Васіль Нарымонтавіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Васіль Нарымунтавіч)
Васіль Нарымонтавіч
Род дзейнасці арыстакрат
Дата смерці 1390
Месца смерці
Бацька Нарымонт
Жонка Юліянія[d]
Дзеці Фёдар Васілевіч[d]

Васіль Нарымонтавіч (? — 1390) — князь пінскі (1348—1390)

Сын пінскага князя Нарымонта Гедзімінавіча. Упершыню згаданы пад 1355 годам, але ў дакуменце 1586 года з «выпісам» ранейшай фундацыйнай граматы царквы Раства Божай Маці ў Куранцы ад «пана Василия Михаловича Нарымунта, князя пинского, пана мстиславского, подъ литомъ нароженья Сына Божого тысеча триста петьдесятъ пятого, индикта девятого»[1]. Праз такую згадку Юзаф Вольф падаў у сваёй працы князя Васіля Нарымонтавіча сынам Міхаіла Нарымонтавіча і ўнукам Нарымонта. Такой думкі трымаўся і Юзаф Пузына. Пры гэтым князь Міхаіл Нарымонтавіч з крыніц не вядомы. Пазней, Аляксандр Белы, у рэчышчы гіпотэзы паходжання друцкіх князёў з Гедзімінавічаў, выказаў думку тоеснасці пінскага князя Васіля Нарымонтавіча з друцкім князем Васілём Міхайлавічам і, адпаведна, Міхаіла Нарымонтавіча з друцкім князем Міхаілам, згаданым пад 1330 годам[2].

Пазней Юзафу Вольфу пярэчыў Ян Тэнгоўскі, які адзначыў неадпаведнасць індыкта году, траплянне Мсціслава пад уладу Літвы толькі ў 1359 годзе і анахранічнасць паняццяў, то бок на яго думку Васіль Нарымонтавіч у 1355 годзе не мог называцца ні «панам», ні «мсціслаўскім». Наогул, Тэнгоўскі лічыў «выпіс» з 1355 года фальсіфікатам, фундатарам куранецкай царквы мсціслаўскага князя Васіля Міхайлавіча Заслаўскага, а Васіля Нарымонтавіча сынам Нарымонта, а не ўнукам, але пры гэтым не тоесным пінскаму князю Васілю[3]. Аднак, Васіль Варонін заўважыў, што калі адлічваць індыкты не студзеньскай сістэмай, прынятай у каталіцкім свеце, а вераснёўскай, прынятай на праваслаўных землях, то 9 індыкт і праўда прыпадае на 1.9.1355-31.8.1356 гадоў, але і ён лічыць «выпіс» падазроным, у т.л. праз анахранічныя паняцці, аднак, спрабуе тлумачыць скажэнні тэксту сярэдзіны XIV ст. шматкротным перапісваннем, а таксама паказаць траплянне Мсціслава пад уладу Гедзімінавічаў раней за 1359 год[1]. Аляксандр Груша лічыць, што калі «выпіс» і не фальсіфікат, то яўна скажоны і ў ім, магчыма, змяшана ў адно некалькі імёнаў фундатараў, праз што Васіль Нарымонтавіч атрымаў дадатковае імя па бацьку — Міхайлавіч, і такім чынам князь Міхаіл Нарымонтавіч — асоба створаная разважаннямі Юзафа Вольфа[4]. З думкай Яна Тэнгоўскага, што Васіль Нарымонтавіч не ўнук, а сын Нарымонта, згодны і Яраслаў Нікодэм[5]. Наконт тоеснасці пінскага князя Васіля Нарымонтавіча з друцкім Васілём Міхайлавічам, Васіль Варонін заўважае, што нават калі Васіль Нарымонтавіч і быў Міхайлавічам, і жыў тым самым часам, і быў таксама прыхільны культу Багародзіцы, то займаў іншыя пазіцыі — быў прыхільнікам караля Ягайлы, калі друцкі князь Васіль Міхайлавіч быў прыхільнікам полацкага князя Андрэя Альгердавіча[1].

Наступным разам «Васіль князь Пінскі» (Wassily dux Penen) згаданы 27 кастрычніка 1386 года, калі ў Луцку прысягнуў на вернасць польскім каралю Уладзіславу Ягайлу і каралеве Ядвізе. Паводле Мацея Стрыйкоўскага, «Нарымонт Васіль Пінскі» браў удзел у вясельных урачыстасцях у Кракаве ў 1386 годзе. Князь «Васіль з Пінска» (Wassilio de Pinsko) 11 жніўня 1387 года разам з князем Вітаўтам і іншымі даў галіцкаму ваяводу Бенедыкту грамату пра добразычлівасць і дапамогу.[6]

Праз меркаванне Юзафа Вольфа, з пінскім князем Васілём Нарымонтавічам атаясняюць нейкага князя Васіля Міхайлавіча, другога сярод паручыцеляў за Грыдку Канстанцінавіча перад вялікім князем Скіргайлам у грамаце 1390—1392 гадоў. Цяпер, праз сумнеўнасць гэтага атаяснення, прапанаваны іншыя варыянты, яшчэ Ян Тэнгоўскі не выключаў, выбіраючы толькі сярод Гедзімінавічаў, што гэта мог быць сын Міхаіла Яўнутавіча або Міхаіла Карыята[7]. Пазней Андрэй Кузьмін прапанаваў атаясненне гэтага паручыцеля з друцкім князем Васілём Міхайлавічам[8].

