Васіль Васілевіч Нікольскі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Васіль Васілевіч Нікольскі
Род дзейнасці дзяржаўны служачы
Дата смерці не раней за 1511
Грамадзянства
Бацька Васіль Паўлавіч

Васіль Васілевіч Мікольскі (1496, 1508, 1510), або Нікольскі (1505, 1508, 1509) (сяр. XV ст. — пасля 1508) — пісар гаспадарскі за часам вялікіх князёў Казіміра, Аляксандра і Жыгімонта Старога.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

З чарнігаўскіх баяр, сын пісара гаспадарскага Васіля Паўлавіча. Пачаў служыць у Канцылярыі пры вял.кн. Казіміры, што вядома з ліста ад 1505 года вял. кн. Аляксандра свайму пісару «Нікольскаму Васілевічу Паўлавіча» на бацькоўскі маёнтак у Дзярэчынскай воласці (частку вядомую як сяло Кочын).[1]

У 1501 годзе браў удзел у пасольстве на чале з дваранінам гаспадарскім Халецкім, сваім стрыечным братам, ад вял.кн. Аляксандра да хана Заволжскай Арды.[2]

Паміж 1500—1506 гадамі Мікольскі атрымаў ад вял. кн. Аляксандра двор Вакінікі ў Троцкім павеце, замест чарнігаўскай вотчыны, захопленай маскоўскімі войскамі, да часу яе вызвалення. У 1506 годзе часовае наданне пацвердзіў вял.кн. Жыгімонт Стары. У 1508 годзе, аднак, гэтыя тэрыторыі былі канчаткова страчаны ВКЛ на карысць маскоўскага боку.[1]

Узяў удзел у мяцяжы Глінскага, прычыны ўчынку не вядомы, і з 1508 года ў дакументах віленскага двара завецца здраднікам. Быў даверанай асобай князя Міхаіла Глінскага, пасыланы ім да вялікага князя маскоўскага Васіля Іванавіча. Роля Мікольскага ў мяцяжы не абмяжоўвалася пасольскімі функцыямі, вядома, што летам 1508 года нейкі Курбака трымаў «ад здрадцы Мікольскага» Чачэрск, але болей нічога пэўнага.[3]

Маёмасць Мікольскага канфіскавалі, ужо жніўнем 1508 года яго дом у Вільні «супраць Святога Яна» атрымаў князь Васіль Палубінскі, лютым 1509 года бацькоўскі маёнтак «Кочин то есть Деречин» па «Василю Николском зрадцы»[4] атрымаў оўруцкі намеснік Сямён Палазовіч, двор Вакінікі атрымаў у «заставу» князь Глеб Пронскі, а ў 1510 годзе Вакінікі, якія раней трымаў «зрадъца нашъ Василеи Миколскии»[5] нададзены Пронскаму на «вечнасць».[6]

Такім чынам Васіль Мікольскі апынуўся ў Маскве. Далейшы лёс пэўна невядомы.

На думку А. Русінай[uk], напэўна, пасрэдніцтвам жонкі князя Васіля Глінскага — Ганны, сястры сербскага ваяводы Стэфана Якшыча, Васіль Нікольскі трапіў да ваяводскага двара, але і там мог быць даверанай асобай Глінскіх.[7] А. Русіна атаясняе Васіля Мікольскага з «многогрешным и хуждьшим в християнех Василием презвитером Никольским от Дольняя Руси», які на заказ Стэфана Якшыча ў 1511 годзе напісаў палемічны твор «Сказание о исхождении Святого Духа». Паводле А. Русінай, за тоеснасць сведчаць супадзенне імя і прозвішча і паходжанне з Дольняй Русі, а «презвитером» ён стаў праз скажэнне ў пазнейшых спісках Сказання зыходнага «прозываемый»[8]. Пазней А. Груша адзначыў, што Нікольскі можа быць не прозвішчам, а звычайным тагачасным вызначэнне месца службы перапісчыка Сказання, царквы св. Мікалая, і на яго думку атаясненне памылковае[9]. У Нэдлаку[ro], горадзе Якшычаў[en], і праўда прынамсі пазней была драўляная царква св. Мікалая, нанова мураваная[ro] ў XIX ст.

Зноскі

  1. 1,0 1,1 Русина, 2000, с. 46
  2. Русина, 2000, с. 50
  3. Русина, 2000, с. 46-47
  4. LM 8. — № 424. — С. 315—316.
  5. LM 8. — № 487. — С. 353—354.
  6. Русина, 2000, с. 47-48
  7. Русина, 2000, с. 48
  8. Русина, 2000, с. 44
  9. Груша, 2006, с. 161

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Русина О. Василь Никольський — невідомий книжник XVI століття і його творчість // Записки Наукового товариства імені Шевченка. — Львів: 2000. — Т. 240 (CCXL). Праці Комісії спеціальних (допоміжних) історичних дисциплін. — С. 43—52.
  • Русіна О. В. Никольський Василь Васильович // Енциклопедія історії України : у 10 т. / редкол.: В. А. Смолій (голова) та ін. ; Інститут історії України НАН України. — К. : Наукова думка, 2010. — Т. 7 : Мл — О. — 728 с. : іл. — ISBN 978-966-00-1061-1.
  • Груша А. І. Канцылярыя Вялікага княства Літоўскага 40-х гадоў XV – першай паловы XVI ст.. — Мн., 2006. — 215 с.