Васілька Валадаравіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Васілька Валадаравіч
князь лагожскі
да 1186 — пасля 1186
князь полацкі
1216 — 1222
Папярэднік Уладзімір
Пераемнік Святаслаў Мсціславіч

Нараджэнне паміж 1135—1150
Смерць 1222(1222)
Род Глябовічы
Бацька Валадар Глебавіч
Маці Рыкса Баляславаўна
Веравызнанне праваслаўе
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Васілька Валадаравіч (паміж 1135—1150 — 1222) — князь лагожскі (зг. 1186), магчыма князь полацкі (1216—1222).

Сын Валадара Глебавіча і магчыма Рыксы, імаверна, малодшы брат полацкага князя Уладзіміра Валадаравіча.

Упершыню згадваецца ў 1186 годзе, калі разам з князямі смаленскім Давыдам, наўгародскім Мсціславам і друцкім Усяславам удзельнічаў у паходзе на Полацк[1]. Прычыны паходу невядомы, але палачане вырашалі дамагацца мірнага развявання канфлікту, сустрэлі князёў на мяжы і далі багатыя дары — князі згадзіліся на мір. Магчыма, як вынік — васількаў брат Уладзімір стаў полацкім князем, а Васілька заняў сталец у Менску[2]. Паводле меркавання Пятнова, паход быў выкліканы канфліктам палачан з Уладзімірам, які ў 1186 годзе ўжо сядзеў на полацкім стальцы, вынікам паходу было замацаванне стальца за Уладзімірам[3].

Па гэтым Васілька доўгі час не згадваецца крыніцамі, імаверна, выступаў супольна з братам. Так 12.3.1196 года Васілька разам з чарнігаўцамі і друцкім князем Барысам разграміў смаленскае войска[4], пра гэта паведамляе Сіманаўскі летапіс. Праўда, паводле Карамзіна, Троіцкі летапіс называў Васільку полацкім князем, але вядома, што полацкім князем тым часам быў Уладзімір[5]. Імаверна, і далей Васілька вёў узгодненую з братам палітыку, удзельнічаў у паходах, у т.л. супраць немцаў у Ніжнім Падзвінні. У 1216 годзе Уладзімір задумаў вялікі паход на Рыгу, сабраў вялікае войска з удзелам смалян, віцяблян, дручан, імаверна, мусілі быць і войскі Васількі, які мог прывесці і літоўцаў.

Уладзімір нечакана памёр, паход на Рыгу не адбыўся. Паводле Яна Длугаша, тым часам смаленскі князь Мсціслаў Давыдавіч разбіў літоўцаў, якія рабавалі ваколіцы Полацка[6]. Паводле Васіля Тацішчава, у 1217/1218 годзе князь полацкі Васілька разам з Мсціславам Удатным і Уладзімірам Рурыкавічам удзельнічаў у паходзе на Галіч[7], калі верыць Стрыйкоўскаму, у гэтым войску былі і літоўцы, хоць полацкага князя Васільку ён не згадвае. Магчыма, згаданая Длугашам сутычка смаленцаў з літоўцамі каля Полацка адбылася пасля смерці Уладзіміра менавіта з войскамі Васількі, дзе маглі быць літоўцы, якіх потым ён прывёў і пад Галіч. У такой версіі няма аднак пэўнасці, яна выключна гіпатэтычная. У кожным разе, калі Васілька Валадаравіч і быў полацкім князем пасля Уладзіміра, то толькі да 1222 года, калі смаленскія князі захапілі Полацк.

У мастацтве[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. БС. Т. 5 1982, с. 104.
  2. Руковишников…
  3. Пятнов А. П. Полоцкая земля… С. 137.
  4. Пятнов А. П. Полоцкая земля… С. 142.
  5. Володихин Д. Еще раз о… С. 174.
  6. Długossi J. Historiae Poloniae. — Cracoviae, 1873. — P. 181.
  7. Татищев В. История… С. 207.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Алексеев Л. В. Полоцкая земля // Древнерусские княжества Х-XIII вв. — М., 1975.
  • Белорусская ССР: Краткая энциклопедия в 5 т. (руск.) / Ред. колл.: П. У. Бровка и др. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. Биографический справочник. — 737 с. — 50 000 экз.
  • Володихин Д. Еще раз о княжеской власти в средневековом Полоцке // Вопросы истории, № 4-5, 2000. — С. 173—175.
  • Загарульскі Э. М. Заходняя Русь: ІХ-ХІІІ ст.: Вучэб. дапам. — Мн., 1998, − 260 с.
  • Пятнов А. П. Полоцкая земля в последней четверти XII в. // Rossica Antiqua. 2010. Вып. 1. — С. 135—138.
  • Татищев В. История Российская. — Т. 2. — М., 1962.