Ваўкавыскае ўзвышша

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ваўкавыскае ўзвышша

Ваўкавыскае ўзвышша — частка паўднёва-заходняга адгалінавання Беларускай грады на захадзе Беларусі.

Займае Ваўкавыскі раён, частку Бераставіцкага, Зэльвенскага, Свіслацкага раёнаў Гродзенскай вобласці. На поўначы ўзвышша мяжуе з Нёманскай нізінай, на ўсходзе і захадзе — з Слонімскім і Гродзенскім узвышшамі, на поўдні — з раўнінай на водападзеле рэк Нараў і Ясельда. 3 захаду на ўсход працягнулася на 70 км, з поўначы на поўдзень — на 65 км, плошча 3,2 тыс. км².

Утворана адкладамі ледавікоў чатырох зледзяненняў, аформілася ў час мінскай стадыі сожскага зледзянення. Найвышэйшы пункт — 242 м над узроўнем мора. Пераважае ўзгорыста-ўвалісты рэльеф. Паверхня ўзвышша падзелена рачнымі далінамі, лагчынамі, западзінамі. Адносныя перавышэнні на ўзвышшы дасягаюць 8-10 м, радзей — 20-25 м. Паўсюдна трапляюцца валуны.

Карысныя выкапні: цэментныя і легкаплаўкія гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, крэйда.

У антралагенавай тоўшчы Ваўкавыскага ўзвышша найбольш развітыя ледавіковыя адклады ранняга і сярэднята плейстацэну. Канчаткова аформілася ў час пасля максімальната стадыялу дняпроўскага зледзянення. Складэена з пясчана-жвіровага матэрыялу, валунных суглінкаў і супескаў з удзелам адорвеняў даантрапагенавых адкладаў (пераважна мелу). Канцовамарэнны градава-ўзгорысты, уваліста-ўзгорысты і ўзгорысты рэльеф утварае шэраг дугападобных напорных град каля г. п. Поразава, г. п. Краснасельскі, в. Пескі. Грады пабудаваны з мноства скіб-адорвеняў мелавых і палеагенавых парод, якія чаргуюцца з марэннымі і водна-ледавіковымі пародамі антрапагену. Пашыраны таксама марэнныя платопадобныя і водна-ледавіковыя раўніны з паасобнымі камамі і озамі, уздоўж далін — вузкія палоскі забалочаных зандравых і азёрна-ледавіковых нізін. На поўдні трапляюцца скразныя даліны. Рачныя даліны ўрэзаны на 20—50 м (часам да 70 м).

Па ўзвышшы цякуць рэкі басейна Нёмана — прытокі Свіслачы, Рось з прытокамі, Зальвянка. Пад ворывам знаходзіцца 50%, пад лесам — 15% узвышша.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Геаграфія Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Мн.: БелЭн, 1992. — С. 52.
  • Ваўкавы́скае ўзвы́шша // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 153. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.