Вена (права)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Вена — агульнаславянскае паняцце, спачатку падарунак пры заключэнні шлюбу, з часам і ў розных народаў сэнс змяніўся і адрозніваўся:

  1. плата за нявесту;
  2. пасаг;
  3. вена і прывенак — падарунак мужа жонцы ці частка маёмасці мужа, якая забяспечвала пасаг жонкі.

Часам вена ўваходзіла ў склад мацярызны[1].

Плата за нявесту[правіць | правіць зыходнік]

У найстаражытнейшым значэнні слова зафіксавана «Аповесцю мінулых гадоў» пад 988 і 1043 гадамі, менавіта як выкуп за нявесту -- тым часам вена атрымлівала не нявеста, а яе сваякі як яе выкуп.

Пасаг[правіць | правіць зыходнік]

Пазней слова змяніла значэнне — венам пачалі называць пасаг, але з XVI ст. ў гэтым значэнні "вена" паступова замяняецца паняццем «пасаг».

Вена і прывенак[правіць | правіць зыходнік]

Асаблівым інстытутам сямейна-шлюбнага права на тэрыторыі ВКЛ было "вена". Паводле старажытнага звычаю, пазней узаконенега Статутам ВКЛ, жаніх перад вяселлем выдаваў сваёй нявесце так званы вяноўны запіс. У побыце гэта называлася "венаваці" бо «адправіць вена» і было падарункам нявесце ад жаніха. Вена вызначалася запісамі — «лістамі венавымі» або «апраўнымі» — юрыдычнымі дакументамі, якія ўносіліся ў гродскія і земскія актавыя кнігі «для вечнай памяці» — гэта называлася «запісаць вена». Велічыня вена вызначалася ў прадшлюбнай інтэрцызе (пагадненні), пра што дамаўляліся абодва бакі падчас змовін. Мэтай вена было маёмаснае забеспячэнне жанчыны на выпадак смерці мужа.

У адрозненне ад пасагу, які пераходзіў ва ўласнасць новай сям’і, вена назаўсёды заставалася ўласнасцю жонкі. Пасаг, вена з прывенкам пасля смерці мужа пераходзілі ўдаве і лічылася яе ўласнасцю.

Звычайна, складалася вена з двух роўных частак. Першая служыла забеспячэннем цэласнасці і недатыкальнасці сумы пасагу, атрыманага мужам ад бацькі жанчыны, другая — такой самай вартасці, звалася «прывенак». Прывенак разглядаўся як дар, а не як належнае, і запісваўся толькі тым жанчынам, якія ўпершыню ішлі ў шлюб. Прывенак быў платай, своеасаблівым прызнаннем цноты дзяўчыны, якая захавала да вяселля свой «вянок». У адным з венавых запісаў (1559) чалавек піша, што «па яе (жанчыны) пашанае да мяне стаўленне запісаў ёй (вена) падвойнае».

Сумарна вена з прывенкам складала звычайна падвойны кошт пасагу. Запісвалі вена на частцы маёмасці мужа. «Аправу вена» можна было зрабіць толькі на траціну маёмасці мужа. Гэта абмежаванне было зроблена, каб пасля смерці мужа большая частка яго маёмасці засталася ў сям’і, а не сышла з удавой.

Зямля, на якую быў зроблены вяноўны запіс, звалася «вяноўнай».

Зноскі

  1. Н. П. Старченко. Материзна // Енциклопедія історії України[ru] : у 10 т. / редкол.: В. А. Смолій[ru] (голова) та ін. ; Інститут історії України НАН України[ru]. — К.: «Наукова думка[ru]», 2009. — Т. 6 : Ла — Мі.— С. 552. — ISBN 978-966-00-1028-1. (укр.)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]