Васіль Любіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Васіль Любіч
пісар вялікі літоўскі
1450 — 1473

Нараджэнне не пазней за 1448
Смерць не раней за 27 лютага 1477 і не пазней за 25 сакавіка 1496

Васіль Любіч, таксама Васка, Васілец (зг. 1448 — пасля 27.2.1477 да 25.3.1496) — дзяк гаспадарскі за часам Казіміра Ягелончыка. Староста любецкі (1477—1483).

Пра бацьку пісара Васіля Любіча — Люба, вядома толькі, што пры Жыгімонту Кейстутавічы трымаў, а мусіць і атрымаў, зямлю «Іванісаўскую» (або «Іванкаўшчыну») на поўнач ад Менска паміж рэкамі Цной і Вячай — левымі прытокамі Свіслачы.[1]

У літаратуры Ваську Любіча часта памылкова атаясняюць з пісарам Васькам Паўлавічам (1448) — бацькам пісара Нікольскага Васілевіча. Найранейшая згадка «Васільца Меняніна Любіча» датавана 12 індыктам (верасень 1448 — жнівень 1449), тады ён названы дзякам, але ў астатніх дакументах выступае пісарам. Пэўна вядома 5 дакументаў падрыхтаваных Васілём, яны захаваліся як запісы ў Кнізе данін Казіміра, ён падпісваўся «Васко» або «Васко, пис(арь)». Напэўна, падрыхтаваных ім дакументаў было болей. Восенню 1455 года быў пры вялікім князю Казіміры ў Познані. У верасні 1474 года быў пісарам вялікалітоўскага пасольства Багдана Саковіча ў Маскву.[2]

За службу атрымаў ад Казіміра шэраг уладанняў у Менскім, Ашмянскім і Клецкім паветах[3]. Большасць з іх напэўна давалася «да жывата» або «да волі гаспадарскай». Так у канцы 1440-х — 1450-х гадах Любіч атрымаў пад Менскам уладанні, якія перад тым трымалі пісар Іван Кушлейка і нейкі Сак. У 1473 годзе вялікі князь Казімір даў яму сяло і двух «людзей» у Менскім павеце, якіх раней трымаў памерлы князь Яўлашка Цяляціна[4]. Таксама Васіль Любіч купляў маёнткі, у канцы 1450-х — 1470-х «зямліцу» пад Менскам ва ўдавы Івана Кушлейкі[5], у 1477 годзе Тарасаў пад Менскам у Івана Іллініча[6] і іншыя.

Вядома, што Васька Любіч перадаў вялікую бортную зямлю паблізу Менска, паміж Лагойскай і Камароўскай дарогамі ў раёне пазнейшага сяла Вялікая Слепня, менскаму Узнясенскаму манастыру.[7]

Памёр паміж 27 лютым 1477 і 25 сакавіком 1496 года[8]. Пляменнік Васіля Любіча — Пятрашка Фамініч Любіч, па бяздзетнай смерці дзядзькі атрымаў «па блізкасці» яго купленыя маёнткі і пэўную частку трыманняў ад гаспадара[9].

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Груша А. Ваколіцы… С. 60.
  2. Груша А. Ваколіцы… С. 69.
  3. Груша А. Ваколіцы… С. 69.
  4. Wolff J. Kniaziowie… S. 157.
  5. Груша А. Ваколіцы… С. 61-62.
  6. Насевіч В. Iллінічы…
  7. Груша А. Ваколіцы… С. 65-66.
  8. Груша А. Ваколіцы… С. 69.
  9. Груша А. Ваколіцы… С. 72.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. — Warszawa, 1895.;
  • Груша А. I. Ваколіцы Менска і іх уладальнікі ў 30-х гадах XV — пачатку XVI ст. // Мінск і мінчане: дзесяць стагоддзяў гісторыі. Крыніцы па гісторыі горада. Сацыяльныя структуры і паўсядзённасць : (да 945-годдзя Мінска): зборнік навуковых артыкулаў / уклад. А. І. Груша. — Мінск, 2012. — С. 50-89.
  • Насевіч В. Iллінічы // Вялікае Княства Літоўскае. Энцыклапедыя у 3 т. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 666. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
  • Ясінскі А. М. Пісар вялікага князя Казіміра Васіль Паўлавіч Любіч, як прадстаўнік буйнага земляўладаньня XV сталецьця: (Нарыс да гісторыі буйнае зямляўласнасьці на Беларусі) // Запіскі аддз. гуманітарн. навук. Кн. 8. Працы клясы гісторыі, Т. 3. — Менск: Беларуская акадэмія навук, 1929. (прадрукавана: Arche Пачатак № 7 (82), 2009. — С. 1068—1084).