Перайсці да зместу

Вернутыя тэрыторыі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Карта, якая паказвае межы Польшчы напярэдадні 1938 года (уключае шэрую зону, якой пазначаны Крэсы Усходнія) і пасля 1945 года. «Вернутыя тэрыторыя» пазначаныя ружовым.

Вернутыя або Адноўленыя тэрыторыі (польск.: Ziemie Odzyskane) — афіцыйны тэрмін, які выкарыстоўваўся ў Польскай Народнай Рэспубліцы для апісання тэрыторый былога Вольнага горада Данцыг і часткі даваеннай Германіі, якія ўвайшлі ў склад Польшчы пасля Другой сусветнай вайны. Падставай для тэрміна «вернутыя» была Пясцкая канцэпцыя, якая дазваляла палякам лічыць, што гэтыя землі калісьці былі часткай традыцыйнай польскай тэрыторыі. Гэтыя тэрыторыі з’яўляліся часткамі польскай дзяржавы ў розныя часы, у асноўным падчас панавання сярэднявечнай дынастыі Пястаў. Але на працягу стагоддзяў мясцовае насельніцтва паступова асіміляванае немцамі, таму падчас Другой сусветнай вайны польскамоўных меншасцяў на гэтых землях амаль не існавала.

Пераважная большасць немцаў альбо ратаваліся ўцёкамі, альбо былі выгнаныя з гэтых тэрыторый пад канец і пасля вайны, хоць невялікая нямецкая меншасць застаецца там і дагэтуль. На «вернутыя тэрыторыі» былі пераселеныя не толькі польская дыяспара і палякі, якія пераехалі з Цэнтральнай Польшчы, але і ўкраінцы, і прадстаўнікі іншых меншасцяў, гвалтоўна пераселеныя ў рамках аперацыі «Вісла», а таксама і польскія «рэпатрыянты», вымушаныя з’ехаць з далучаных да Савецкага Саюза раёнаў былой Усходняй Польшчы. Камуністычныя ўлады таксама распачалі сістэматычную ліквідацыю з гэтых тэрыторый слядоў нямецкай культуры, усе нямецкія геаграфічныя назвы мяняліся на польскія.

Пасляваенная мяжа паміж Германіяй і Польшчай (граніца па Одэры — Найсэ) была афіцыйна прызнана Усходняй Германіяй у 1950 годзе і Заходняй Германіяй у 1970 годзе і зноў была пацверджана аб’яднанай Германіяй паводле дамовы аб германа-польскай мяжы ў 1990 годзе.

Аўтахтонная польская меншасць

[правіць | правіць зыходнік]
Замак Пястаў у Аполе да ягонага разбурэння мясцовымі нямецкімі ўладамі ў 1928–1930 гадах.

Пачынаючы з часоў дынастыі Пястаў, якая аб’яднала многія заходнеславянскія плямёны і кіравала Польшчай з X па XIV стагоддзі, этнічныя палякі заставаліся жыць на гэтых тэрыторыях пад іншаземнай уладай (чэшскай, нямецкай, венгерскай, аўстрыйскай і прускай). Гэта адбывалася нягледзячы на паступовае рассялення немцаў на ўсход, які пачаўся ў XIII стагоддзі з прыбыццём нямецкіх, галандскіх і фламандскіх каланістаў у Сілезію і Памеранію па ініцыятыве сілезскіх Пястаў і дынастыі Грыфічаў[1]. Падобным чынам у XIV, XV і XVI стагоддзях многія польскія пасяленцы з Мазовіі мігравалі ў паўднёвыя часткі Герцагства Прусія[2].

Перад пачаткам вайны ў Мазурыі, Варміі і Верхняй Сілезіі ўсё яшчэ пражывала значная колькасць этнічных палякаў, а ў некаторых раёнах яны складалі большасць насельніцтва[3]. Паводле перапісу нацысцкай Германіі 1939 года, на гэтых землях пражывала 8 855 000 чалавек, у тым ліку польская меншасць на самых усходніх ускраінах тэрыторый[4]. Аднак гісторыкі і дэмографы звычайна не давяраюць звесткам пра этнічныя меншасці з перапісу, праведзенага ў часы панавання НСДАП, і лічаць іх груба сфальсіфікаванымі[5]. Таму, хоць нямецкі перапіс фіксаваў колькасць польскамоўных і двухмоўных жыхароў на ўзроўні менш за 700 000 чалавек, польскія дэмографы ацэньваюць сапраўдную колькасць палякаў на былым нямецкім Усходзе ад 1,2[4] да 1,3 мільёна чалавек[6]. З гэтых 1,2 мільёна чалавек прыкладна 850 000 пражывалі ў Верхняй Сілезіі, 350 000 — на поўдні Усходняй Прусіі і 50 000 — на астатніх тэрыторыях[4].

