), а потым ладзяць святочную вячэру. На наступны дзень жанчыны адвозяць свячу ў царкву для асвячэння. Мінулагодняя «вопратка» свячы застаецца ў храме і любы жадаючы можа, ахвяраваўшы царкве, узяць яе частку для сваёй сям’і. Увечары жанчыны збіраюца зноў, каб ушанаваць свячу ў новай хаце. Свяча разам з абразом святой Варвары і хлебам ставіцца на самае важнае месца ў хаце — покуць. Лічыцца, што свяча мае вочы, якія ёй закрываць нельга, таму ні адна гаспадыня ніколі не схавае свячу.

Апрананне свячы

Свяча пераходзіць па замкнёнаму колу ў якасці абярэга сям’і, гаспадаркі кожны год з адной хаты ў другую па чарзе далучэння да абраду яго ўдзельніц. У выпадку, калі любая жанчына з вёскі захоча абракнуцца, то свяча ў гэты ж год трапляе ў яе хату. Большасць удзельніц абраду — жанчыны сталага ўзросту. Да іх час ад часу далучаюцца жанчыны сярэдняга ўзросту, часцей за ўсё гэта блізкія сваячкі. Кола носьбітаў з’яўляецца дастаткова вузкім і ўключае каля 10 прадстаўніц розных сем’яў[3]. Усіх жанчын аб’ядноўвае якое-небудзь няшчасце, нядоля, гора ці бяда. Калі ж да гурту жанчын жадае далучыцца яшчэ некалькі прадстаўніц супольнасці, то перавага аддаецца сяброўкам, добрым суседзям, хай сабе і далёкім, але сваякам.

  1. Дзяржаўны спiс гiсторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублiкi Беларусь. Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Праверана 6 сакавіка 2025.
  2. а б в Абрад "Варварынская свяча" . Жывая спадчына Беларусі: інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны.
  3. Абрад "Варварынская свяча" - Банк звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь. heritage.gov.by. Праверана 6 сакавіка 2025.