Васіль Феафілавіч Купрэвіч

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Васіль Купрэвіч)
Jump to navigation Jump to search
Васіль Феафілавіч Купрэвіч
Kuprevich 1917.jpg
В. Ф. Купрэвіч у 1917 годзе
Дата нараджэння 12 (24) студзеня 1897
Месца нараджэння в. Кальнікі, Барысаўскі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя, цяпер Смалявіцкі раён
Дата смерці 17 сакавіка 1969(1969-03-17)[1] (72 гады)
Месца смерці Масква
Месца пахавання
Грамадзянства
Род дзейнасці батанік, палітык
Навуковая сфера Батаніка
Навуковая ступень доктар біялагічных навук
Навуковае званне акадэмік АН БССР,
член-карэспандэнт АН СССР
Альма-матар Інстытут павышэння кваліфікацыі нацыянальных кадраў у Маскве
Партыя
Член у
Узнагароды і прэміі
Герой Сацыялістычнай Працы  — 1969
Ордэн Леніна  — 1967 Ордэн Леніна  — 1969 Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга  — 1957 Ордэн «Знак Пашаны»
Commons-logo.svg Васіль Феафілавіч Купрэвіч на Вікісховішчы
Сістэматык жывой прыроды
Аўтар найменняў шэрага батанічных таксонаў. У батанічнай (бінарнай) наменклатуры гэтыя назвы дапаўняюцца скарачэннем «Kuprev.».
Персанальная старонка на сайце IPNI

Васі́ль Феафі́лавіч Купрэ́віч (24 студзеня 1897, Кальнікі[2] — 17 сакавіка 1969) — беларускі савецкі біёлаг і міколаг, кандыдат навук (1934), доктар біялагічных навук (1941(1942[3])), прафесар (1950), акадэмік АН БССР (1952), член-карэспандэнт АН СССР (1953).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Сям’я і дзяцінства[правіць | правіць зыходнік]

Бацькі В. Ф. Купрэвіча

Дзед Васіля Купрэвіча меў невялікі кавалак зямлі ў в. Кальнікі[4], які не мог пракарміць сям’ю, таму бацька Купрэвіча, Феафіл Лявонавіч, быў вымушаны ўладкавацца на працу лесніком да графа Любенскага і пераехаць разам з жонкай Матронай Паўлаўнай і сваімі 4 сынамі[5][6] ў в. Сафіёўка Аршанскага раёна[7]. Бацька браў сына з сабою ў лес на абходы. Менавіта там хлопчык атрымаў першыя веды пра грыбы і расліны[7].

Пасля навучання ў вясковай школе в. Дзевіна з 1906[7] па 1910 год Купрэвіч паступіў у сельскагаспадарчае вучылішча ў Смалянах (Аршанскі павет, Магілёўская губерня)[8]. Пасля заканчэння школы ён атрымаў спецыяльнасць агранамічнага старасты, але тым часам да юнака прыйшло разуменне, што яго не прываблівае праца на пана[7].

В. Ф. Купрэвіч любіў чытаць і шмат часу праводзіў з кнігамі[7], асабліва яму падабаліся аповяды пра падарожжы, мора і далёкія краіны[7], што і вызначыла яго далейшыя жыццёвыя крокі.

Маладосць[правіць | правіць зыходнік]

Атэстат Купрэвіча
Купрэвіч-матрос
Эсмінец «Самсон» у 1927 годзе

Па сканчэнні Смалянскай вучэльні ў 1913 г. паступае ў школу юнгаў у г. Пецярбургу, потым у матроскую гімназію ў Гельсінгфорсе (Вялікае княства Фінляндскае). Захаваўся выдатны атэстат Купрэвіча і добрыя водгукі пра яго адказнасць і ўважлівасць да вучобы[8]. У канцы навучання з нагоды пачатку імперыялістычнай вайны юнакі былі накіраваныя на баявыя караблі[7].

