Вацлаў Леанардавіч Іваноўскі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Вацлаў Іваноўскі
Вацлаў Іваноўскі
Вацлаў Іваноўскі
Міністр асветы БНР
верасень 1918 — снежань 1918
 
Партыя: Беларуская рэвалюцыйная партыя і Беларуская сацыялістычная грамада
Адукацыя: Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны тэхналагічны інстытут
Дзейнасць: драматург, журналіст
Нараджэнне: 25 мая 1880(1880-05-25)
Лябёдка Іваноўская, Лідскі павет, Віленская губерня, Расійская імперыя
Смерць: 7 снежня 1943(1943-12-07) (63 гады)
Мінск, Генеральная акруга Беларусь, Рэйхскамісарыят Остланд, Трэці рэйх
Пахаванне: Кальварыйскія могілкі
Бацька: Леанард Іваноўскі

Вацлаў Леанардавіч Іваноўскі (7 чэрвеня (25 мая) 1880, фальв. Лябёдка, зараз у межах в. Галавічполе, Шчучынскі раён — 7 снежня 1943, Менск; Псеўданімы: Вацюк Тройца, Браты Далецкія) — беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, доктар тэхнічных навук.

Біяграфічныя звесткі[правіць | правіць зыходнік]

Вацлаў Іваноўскі нарадзіўся ў сям'і Леанарда Іваноўскага, уладальніка фальварку Лябёдка Лідскага павета Віленскай губерні. Скончыў у 1904 Санкт-Пецярбургскі тэхналагічны інстытут. З 1904 па 1913 займаўся навуковай і выкладчыцкай работай у Санкт-Пецярбургу. Заснавальнік Беларускай рэвалюцыйнай партыі (1902). Пасля яе расколу ў 1903 ўзначаліў Круг беларускай народнай прасветы і культуры. Займаўся выдавецкай дзейнасцю, зрабіў апрацоўку першага буквара сучаснай беларускай мовы. У 1904-05 член ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Адыграў важную ролю ў арганізацыі прапагандыскай работы БСГ, заснаванні партыйнай друкарні ў Мінску і выдавецтва «Грамада» ў Пецярбургу. На пачатку 1906 ўзначаліў створанае ім у Пецярбургу першае беларускае выдавецтва — суполку «Загляне сонца і ў наша аконца». Адначасова супрацоўнічаў з газетай «Наша доля» і «Наша ніва» (псеўданім Вацюк Тройца).

У 19131915 Вацлаў Іваноўскі жыў у Вільні, працаваў у Віленскім таварыстве сельскай гаспадаркі, кіраваў Беларускім выдавецкім таварыствам, садзейнічаў заснаванню беларускай кнігарні В.Ластоўскага. Уваходзіў у кола тых дзеячоў беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху, якія ўключыліся ў склад ліберальна-дэмакратычнай плыні руху краёўцаў[1].

У сакавіку-верасні 1915 старшыня Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. У канцы 1915 адышоў ад палітычнай дзейнасці і жыў у Расіі. У Беларускі нацыянальны камітэт пад старшынствам Р. Скірмунта абраны завочна. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 ўключыўся ў палітычную дзейнасць, удзельнічаў ва Усебеларускім з'ездзе 1917 ў Мінску. Вырашэнне пытання беларускай дзяржаўнасці звязваў з нацыянальнай праграмай бальшавікоў.

У 1918 В.Іваноўскі стаў міністрам асветы ва ўрадзе Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), які ўзначальваў А.Луцкевіч. У снежні 1918, пасля адступлення нямецкіх войск, застаўся ў Мінску разам з Я.Лёсікам, А.Уласавым і некаторымі іншымі членамі Рады БНР, спадзючыся на стварэнне кааліцыйнага ўрада БССР з удзелам камуністаў і сацыял-дэмакратаў. У траўні 1919 арыштаваны савецкімі ўладамі і інтэрніраваны ў горад Смаленск.

Пасля вызвалення В.Іваноўскі адмовіўся выехаць у Польшчу, вярнуўся ў Мінск, дзе працаваў загадчыкам літаратурна-выдавецкага аддзела Мінскага губернскага камісарыята асветы Літоўска-Беларускай ССР.

Восенню 1919, пераканаўшыся ў памылковасці арыентацыі на Савецкую Расію, В.Іваноўскі пачаў супрацоўнічаць з польскай адміністрацыяй, увайшоў у Часовы беларускі нацыянальны камітэт у Мінску. У лютым-сакавіку 1920 як упаўнаважаны Найвышэйшай рады БНР удзельнічаў у беларуска-польскіх перагаворах, імкнуўся прадухіліць падзел Беларусі, выступаў за стварэнне федэрацыі Польшчы і Беларусі. Адначасова займаўся пашырэннем сеткі беларускіх школ на Міншчыне, кіраваў Мінскім беларускім педагагічным інстытутам, арганізаваў выпуск літаратурнага штотыднёвіка «Рунь». У кастрычніку 1920 стаў дырэктарам дэпартамента гандлю ва ўрадзе Сярэдняй Літвы.