Былы будынак рэдакцыі даваеннай польскай газеты «Gazeta Olsztyńska» ў Ольштыне, разбураны падчас нацысцкага кіравання ў 1939 годзе[7] і адбудаваны ў 1989 годзе.

У 1924 годзе ў Германіі была заснавана асацыяцыя нацыянальных меншасцей, якая прадстаўляла ў тым ліку і польскую меншасць. Ян Бачэўскі з Варміі, дэпутат прускага ландтага, ініцыяваў закон, які дазваляў заснаванне школ для нацыянальных меншасцей[8]. У 1938 годзе нацысцкі ўрад змяніў тысячы тапонімаў (асабліва назваў гарадоў і вёсак) польскага паходжання на новыя, штучна створаныя нямецкія назвы; каля 50% усіх існых назваў былі зменены толькі за адзін гэты год[9]. Акрамя таго, для сачэння за польскімі супольнасцямі засылаліся тайныя агенты. Збіраліся звесткі пра тых, хто аддаваў дзяцей у польскія школы або купляў польскія кнігі і газеты. Польскія школы, друкарні, будынкі польскіх устаноў, а таксама прыватныя дамы і крамы палякаў рэгулярна падвяргаліся нападам з боку членаў СС (Schutzstaffel, SS)[10]. Нягледзячы на гэта, у гады Другой сусветнай вайны тысячы палякаў былі прымусова пераселены на гэтыя землі або мігравалі туды добраахвотна.

Невялікія ізаляваныя анклавы этнічных палякаў таксама захоўваліся ў Памераніі, на Любушскай зямлі і ў Ніжняй Сілезіі. Яны ўключалі ў сябе як асобныя раскіданыя вёскі, што заставаліся этнічна польскімі, так і буйныя гарады, такія як Уроцлаў (Брэслаў), Шчэцін (Штэтын) і Зялёна Гура (Грунберг-ін-Шлезін), дзе існавалі невялікія польскія абшчыны[11][12][13].

Пасляваеннае насельніцтва паводле перапісу 1950 года

[правіць | правіць зыходнік]
Палякі з СССР на Вернутых тэрыторыях паводле паветаў, 1950 год.

Падчас польскага пасляваеннага перапісу ў снежні 1950 года былі сабраны звесткі пра даваеннае месца жыхарства насельніцтва па стане на жнівень 1939 года. (Што тычыцца дзяцей, народжаных у перыяд з верасня 1939 года па снежань 1950 года, іх месца жыхарства ўказвалася на аснове даваеннага месца жыхарства іхняй маці.) Дзякуючы гэтым звесткам можна аднавіць даваеннае геаграфічнае паходжанне пасляваеннага насельніцтва. Многія раёны, размешчаныя паблізу даваеннай нямецкай мяжы, былі заселены жыхарамі суседніх прымежных тэрыторый даваеннай Польшчы. Напрыклад, кашубы з даваеннага Польскага калідора сяліліся ў суседніх раёнах нямецкай Памераніі, прылеглых да польскай Памераніі (Памор’я). Выхадцы з Пазнаньскага ваяводства даваеннай Польшчы асядалі ва Усходнім Брандэнбургу. Жыхары Усходняй Верхняй Сілезіі пераязджалі ў астатнюю частку Сілезіі. У сваю чаргу, людзі з Мазовіі і Сувалкаўшчыны перамяшчаліся ў суседнюю Мазурыю. Палякі, выгнаныя з былых польскіх тэрыторый на ўсходзе (сёння гэта пераважна часткі Украіны, Беларусі і Літвы), масава сяліліся на ўсіх Вернутых тэрыторыях (аднак многія з іх таксама аселі ў цэнтральнай Польшчы).