Пасля здачы іспыту на артылерыста ў 1915 годзе у званні старшыны Купрэвіч загадваў кармавым плутонгам эскадранага мінаносца «Самсон(руск.) бел.» пры баях з нямецкім флотам у Рыжскім заліве, удзельнічаў у Маанзундскай абароне (1917), у час кастрычніцкіх падзей быў на баку бальшавікоў, разам з усёй камандай мінаносца «Самсон» прымаў удзел у штурме Зімняга Палаца ў кастрычніку 1917 года[9]. У красавіку 1918 года некалькі караблёў Балтыйскага флоту, у тым ліку і «Самсон» знаходзіліся ў лядовым паходзе[7][10].

У гэты час Васіль Феафілавіч Купрэвіч паступіў на першы курс фізіка-матэматычнага факультэта Гельсінгфорскага ўніверсітэта[6][11].

Калі, паводле Брэсцкага міру, Фінляндыя аддзялілася ад Расіі, Васіль Феафілавіч кінуў вучобу і накіраваўся ў Кранштат[6].

Марскія паходы падарвалі здароўе Купрэвіча, ён быў паранены і пасля лячэння ў шпіталі дэмабілізаваны і вярнуўся дахаты[6][7].

У чэрвені 1918 года ўладкаваўся настаўнікам Кляннікаўскай школы, затым выкладчыкам прыродазнаўства і хіміі ды загаднікам беларускай 7-гадовай школы ў Смалявічах[10].

Навуковая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Пачатак працы[правіць | правіць зыходнік]

У 1925 г. атрымаў ганаровы дыплом сельскагаспадарча-рамесніцкай выставы за складанне зёльніка насення пустазелляў Смалявіцкага раёна. З 1926 года ў краязнаўчых часопісах пачынаюць з’яўляцца яго першыя нататкі як педагога і метадыста[7]. Працуючы ў школе, В. Ф. Купрэвіч з 1928 па 1931 год адначасова завочна навучаўся на спецыяльным факультэце аддзялення аграбіялогіі Інстытута павышэння кваліфікацыі кадраў народнай адукацыі ў Маскве і скончыў яго ў 1931 годзе[7].

Купрэвіч праходзіў выкладчыцкую перападрыхтоўку ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, ён таксама стаў адным з першых аспірантаў АН БССР, працаваў у галіне фізіялогіі раслін, аспірантуру праходзіў у Батанічным інстытуце Акадэміі навук СССР ў Ленінградзе ў 1931-1934. Паралельна з аспірантурай В. Ф. Купрэвіч выкладаў у Ленінградскай ваенна-медыцынскай акадэміі. Ён працаваў над фізіялогіяй раслін, сістэматыкай грыбоў. Выставіў гіпотэзу пра прагрэсіўную рэдукцыю і спецыялізаваны энзімны механізм паразітычных грыбоў у час іх эвалюцыі[10]. У 1934 годзе ён абараніў кандыдацкую дысертацыю пад кіраўніцтвам У. А. Траншэля(руск.) бел.[12] па тэме «Да фізіялогіі хворай расліны. Фізіялагічныя дадзеныя пра шкоднасць некаторых грыбных і вірусных захворванняў культываваных раслін» і прыехаў у Мінск.

В. Ф. Купрэвіч працаваў старэйшым навуковым супрацоўнікам лабараторыі фітапаталогіі, потым загаднікам лабараторыі фізіялогіі раслін Інстытута біялагічных навук Акадэміі навук БССР. Па сумяшчальніцтву выкладаў фітапаталогію ў Вышэйшай камуністычнай сельскагаспадарчай школе ў Мінску, у БДУ, дарвінізм у Гомельскім педагагічным універсітэце і Беларускім сельскагаспадарчым інстытуце (Горкі).

Умовы для працы былі не вельмі спрыяльнымі і Купрэвіч пераехаў у Ленінград на працу ў Батанічны інстытут АН СССР[7].

Вялікая Айчынная вайна[правіць | правіць зыходнік]

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны і блакады Ленінграда В. Ф. Купрэвіч, адправіўшы жонку і сына-школьніка ў эвакуацыю, застаецца ў абложаным горадзе[7]. Ён піша родным: «Я жыву цяпер у поўнай адзіноце. Уначы ў пакоі халодна. Тапіць печку няма чым. Учора перад нашым домам упаў самалёт. Хатка ацалела, толькі вокны і дзверы павыляталі. На шчасце, пажар не паўстаў. Страты панеслі аранжарэі. Ратуем расліны»[13].

