Ваханскі калідор

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ваханскі калідор

Ваханскі калідор — доўгая вузкая паласа зямлі, выцягнутая ў шыротным кірунку на ўсходзе Афганістана ў правінцыі Бадахшан, прырошчаная да тэрыторыі краіны выніку афгана-брытанскай дамовы 1893. Такім чынам Ваханскі калідор з'яўляецца класічнай буфернай зонай або геапалітычным выступам. Калідор падзяляе землі Пакістана і Таджыкістана, што ляжаць на поўдзень і на поўнач ад яго адпаведна. Дзякуючы Ваханскаму калідору Афганістан атрымаў мяжу з Кітаем. Прырода тут горная і суровая, насельніцтва рэдкае. Нягледзячы на гэта, са старажытных часоў калідор быў важным перавалачным шляхам з Паўднёвай (Афганістан, Індыя) у Цэнтральную (Заходні Кітай) Азію, з'яўляючыся самым складаным участкам Вялікага Шаўковага шляху.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Перавал Паўднёвы Вахджыраван, фота Аўрэла Стэйна (1912)

Горы Ваханскага калідора здаўна забяспечвалі адзіную адносна зручную магчымасць падарожжа з Бадахшана ў Яркенд. Мяркуецца, што ў ХІІІ стагоддзі гэтай дарогай у Кітай трапіў Марка Пола[1] У 1906 годзе калідор даследваў брытанец сэр Аўрэл Стэйн і адзначыў, што цягам года тут прахозіць каля ста караванаў гружаных поні.

Карта рэгіёна напрыканцы ХІХ стагоддзя, да з'яўлення калідора

Сваім з'яўленнем на палітычнай карце Ваханскі калідор абавязаны так званай Вялікай Гульні — складаным геапалітычным адносінам і дыпламатычным хадам паміж Расійскай і Брытанскай імперыямі на мяжы Цэнтральнай і Паўднёвай Азій. У 1873 вялікія дзяржавы раздзялілі гістарычны рэгіён Вахан надвое і нечакана атрымалі нежаданую супольную мяжу. Таму сэр Мортымер Дзюранд, падпісваючы з ў 1893 годзе дамову з Афганістанам аб вызначэнні мяжы па лініі, што неўзабаве стала насіць яго імя, падоўжыў афганскую тэрыторыю ажно да Кітая якраз на той самы калідор.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Вузкая алювіяльная раўніна, сціснутая гарамі

Даўжыня калідора складае 350 км, шырыня вар'юецца ад 13 да 65 км. На ўсходзе калідор раздвойваеца і фарміруе нібыта відэлец з больш высунутым паўночным "зубцом", што робіць мяжу з Кітаем даволі працягай (76 км). Адзіным зручным перавалам на гэтай мяжы з'яўляецца Паўднёвы Вахджыраван, што ў паўднёвым "зубцы" (вышыня 4923 метры!). Поўдзень калідора занятая гарамі Каракарума, поўнач — Паміра. Горы паніжаюцца з усходу на захад. Клімат вельмі суровы, зімой тэмпература звычайна ніжэйшая за -15°С, снегу ляжыць процьма. Паўночная мяжа калідора праходзіць па рэках Пяндж і Памір, прычым другая, злучаючыся з ракой Вахандар'я, ад імя якой пайшла назва рэгіёна, утварае першую.

Насельніцтва Ваханскага калідора ў 2010-м складала ўсяго 12 000 чалавек. Горы населеныя памірцамі — невялікімі мусульманскімі народамі іранскай моўнай групы.

Зноскі