Витебская жизнь
«Витебская жизнь» | |
---|---|
Тып | газета |
Краіна | |
Заснавана | 1 (14) лютага 1906 |
Спыненне публікацый | 28 лютага (13 сакавіка) 1906 |
Мова | руская |
Галоўны офіс |
«Витебская жизнь» — штодзённая грамадска-палітычная, навуковая і літаратурная газета памяркоўна-ліберальнага кірунку. Выдавалася з 1(14) лютага да 28 лютага (13 сакавіка) 1906 г. у Віцебску на рускай мове. Выдавец — прысяжны павераны Ф. Ю. Држэвінскі, рэдактар — урач, дэпутат 1-й Дзяржаўнай Думы Расійскай імперыі Р. Я. Брук. Выйшлі 22 нумары.
Рэдакцыя абвяшчала, што апрача мясцовых аўтараў з газетай будуць супрацоўнічаць лідары кадэтаў П. Б. Струвэ і П. М. Мілюкоў, латышскі сацыял-дэмакрат П. I. Стучка. Выступала за буржуазна-дэмакратычныя рэформы, за мірны пераход ад паліцэйска-бюракратычных метадаў кіравання да канстытуцыйнай прававой дзяржавы. Надрукавала праграмны дакумент кадэтаў «Ад групы рускіх канстытуцыяналістаў», у якім асуджаліся «тэрарыстычная група эсэраў» і ўрадавы тэрор супраць удзельнікаў рэвалюцыйнага руху. У інфармацыі пра з'езд гандлёва-прамысловай партыі (2 — 6 лютага 1906, Масква) крытыкавала кансерватызм акцябрыстаў. У артыкуле «Дыктатура пралетарыяту» А. С. Ізгоева з пазіцый кадэцкага лібералізму крытыкавалася тэорыя і палітычная тактыка бальшавікоў. Асуджала ваенна-палявыя суды і расправы над паўстанцамі ў беларуска-літоўскіх губернях, Эстоніі, абараняла ад хлуслівых абвінавачанняў Латышскую арганізацыю РСДРП. Друкавала вершы, эцюды і апавяданні мясцовых пісьменнікаў, змясціла фельетон пра палітыку старшыні Савета Міністраў С. Ю. Вітэ. Інфармавала пра тэатральнае жыццё ў Віцебску.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Конан, У. М. «Витебская жизнь» / У. М. Конан // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 2: Беліцк — Гімн. — Мн.: БелЭн, 1994. — 536 с. — С. 306. — ISBN 5-85700-142-0.
- Подлипский, А. Периодическая печать Витебска / А. Подлипский; Витебский краеведческий фонд им. А. Сапунова, Витебская областная организация Белорусского союза журналистов. — Витебск: УПП «Витебская областная типография», 2001. — 159 с. — С. 19 — 20. — ISBN 985-6323-82-7.