Купрэвіч удзельнічаў у супрацьпаветранай абароне Батанічнага інстытута і саду, за што быў узнагароджаны медалём за ўдзел у гераічнай абароне Ленінграда[14].

Як прадстаўнік мясцкама інстытута, Купрэвіч прадпрымае ўсе меры для выратавання каштоўных калекцый раслін і элітнага насення, напрыклад, ён забраў дамоў цеплалюбівыя мексіканскія кактусы, каб «грэцца разам»[7][13].

У дні, калі ўвесь горад пакутаваў ад голаду, Купрэвіч працаваў над доктарскай дысертацыяй «Фізіялогія хворай расліны ў сувязі з агульнымі пытаннямі паразітызму»[7] і абараніў яе 20 лістапада 1941 года[11]. Рыхтуючы дысертацыю, Васіль Феафілавіч прааналізаваў 178 навуковых прац айчынных і 554 працы замежных біёлагаў. Напісаў свае 22 навуковыя працы[11].

Супрацоўнікі Батанічнага інстытута, якія засталіся ў жывых, эвакуіруюцца па «дарозе жыцця» 8 лютага 1942. Васіль Феафілавіч пры росце прыкладна метр дзевяноста важыў усяго 48 кілаграмаў[13].

Купрэвіч быў эвакуіраваны ў Казань (Татарстан), затым у Сыктыўкар (Комі) і Таджыкістан. Увесь гэты час Купрэвіч не пакідае сваёй навуковай дзейнасці. Падчас эвакуацыі ён працуе над вывучэннем хвароб вінаграду[7]. У Казані Васіль Феафілавіч вёў фларыстычныя і батанічныя працы ў складзе аграбіялагічнага аддзела (заг. аддзела С. А. Каспарава). У гэтым аддзеле распрацоўвалася тэма «Біяхімічнае і фізіялагічнае абгрунтаванне паводзін сельскагаспадарчых культур у перыяд вегетацыі і захоўвання»[15].

У гады Вялікай Айчыннай вайны фашысты жорстка расправіліся з бацькамі Васіля Феафілавіча. У 1942 годзе бацька быў па-зверску забіты на вачах Матроны Паўлаўны. У 1944 г. ад ран і голаду памерла маці — Матрона Паўлаўна[16].

Пасляваенны час[правіць | правіць зыходнік]

Я. Колас і дырэктар Батанічнага інстытуту АН СССР Васіль Купрэвіч падпісваюць Стакгольмскі заклік(руск.) бел.. 1950 год

З 1949 па 1952 год працуе дырэктарам Батанічнага інстытута АН СССР. У 1950-ым атрымаў званне прафесара. У студзені 1952 г. абраны акадэмікам і прэзiдэнтам АН БССР, у 1953 — членам-карэспандэнтам АН СССР. У час працы ў Інстытуце біялогіі і Аддзеле фізіялогіі і сістэматыкі ніжэйшых раслін АН БССР выявіў пазаклеткавае выдзяленне ферментаў у аблігатных паразітаў і кончыкамі каранёў вышэйшых раслін, даказаў магчымасць засвойвання вуглекіслаты для фотасінтэзу, што трапляе ў корань з глебы разам з вадой[10].

Па ініцыятыве В. Ф. Купрэвіча ў рамках АН БССР былі створаныя Інстытуты фізікі, матэматыкі, ядзернай энергетыкі, цепла- і масаабмену, тэхнічнай кібернетыкі, генетыкі і цыталогіі. Праўленне Купрэвіча было адзначана бурным ростам Акадэміі Навук. У 1959 г. у ёй працавала 900 чалавек, а літаральна праз некалькі гадоў, калі прэзідэнтам стаў Купрэвіч, супрацоўнікаў стала 12 тысяч[17].

З 1958 В. Ф. Купрэвіч стаў загадчыкам Аддзелу фізіялогіі і сістэматыкі ніжэйшых раслін АН БССР.

Адкрыў існаванне глебавых энзімаў, якімі апартуністычна сілкуюцца вышэйшыя расліны праз свае каранёвыя сістэмы. Абгрунтаваў магчымасць практычнага выкарыстання актыўнасці глебавых энзімаў, заснаваў новы кірунак глебазнаўства — глебавую энзімалогію[10].

