Велікастахаўскае патрыятычнае падполле
Велікастахаўскае патрыятычнае падполле | |
---|---|
Гады існавання | 1941 — 1942 |
Краіна | Беларуская ССР |
Падпарадкаванне | Беларускі штаб партызанскага руху |
Тып | падполле |
Функцыя | барацьба з нямецкімі акупацыйнымі ўладамі |
Колькасць | 25 чал. (1941) |
Дыслакацыя | Вялікае Стахава, БССР |
Войны | Вялікая Айчынная вайна |
Велікастахаўскае патрыятычнае падполле — савецкае падполле для барацьбы з нямецкімі акупацыйнымі ўладамі ў в. Вялікае Стахава. Дзейнічала з верасня 1941 да 15 красавіка 1942 года. Дзейнічала пад кіраўніцтвам Барысаўскага падпольнага гаркама-райкама КП(б)Б (да лютага 1942 года). Кіраўнікі: С. Л. Бочак, А. I. Валагжанін, В. П. Бальшакоў.
Аб’ядноўвала 25 чал. У канцы 1941 года група Бочака аб’ядналася з падпольнай групай П. Ц. Солдака. Падпольшчыкі запісвалі і распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, здабывалі зброю, боепрыпасы, дакументы для ваеннаслужачых, знішчалі жывую сілу праціўніка, зрывалі мерапрыемствы акупацыйных улад, падбіралі людзей і запасалі харчы для будучага партызанскага атрада. У студзені 1942 года мелі 2 кулямёты, 2 аўтаматы, 6 вінтовак, 6 пісталетаў, 60 гранат і некалькі тысяч патронаў. У лютым Бочак, Валагжанін і У. А. Савіцкі падарвалі на чыгуначнай ветцы Барысаў — Лядзішчы эшалон, знішчылі 5 вагонаў з ваеннай маёмасцю. 25 сакавіка і летам 1942 года карныя нямецкія сілы схапілі і пасля катаванняў расстралялі 13 падпольшчыкаў.
Бальшакоў разам з уцалелымі падпольшчыкамі 15 красавіка 1942 года пайшоў у лес і ўзначаліў партызанскую групу, на базе якой і дыверсійнай групы «Бывалыя» сфарміраваны партызанскі атрад «Дзядзькі Колі».
У в. Вялікае Стахава загінуўшым падпольшчыкам пастаўлены помнік.
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Грабоўскі, С. К. Велікастахаўскае патрыятычнае падполле // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 537 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. — С. 243.