Паходжанне перасяленцаў і колькасць карэннага насельніцтва на Вернутых тэрыторыях у 1950 годзе
(павятовыя звесткі, згрупаваныя паводле даваенных адміністрацыйных межаў)[14]
Рэгіён (у межах 1939 года): Заходняя Верхняя Сілезія Ніжняя Сілезія Усходні Брандэнбург Заходняя Памеранія Вольны горад Данцыг Паўднёвая Усходняя Прусія Усяго
Карэннае насельніцтва (грамадзяне Германіі / Данцыга ў 1939 годзе) 789,716 120,885 14,809 70,209 35,311 134,702 1,165,632
Прымусова выселеныя палякі з Крэсаў (СССР) 232,785 696,739 187,298 250,091 55,599 172,480 1,594,992
Палякі з-за мяжы (за выключэннем СССР) 24,772 91,395 10,943 18,607 2,213 5,734 153,664
Перасяленцы з горада Варшавы 11,333 61,862 8,600 37,285 19,322 22,418 160,820
З Варшаўскага рэгіёна (Мазовія) 7,019 69,120 16,926 73,936 22,574 158,953 348,528
З Беластоцкага рэгіёна і Сувальшчыны 2,229 23,515 3,772 16,081 7,638 102,634 155,869
З даваеннай польскай Памераніі 5,444 54,664 19,191 145,854 72,847 83,921 381,921
Перасяленцы з Пазнаньскага рэгіёна 8,936 172,163 88,427 81,215 10,371 7,371 368,483
Катавіцкі рэгіён (Усходняя Верхняя Сілезія) 91,011 66,362 4,725 11,869 2,982 2,536 179,485
Перасяленцы з горада Лодзі 1,250 16,483 2,377 8,344 2,850 1,666 32,970
Перасяленцы з Лодзьскага рэгіёна 13,046 96,185 22,954 76,128 7,465 6,919 222,697
Перасяленцы з Келецкага рэгіёна 16,707 141,748 14,203 78,340 16,252 20,878 288,128
Перасяленцы з Люблінскага рэгіёна 7,600 70,622 19,250 81,167 19,002 60,313 257,954
Перасяленцы з Кракаўскага рэгіёна 60,987 156,920 12,587 18,237 5,278 5,515 259,524
Перасяленцы з Жэшаўскага рэгіёна 23,577 110,188 13,147 57,965 6,200 47,626 258,703
Месца жыхарства ў 1939 годзе невядомае 36,834 26,486 5,720 17,891 6,559 13,629 107,119
Усяго насельніцтва ў снежні 1950 года 1,333,246 1,975,337 444,929 1,043,219 292,463 847,295 5,936,489
  1. ↑ Herbers & Jaspert 2007, p. 76 ff.
  2. ↑ Kossert 2006, pp. 210–211.
  3. ↑ Blanke 2001, pp. 253–254.
  4. 1 2 3 Eberhardt & Owsinski 2003, p. 142.
  5. ↑ Sienkiewicz & Hryciuk 2008, p. 15.
  6. ↑ Roszkowski 1998, p. 157.
  7. ↑ Sobociński, Leon (1947). Na gruzach Smętka(польск.). Warszawa: Wydawnictwo B. Kądziela. p. 61.
  8. ↑ Mareš 2018.
  9. ↑ Martin 1998, p. 55.
  10. ↑ Wardzyńska 2003–2004, pp. 38–42.
  11. ↑ Davies & Moorhouse 2003, p. 90.
  12. ↑ Poniatowska & Drewniak 1961.
  13. ↑ Weczerka 2003, p. 166.
  14. ↑ Kosiński, Leszek (1960). Pochodzenie terytorialne ludności Ziem Zachodnich w 1950 r. [Тэрытарыяльнае паходжанне жыхароў Заходніх зямель у 1950 годзе] (PDF). Dokumentacja Geograficzna(польск.). 2. Warsaw: PAN (Polish Academy of Sciences), Institute of Geography: Табліца 1 (даныя па паветах). Архівавана (PDF) з арыгінала 2020-01-02. Праверана 2026-09-18 – via Repozytorium Cyfrowe Instytutów Naukowych.