У 1966 годзе выйшла кніга «Почвенная энзимология» (бел.: «Глебавая энзімалогія»), якая пабольшыла даследаванні ў гэтай галіне. Гэтая праца В. Ф. Купрэвіча атрымала высокую ацэнку і шырокую падтрымку ў навуковых колах. У сваёй кнізе Купрэвіч дае поўнае вызначэнне прадмета глебавай энзімалогіі як навукі. Гэта дае магчымасць казаць пра Васіля Купрэвіча як пра заснавальніка новага кірунку ў біялогіі і біяхіміі глебы[7].

На думку[18] У.С. Губарава(руск.) бел., В. Ф. Купрэвіч адыграў вырашальную ролю ў станаўленні навуковых даследаванняў на Беларусі.

Навуковая дзейнасць В. Ф. Купрэвіча была вядомая і за межамі СССР. Ён удзельнічаў у працы Міжнароднага батанічнага кангрэса ў Парыжы ў 1954 годзе. У 1955 Васіль Феафілавіч ўзначаліў дэлегацыю БССР на міжнароднай канферэнцыі ў Жэневе па мірнаму выкарыстанню атамнай энергіі. Пазней, у 1958—1960 гг., В. Ф. Купрэвіч ў складзе парламенцкай групы наведаў Вялікабрытанію, Бельгію, Бразілію і Афрыку[7].

Купрэвіч — аўтар больш за 100 навуковых прац, у т.л. 7 манаграфій[19]. Падрыхтаваў шэраг кандыдатаў і дактароў навук.

Уклад у геранталогію[правіць | правіць зыходнік]

В. Ф. Купрэвіч стварыў сектар геранталогіі ў АН БССР, які пачаў актыўную працу па вывучэнні механізмаў старэння[5].

В. Ф. Купрэвіч абгрунтаваў старэнне і смерць як працэс нарастання парушэнняў міжклеткавых узаемадзеянняў, што прыводзіць да дэзінтэграцыі структуры і парушэння функцый біялагічнага аб’екта, што ў канчатковым выніку прыводзіць да смерці. З гэтых пазіцый акадэмік В. Ф. Купрэвіч разглядаў смерць не як агульна-біялагічны працэс, а як свайго роду захворванне, супраць якога можна знайсці лячэнне[5].

Васіль Феафілавіч Купрэвіч спрабаваў даследаваць такую з’яву, як працягласць чалавечага жыцця (пры гэтым ён абапіраўся на працы такіх навукоўцаў як А. Вейсман і Іван Паўлаў). Купрэвіч зрабіў выснову, што механізм смерці паўстаў у працэсе эвалюцыі[6].

Філасофскія даследаванні[правіць | правіць зыходнік]

Купрэвіча-філосафа адносяць да прадстаўнікоў рускага касмізму. Філасофскія працы Купрэвіча прысвечаныя праблеме жыцця і яго індывідуальнага канца. Ён прытрымліваўся таго пункту погляду, які праводзіў Фёдараў яшчэ ў канцы XIX стагоддзі: смерць не першапачатковая ў прыродзе, яна з’явілася прыстасавальным эфектам, выпрацаваным у працэсе эвалюцыі. Але ў чалавеку гэты найэфектыўнейшы механізм удасканалення роду — праз змену пакаленняў — не проста вычэрпвае сябе, праз яго ўжо не дасягаецца міжвольнага прагрэсу, бо ўступае актыўная сіла, якая пераўтварае свет і сябе — розум, які самой сваёй існасцю патрабуе асабістага і бясконцага ўдасканалення. Бо смерць больш усяго непрымальная менавіта з пункта погляду асобы, надзеленай пачуццямі і свядомасцю. Купрэвіч разумее, што ўсведамленне непазбежнасці смерці, адчуванне бяссілля перад безданню, у якой бясследна знікаюць жывыя, якія адчуваюць, думаючыя істоты, нараджае ўнутраны трагізм свядомасці і існаванні чалавека, які можа і павінен быць пераадолены.

