Васіль Мядзелец

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Васіль Мядзелец
Васіль Мядзелец.jpg
 
Адукацыя:
Член у:
Нараджэнне: 1928(1928)
Смерць: 20 снежня 2004(2004-12-20)
Пахаванне:
Бацька: Антон

Васіль Мядзелец (192820 снежня 2004) — дзеяч беларускага нацыянальнага супраціву, сябра беларускай моладзевай падпольнай паваеннай арганізацыі Саюз беларускіх патрыётаў (СБП), адзін з заснавальнікаў і старшыня Глыбоцкай групы СБП.[1]

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў 1928 г. у в. Ружанполле Дзісненскага павета Віленскага ваяводства (цяпер Мёрскі раён Віцебскай вобласці). Пачатковую адукацыю атрымаў у польскай вясковай школе. Да пачатку савецкай акупацыі ў верасні 1939 г. змяніў тры польскіх школы, бо ўсведамляў сябе беларусам. Васіль Мядзелец успамінаў: «Як ні дзіўна, але якраз школа з яе ваяўнічай, надакучлівай пальшчызнай дала мне, як і іншым вучням, першыя ўрокі нацыянальнага пачуцця. Настаўнікі патрабавалі, каб мы «мувілі» толькі на «гжэчнай» польскай мове, пазбягаючы ўжываць «тутэйшыя» брыдкія словы. Тым самым абуджалі ў нас пратэст на такі гвалт». Прыход жа саветаў ён успамінаў так: «Прыход Чырвонай Арміі, як яго ўспрымаў я, як успрымала бальшыня нашых людзей, быў падобны да вяселля, шумнага свята. Але войскі прыйшлі, свята скончылася. Пачыналіся будні. На вёску рушылі розныя ўпаўнаважаныя, агітатары. У крамах неяк дужа хутка пачалі знікаць самыя ходкія, патрэбныя тавары, што дагэтуль былі невыводныя. Папаўзлі страхавітыя чуткі, што некага арыштавалі, некага вывезлі».

Падчас нямецкай акупацыі працягваў вучобу ў Янзенскай школе, якая была адкрыта ўвосень 1941 г. дзякуючы мясцовым энтузіястам беларусам-патрыётам. Дырэктарам школы быў Ігнат Мятла, вядомы ў беларускім асяродку яшчэ з польскіх часоў. Васіль Мядзелец пазней пісаў: «У школе панаваў сапраўдны беларускі дух. Вучылі нас любіць Беларусь і служыць ёй. Настаўнікі і вучні гаварылі толькі па-беларуску. На ўроках нам распавядалі пра Гарэцкага, Гаруна і іншых пісьменнікаў, якія былі рэпрэсаваныя і забароненыя ў БССР. Супраць школы і школьных работнікаў прабальшавіцкія сілы разгарнулі барацьбу яшчэ падчас вайны. Спачатку папярэдзілі нашага дырэктара, каб згортваў работу. А ўжо ад зімы 43-га году ў Янзе школы не было».

Пасля адыходу немцаў паступіў у Глыбоцкае педагагічнае вучылішча, дзе падчас вучобы яго абралі сакратаром утворанай камсамольскай арганізацыі, пагражаючы адлікам з навучальні, калі той адмовіцца. Разам з блізкімі сябрамі Антонам Фурсам, Львом Бялевічам і Алесем Юршэвічам бярэ ўдзел у стварэнні вучнёўскага падпольнага патрыятычнага гуртка Саюз беларускіх патрыётаў ў Глыбоцкім педагагічным вучылішчы і робіцца яго старшынём. Пра гэта ён успамінаў так: «Нас займала вучоба, але не толькі адна яна. Неяк разгаварыліся, што робіцца ў нас у педнавучальні: амаль выводзіцца з ужытку беларуская мова, усе прадметы толькі па-расейску. Вядзецца русіфікацыя, дэнацыяналізацыя. І вось нашая тройка - я, Фурс і Юршэвіч - прыходзяць да рашэння гуртаваць аднадумцаў, каб разам трымацца беларускай справы, пашыраць свой уплыў на астатніх. Пачалі закладваць нашу суполку. Натуральна, паўстала пытанне пра важака. Сябры назвалі маю кандыдатуру. Я разумеў гэта як гонар, але і як вялікую адказнасць - першаму, як кажуць, чарка, але першаму і палка». 25 сакавіка 1946 года Васіль Мядзелец быў на ўрачыстай прысязе сяброў СБП, прымеркаванай да 28-х угодкаў абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

У лютым 1947 года савецкая ўлада пачала арышты сябраў СБП: у давер да сябраў пастаўскай групы раней увайшоў афіцэр МДБ Алег Стахоўскі, які выдаваў сябе за ўдзельніка антысавецкай арганізацыі і падштурхоўваў да тэрарызму, а на дадатак канспірацыя арганізацыі была слабай. Васіль Мядзелец разам з Антонам Фурсам быў арыштаваны 8 лютага. Як адзін з заснавальнікаў, асуджаны паводле арт. 63-I і 76 КК БССР да смяротнага пакарання, але ў сувязі з адменай смяротнага пакарання ад 20 траўня 1947 года Васіль атрымаў 25 гадоў пазбаўлення волі. Пасля знаходжання ў аршанскай, затым іркуцкай перасылачных турмах трапіў у Нарыльск, дзе адбываў тэрмін на Нарыльскім медна-нікелевым камбінаце.

Быў вызвалены датэрмінова, улетку 1956 г. Па вызваленні нейкі час жыў у Беларусі, але досыць хутка мусіў зноў выехаць у Нарыльск: «Хоць і пісалася, і гаварылася, што сталінскія беззаконні партыя асудзіла, але па ўсіх пастах як сядзелі сталінцы, так і засталіся сядзець. Мясцовая ўлада дала нам выразна зразумець, што мы са сваімі дакументамі колішніх палітычных — асобы непажаданыя». У Нарыльску Васіль Мядзелец скончыў горна-металургічны інстытут і ўладкаваўся на працу ў «Нарыльскраммантаж». У 1985 г. разам з жонкай пераехаў у Беларусь на сталае жыхарства. У гады дэмакратызацыі спрычыніўся да грамадска-палітычнага жыцця, браў удзел у напісанні ўспамінаў для кнігі «Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў». Быў рэабілітаваны.

Апошнія 19 гадоў жыў у Полацку, браў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, нягледзячы на хваробу. Памёр 20 снежня 2004 г., пахаваны на полацкіх Лясных могілках.

Зноскі

  1. http://www.slounik.org/154864.html Біяграфія Васіля Мядзельца

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • ANH, F-3.
  • Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 18, 20, 23-55, 66, 68, 70, 71, 159, 161-163, 164, 167, 185, 193, 194, 224, 159, 283, 284, 297, 298, 306, 307, 329, 330, 334, 340.
  • Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік, — Мінск, 1999. ISBN 985-6374-07-3

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]