Падзел Беларусі ў выніку Рыжскага мірнага дагавора пазбавіў В.Іваноўскага надзеі на ажыццяўленне ідэі беларускай дзяржаўнасці. Ён адмовіўся ад палітычнай дзейнасці і вярнуўся да навуковай працы. У 1922-39 займаў пасаду прафесара Варшаўскага політэхнічнага інстытута. Пасля заваявання Польшчы нацысцкай Германіяй, восенню 1939 Іваноўскі ізноў апынуўся ў Вільні, выкладаў тут ва ўніверсітэце.

У першыя месяцы нямецкай акупацыі Беларусі В.Іваноўскі кіраваў адноўленым Беларускім нацыянальным камітэтам у Вільні. У 1942 быў прызначаны нямецкімі акупацыйнымі ўладамі на пасаду бургамістра Менска. Паводле Юрыя Туронка, Вацлаў Іваноўскі, перш чым выехаць з Вільні, даручыў сваёй дачцэ Ганне вывезці з Вільні ў Лябёдку дзвюх жанчын яўрэйскага паходжання — Эму Альтберг і яе сястру Марыю Арнольд.[2] У 1943 з'яўляўся старшынём Беларускай рады даверу пры генеральным камісары Беларусі В.Кубэ, адначасова быў намеснікам старшыні Беларускага навуковага таварыства, з 30.6.1943 ўзначальваў Беларускую народную самапомач. Падтрымліваў сувязь з прадстаўнікамі Арміі Краёвай.

Загінуў у выніку тэрарыстычнага замаху. Пахаваны на мінскіх Кальварыйскіх могілках.

Гібель[правіць | правіць зыходнік]

6 снежня 1943 Вацлаў Іваноўскі быў цяжка паранены невядомымі на вуліцы, быў прывезены ў шпіталь, але там пакінуты без лекарскай дапамогі[3] і назаўтра памёр.

Раней замах на яго прыпісвалі шэфу мінскага СД Штраўху, або савецкім ці польскім партызанам, а выканаўцаў лічылі невядомымі. Гісторык Юры Туронак лічыць, што забойства было арганізавана — з ведама і згоды в.а. генеральнага камісара Беларусі Курта фон Готберга — Радаславам Астроўскім, які супернічаў за ўплыў з Іваноўскім[4]. Называюцца і прозвішчы выканаўцаў[3]. У некаторых крыніцах выканаўцам забойства названы М. Васьковіч, працаўнік Менскай гарадской управы і сябра Беларускага навуковага таварыства, які пасля ўцёк да савецкіх партызанаў[5].

Распаўсюджаная версія пра здзяйсненне замаху савецкімі партызанамі была прынятая, з розных прычын, як у пасляваеннай савецкай гістарыяграфіі, так і ў беларускім эмігранцкім асяродку, але, відаць, была створаная і пушчаная ў абарот Готбергам[4].

Ацэнкі дзейнасці[правіць | правіць зыходнік]

Яўген Хлябцэвіч і Браніслаў Тарашкевіч вызначылі В. Іваноўскага як цэнтральную фігуру беларускага жыцця ў Пецярбургу, а Максім Гарэцкі — як правадыра нацыянальнага адраджэнскага руху перад Першай сусветнай вайной. Затым постаць Вацлава Іваноўскага на многія гады была выкрэсленая з гісторыі беларускай культуры і нацыянальнага руху. Згодна з дырэктывамі камуністычных уладаў Беларусі, яго прадстаўлялі ворагам народа. Асуджэнне В. Іваноўскага савецкімі ўладамі было выкліканае не толькі яго пазіцыяй часоў нямецкай акупацыі, яно датычылася ўсёй яго дзейнасці ўвогуле.[4] З 1990-х г. у паглядзе на гэтую супярэчлівую фігуру пазначыліся прыкметныя карэктывы — у тым ліку дзякуючы працам польскага гісторыка Юры Туронка.

Ушанаванне памяці[правіць | правіць зыходнік]

Магіла Вацлава Іваноўскага на Кальварыйскіх могілках

16 снежня 2006 адбылося ўрачыстае адкрыццё надмагільнага помніка Вацлаву Іваноўскаму.[6]

Іншае[правіць | правіць зыходнік]

Вядомасць таксама атрымалі:

Зноскі

  1. Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй… С. 283.
  2. 20 нечаканых фактаў пра Вацлава Іваноўскага
  3. 3,0 3,1 Туронак, Нямецкая акупацыя…
  4. 4,0 4,1 4,2 Туронак Ю. В. Іваноўскі…
  5. Язэп Найдзюк, Іван Касяк. Беларусь учора і сяньня. – Менск: Навука і тэхніка, 1993. – 416 с. ISBN 5-343-01458-5. С.303
  6. На Кальварыі адкрыты помнік Вацлаву Іваноўскаму

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]