Рэдактарская праца і грамадская дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

В. Ф. Купрэвіч быў галоўным рэдактарам наступных выданняў: «Ботанический журнал» (1959—1966), «Микология и фитопатология» (1967—1969), «Доклады АН БССР» (1952-69)[10].

Васілій Феафілавіч Купрэвіч з вялікай цікавасцю ставіўся да фатаграфіі і спрыяў стварэнню фотаклуба «Мінскага таварыства фатографаў-аматараў», з 1927 года ён быў абраны яго ганаровым старшынёй[20]. Таксама ў рукапісах Купрэвіча захаваліся малюнкі, выкананыя яго рукой[21].

У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы захоўваецца асабісты архіў В. Ф. Купрэвіча, які складаецца з 2405 адзінак захавання. Ён быў перададзены Алегам Васільевічам Купрэвічам, сынам акадэміка, у 1989 годзе[22].

Дэпутат ВС БССР (1951—1955) і СССР (1954—1969)[10].

Некаторыя біялагічныя віды, апісаныя В. Купрэвічам[правіць | правіць зыходнік]

В. Ф. Купрэвіч апісаў 179 відаў паразітарных і сапрафітных грыбоў канюшыны і люцэрны (1954) і 180 відаў іржавых грыбоў, якія наносяць шкоду хлебным злакам і дзікарослым карысным раслінам (1957)[23][24].

Некаторыя з іх:

Уплыў на масавую культуру[правіць | правіць зыходнік]

Валянцін Пікуль згадаў мужнага камандора Васіля Купрэвіча у сваім рамане «Маанзунд»[11].

Распавядаючы пра свой фільм «Касмічная адысея» у 1968 годзе, Стэнлі Кубрык прывёў словы Купрэвіча: «Я перакананы, што мы знойдзем спосаб адключыць механізмы старэння клетак»[25].

С. Ц. Канёнкаў(руск.) бел. стварыў скульптурны партрэт Васіля Феафілавіч, які захоўваецца ў зборы Смаленскага музея С. Т. Канёнкава[5]. Пад уплывам ідэй В. Ф. Купрэвіча паўстала класічная п’еса «Брама неўміручасці» вядомага беларускага паэта Кандрата Крапівы, у якой закранаецца праблема этыкі ўзаемаадносін паміж людзьмі, якія атрымалі дар неўміручасці[5].

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Герой Сацыялістычнай Працы, званне «Заслужаны дзеяч навукі БССР» (1967)[10], два ордэны Леніна (1967, 1969), ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга (1957), «Знак Пашаны» (1953), медалі.

Ацэнкі і памяць[правіць | правіць зыходнік]

Імем В. Ф. Купрэвіча быў названы цеплаход савецкага гандлёвага флоту «Акадэмік Купрэвіч»[26], яго імя наданае Інстытуту эксперыментальнай батанікі[10], вуліцы ў Мінску, гімназіі ў Смалявічах. У гімназіі створаны мемарыяльны музей акадэміка В. Ф. Купрэвіча. Стужачку пры адкрыцці музея перарэзаў яго сын, генерал-маёр Алег Васільевіч Купрэвіч[27][28].

Магіла Васіля Купрэвіча на Усходніх могілках

Пахаваны на Усходніх могілках Мінска[8], надмагільны помнік уключаны ў 2007 годзе ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння[29]. У Мінску на доме, дзе жыў В. Ф. Купрэвіч, усталявана мемарыяльная дошка[30][31].

Да 115-годдзя была арганізавана выстаўка «Акадэмік Купрэвіч (да 115-годдзя з дня нараджэння)», якая адлюстроўвае найбольш значныя этапы навуковай, творчай, службовай і грамадскай дзейнасці В. Ф. Купрэвіча[32].