Таксама захавалася недатаваная менавая грамата, якую «князь Васіль Нарымонтавіч», не тытулаваны пінскім, але відавочна ўладарны князь, даў Паўлу Катовічу на землі ў Пінскім княстве. На думку Аляксандра Грушы, грамата выдана ў 1390 годзе, у самым канцы жыцця Васіля Нарымонтавіча, па-першае, бо выдана ад імя князя Васіля, а зацверджана ўжо яго сынам князем Фядушкам, па-другое, бо планаваны «двор» на абмененых землях, напэўна, так і не быў пабудаваны. У свой час Ян Тэнгоўскі ведаў пра гэту грамату, але толькі ў «выпісе» з «Рэвізіі пушч і пераходаў звярыных» ад 1559 года ў выданні XIX ст., напэўна, лічыў яе такім самым фальсіфікатам як «выпіс» 1586 года з фундацыі куранецкай царкве і за крыніцу не разглядаў, таму грамата не згадана ў яго працы, а князь Фядушка не пададзены сярод нашчадкаў Нарымонта. Грамата, аднак, захавалася ў арыгінале, які быў даследаваны і апублікаваны ў 2010 годзе Аляксандрам Грушам. Грамата — адзіная крыніца, дзе пінскі князь Васіль называецца з імем па бацьку — Нарымонтавічам, прытым выданая ім самім, і, такім чынам, пацвярджае рацыю Яна Тэнгоўскага.[9]

На думку Юзафа Вольфа, князь Васіль Нарымонтавіч памёр у канцы XIV ст. Пазней Юзаф Пузына, уда­кладніў дату — 1390 год, ён прыйшоў да высновы, што забіты на загад князя Вітаўта, паводле Яна Длугаша і Мацея Стрыйкоўскага, «князь Нарымунд» тоесны Васілю Нарымонтавічу. Паводле Яна Длугаша, «князь Нарымунд» кіраваў абаронай віленскіх замкаў ад князя Вітаўта з немцамі і трапіў у палон, тады Вітаўт раззлаваны нейкай «падступнасцю» князя «Нарымунда» загадаў павесіць яго за ногі на возе і расстраляць з лукаў.[10]

Паводле Длугаша, жонкай «Васіля Нарымота» была Ульяна — родная сястра Ганны, жонкі Вітаўта, то бок таксама дачка смаленскага князя Святаслава Іванавіча. Напэўна, шлюб з Ульянай быў не першым, сама яна перад тым была жонкай баярына Бутрыма (пам. 1382), пляменніка вялікай княгіні Біруты, а пасля яго казні выйшла за Васіля Нарымонтавіча, пасля і яго казні, трэцім шлюбам — за ўплывовага баярына Манівіда Кайлікінавіча[11].

Меў прынамсі аднаго сына — князя Фядушку, пэўна, ад папярэдняга шлюбу, бо да 1390 года сын быў паўналетні і меў уласную пячатку.[12]

Зноскі

  1. а б в Варонін В. Друцкія князі XIV стагоддзя… С. 14-16.
  2. Белы А. Нарымонтавічы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. — Т. 5. — Мінск, 1999. — С. 297—298.
  3. Tęgowski J. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczów. — Poznań—Wrocław, 1999. — S. 26.
  4. Груша А. І. Мяноўная грамата… С. 6-7; С. 7, заўв. 1.
  5. Nikodem J. Narymunt Giedyminowicz i jego uposazenie // Scriptura custos memoriae. Prace historyczne. — Poznań, 2001. — S. 622.
  6. Груша А. І. Мяноўная грамата… С. 7-8.
  7. Груша А. І. Мяноўная грамата… С. 8, заўв. 1.
  8. Кузьмин А. В. Опыт комментария… (окончание). — С. 58.
  9. Груша А. І. Мяноўная грамата… С. 24.
  10. Груша А. І. Мяноўная грамата… С. 20.
  11. Ліцкевіч А. У. Комплекс звестак «Летапісца вялікіх княёў літоўскіх» пра нобіля Вайдылу: да праблемы верагоднасці і кантэксту // Studia Historica Europae Orientalis = Исследования по истории И87 Восточной Европы : науч. сб. Вып. 6. — Минск : РИВШ, 2013. — 314 с. — С. 155.
  12. Груша А. І. Мяноўная грамата… С. 25.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]