Перайсці да зместу

Вежа пажарнага дэпо (Гродна)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Вежа пажарнага дэпо
Пажарнае дэпо з вежай і каралеўскімі стайнямі
Пажарнае дэпо з вежай і каралеўскімі стайнямі
53°40′40″ пн. ш. 23°49′29″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Дата пабудовы 1902 год
Мапа
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Пажарнае дэпо з вежай

Вежа пажарнага дэпо — помнік архітэктуры канца XIX — пачатку XX ст. Знаходзіцца па адрасе: Гродна, вуліца Замкавая, 19, паблізу Старога замка. Будынак захаваў гістарычнае прызначэнне: цяпер яго займае пажарная аварыйна-выратавальная частка № 1 Ленінскага раёна Гродна.

Пабудавана ў 1902 годзе з цэглы, з элементамі эклектыкі. Чатырохгранная са зрэзанымі гранямі шасціярусная вежа ўзвышаецца над аднапавярховым будынкам дэпо (службовым памяшканнем і боксам для пажарных машын). Ярусы вылучаны прафіляванымі паясамі. Незвычайнасць ярусам надаюць аконныя праёмы (лучковыя, спічастыя, арачныя, прамавугольныя і круглыя). Верхні ярус — сматравая тэраса з шатровым падстрэшкам на металічным каркасе і ажурная каваная агароджа. Элементы архітэктурнага дэкору (профілі, сухарыкі, ліштвы праёмаў) выкананыя фігурнай муроўкай. Унутры вежы — шматмаршавая лесвіца.

Будынак вядомы як былы флігель каралеўскіх канюшняў, Пажарная каманда, Вольнае пажарнае таварыства, пажарнае дэпо. Пабудаваны паміж 1783 і 1793 гадамі як адзін з жылых флігеляў каралеўскай стайні. Магчымым архітэктарам лічыцца Д. Сака. Будынак быў перабудаваны пасля пажару 1899 года: паніжаны дах, дахоўка заменена бляхай, заменена сталярка вокнаў.

Пажарнае дэпо з вежай на фота пач. 20 ст.

Сам участак, на якім стаіць дэпо, быў забудаваны яшчэ ў раннім сярэднявеччы. Згодна з матэрыяламі археалагічных раскопак, раён дэпо быў заселены ўжо ў XI ст. Лічыцца, што тут ў XII ст. на тэрыторыі старажытнага пасада была ўзведзена так званая Малая царква, што ўскосна пацвярджаюць вынікі археалагічных раскопак, праведзеных у 1987 годзе Аляксандрам Краўцэвічам. Падчас іх на згаданым участку быў зафіксаваны багаты культурны слой XII ст. На думку вядомай даследчыцы А. Квітніцкай, «манастырык на Падзамчы» (Малая царква з манастыром) знаходзілася на невысокім узгорку сярэднявечнага пасада, на поўнач ад Старога замка, то бок каля ці на месцы сучаснага пажарнага дэпо. Першая згадка пра Малую царкву і «малы папоўскі манастырык» паходзіць з фальсіфікату прывілея Вітаўта на правы і свабоды гродзенскіх яўрэяў 1389, які быў складзены ў першай палове XVI ст. Па меркаванні Квітніцкай, выява Малой царквы была зафіксавана на медзярыце Адэльгаўзера-Цюндта 1567—1568 гадоў. Згодна з гравюрай, гэта была невялікая па аб’ёме аднанефная мураваная царква, крытая двухскатным дахам, з цыліндрычным барабанам з невялікім купалам. Каралеўскія рэвізоры, якія ў канцы XVII ст. склалі спіс уладальнікаў нерухомай маёмасці горада і забудовы гарадскіх плошчаў, зафіксавалі факт знішчэння манастыра з царквой маскоўскімі войскамі ў сярэдзіне гэтага ж стагоддзя. У гэтым інвентары захавалася сціплая згадка аб тым, што на пляцы знаходзіўся «малы папоўскі манастырык пад замкам». На плане 1753 года ў раздзеле легенды плана «Спецыфікацыя. Што яшчэ з будынкаў засталося стаяць» пад літарай «h» пазначаны пляц «рускага папа з юрысдыкай і будынкам», што азначае, што ўчастак быў уласнасцю ўніяцкай царквы. Апошняя згадка пра царкву была ў 1783 годзе, калі на пляцах пачалося ўзвядзенне каралеўскай канцылярыі ды стайняў.