Працы[правіць | правіць зыходнік]

  • Научные труды. Т. 1-4. — Мн., 1971-75
  • Физиология больного растения в связи с общими вопросами паразитизма. — М.; Л., 1947
  • Почвенная энзимология. — Мн., 1966 (совм. с Т. А. Щербаковой)
  • Академия наук Белорусской ССР: Очерк истории и деятельности. — 3 изд. — Мн., 1968
  • Купревич В. Ф., Траншель В. Г. «Флора споровых растений СССР. Т. IV. Melampsoraceae» (1957)
  • В. Ф. Купревич, Болезни клевера и люцерны: определитель — 1954 — Изд-во Академия наук СССР

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Купревич Василий Феофилович // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 27 верасня 2015.
  2. Купревич Василий Феофилович в БСЭ (руск.) 
  3. Паводле звестак НАН РБ
  4. Кальники (руск.) 
  5. 5,0 5,1 5,2 5,3 5,4 Академик Василий Феофилович Купревич как один из основоположников отечественной геронтологии (руск.) 
  6. 6,0 6,1 6,2 6,3 6,4 КУПРЕВИЧ Василий Феофилович (руск.) 
  7. 7,00 7,01 7,02 7,03 7,04 7,05 7,06 7,07 7,08 7,09 7,10 7,11 7,12 7,13 7,14 7,15 7,16 7,17 Нарадзіўся Васіль Купрэвіч (руск.) 
  8. 8,0 8,1 8,2 Рукапісы не гараць. Васіль Купрэвіч
  9. Известные революционеры. КУПРЕВИЧ Василий Феофилович (род. в 1897 году) (руск.) 
  10. 10,0 10,1 10,2 10,3 10,4 10,5 10,6 10,7 10,8 т. 5. Биографический справочник. Мн: Издательство «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. 29 с.
  11. 11,0 11,1 11,2 11,3 Камандор навукі
  12. САНКТ-ПЕТЕРБУРГСКАЯ АКАДЕМИЯ НАУК (руск.) 
  13. 13,0 13,1 13,2 Василий Феофилович Купревич (руск.) 
  14. Василий Феофилович Купревич (руск.) 
  15. Василий Феофилович Купревич (руск.) 
  16. На родине Купревича В. Ф. (руск.) 
  17. Интеллигент первого поколения (руск.) 
  18. В. Губарев. Воспоминания о вселенной (руск.) 
  19. 7-ы прэзідэнт НАН Беларусі КУПРЭВІЧ Васілій Феафілавіч
  20. Альбом фатаграфій НФК «Мінск»
  21. Малюнкі В. Ф. Купрэвіча, зробленыя падчас пасяджэння 47-ай канферэнцыі Міжпарламенцкага Саюза. 1958 г.
  22. Васіль Купрэвіч
  23. EOL
  24. КУПРЕВИЧ Василий Феофилович (руск.) 
  25. Playboy Interview: Stanley Kubrick (англ.) 
  26. Фатаграфія цеплахода
  27. Его имя носит наша гимназия (руск.) 
  28. Мемориальный музей академика В. Ф. Купревича (руск.) 
  29. склад. В.Я. Абламскі, І.М. Чарняўскі, Ю.А. Барысюк Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — ISBN 978-985-6828-35-8.
  30. Нарадзіліся на Смалявіччыне
  31. Постановление Совета Министров Белорусской ССР от 18 июня 1969 г. № 214 Об увековечении памяти В. Ф. Купревича (руск.) 
  32. Выставка к 115-летию со дня рождения Василия Купревича расскажет о наследии ученого (руск.) 

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • У. Ліпскі. Ад матроса рэвалюцыі да прэзідэнта Акадэміі // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. — Мн.: Полымя. — ISSN 0131-2669., №4, 1986 С.1—3.
  • М. Касцюковіч. The 7th President — Vasilii F. KUPREVICH // [THE NATIONAL ACADEMY OF SCIENCES OF BELARUS]. — У Сеціве.
  • Купревич В. Ф. Долголетие: реальность мечты // Литературная газета. — 4 декабря 1968. — № 49.
  • Купревич В. Ф. Приглашение к бессмертию // Техника — молодёжи. — № 1. — 1965.
  • Купревич В. Ф. Путь к вечной жизни // Огонёк. — № 35. — 1967.
  • Ліпскі У. С. Урокі Купрэвіча: Дакум. аповесць. Мн., 1987.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]


Папярэднік:
в.а. прэзідэнта АН БССР

Іван Лупіновіч

7-ы прэзідэнт АН БССР
студзень 1952сакавік 1969
Пераемнік:
8-ы прэзідэнт АН БССР

Мікалай Барысевіч