Выява стайняў была змешчана на плане горада 1798 года, на якім яны пазначаны пад № 14. На французскім плане 1812 года будынак пазначаны як «стайня замка, які выкарыстоўваецца як фуражны склад». У легендзе плана горада 1823—1831 года, а таксама 1824 года стайні названы мураванымі. Паводле апісання плана Гародні 1831 года, стайні з двума флігелямі былі заняты «шпіталем і рознымі шпітальнымі рэчамі». Паводле тлумачэння плана горада 1882 года, у будынках стайняў мясціўся летні шпіталь.

У пачатку XX ст. на ўчастку ўзведзены будынак пажарнага дэпо, які быў завершаны да 1902. Комплекс пажарнай часткі горада быў пабудаваны ў форме карэ. Галоўны, паўднёвы фасад комплексу з боку вуліцы Замкавай складаўся з сучасных дамоў № 17, № 19 і пажарнай вежы, якія злучаў аднапавярховы будынак з заездамі для пажарных машын. З захаду, з боку Старога замка, знаходзіўся аднапавярховы фасад. З боку Гараднічанкі і сучаснай вуліцы Траецкай праходзіў мур. У паўночнай частцы комплекса месцілася драўляная трэніровачная вежа. На плане 1903 года побач са збудаваннямі даўніх каралеўскіх стайняў бачны скарочаны подпіс вуліцы ці завулка «Пожар.», што дадаткова сведчыць аб размяшчэнні тут пажарнага дэпо.

Будынак паспяхова перажыў ваенныя ліхалецці 20 стагоддзя.

Анатоль Наліваеў. «Гродна. Вуліца Замкавая». 1966

У верасні 2006 года пачалася рэканструкцыя дэпо, падчас якой былі знойдзены чалавечыя косткі. Цягам праведзеных археалагічных раскопак былі закладзеныя 9 шурфаў розных памераў, у якіх былі знойдзеныя чалавечыя рэшткі, што сведчыць, што раней тут знаходзіліся старыя познесярэднявечныя гарадскія могілкі. Было знойдзена шмат керамікі ў вельмі шырокім часавым дыяпазоне (ад XI да XX стагоддзя), а таксама выяўлены магутныя сярэднявечныя падмуркі (магчыма Малой царквы). Падчас разбору даху будынка, што прымыкае непасрэдна да пажарнай вежы, пад перакрыццямі былі адшуканыя дакументы і выданні нейкага аддзела Арміі Краёвай, схаваныя там у канцы 1943.

Цікавыя факты

[правіць | правіць зыходнік]
  • Будынак пажарнай вежы быў найбольш «нелюбімым» будынкам знакамітага гродзенскага гісторыка Ю. Ядкоўскага. Па яго меркаванні, «абрысы гэтай вежы, якая заўсёды нешта нагадвае, перадусім пачварную „архітэктуру“ (калі можна так сказаць) захопнікаў». Таму Ядкоўскі даказваў неактуальнасць існавання пажарнай вежы ў горадзе і прапаноўваў у выпадку патрэбы перанесці назіральны пажарны пункт на званіцу Фары Вітаўта, а саму вежу разабраць і з яе цэглы ўзвесці гаспадарчыя будынкі для пажарнікаў.
  • Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. 370 с. ISBN 978-93-61617-77-8.
  • Гродно. Энциклопедический справочник / Белорус. Сов. Энцикл.; Редкол.: И. П. Шамякин (гл.ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1989. — 438 с., [12] л. ил.: ил.