Воля народу

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Воля народу (1923))
«Воля народу»
Тып газета
Выдавец Уладзіслаў Знамяроўскі
Рэдактар Уладзіслаў Знамяроўскі
Заснавана 21 кастрычніка 1923
Спыненне публікацый 25 кастрычніка 1923
Мова беларуская
Галоўны офіс

«Воля народу» — газета рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку. Выдавалася 2125 кастрычніка 1923 г. у Вільні на беларускай мове.

Рэдактар-выдавец У. Знамяроўскі. У газеце супрацоўнічалі Я. Пачопка, А. Радкевіч і інш. Мела рубрыкі: «Палітычныя падзеі», «Весткі з вёскі», «З польскага сойму», «З газет», «Хроніка». Выступала супраць антынароднай палітыкі польскага ўрада, нацыянальнага прагнёту, узнімала пытанні сацыяльнага становішча сялянства ў Заходняй Беларусі. Заклікала да гуртавання беларускіх сіл і арыентацыі іх на беларускіх паслоў у сейме, аналізавала палітычнае становішча ў краіне (артыкул «Каму бэндзе гожай», а каму «бэндзе лепей» пад псеўданімам Віс), разглядала высунутую яшчэ ў 1910-я г. еўрапейскімі сацыял-дэмакратамі ідэю Злучаных Штатаў Еўропы (артыкул «Злучаныя Штаты Еўропы» Радкевіча), выказвала занепакоенасць узмацненнем таталітарных тэндэнцый у Германіі (публікацыя Кугельмана). Шмат увагі аддавала развіццю грамадскага самаўсведамлення працоўных, барацьбе за беларускую асвету, заклікала адкрываць прыватныя беларускія школы, ствараць сельскія кааператывы (публікацыі пад псеўданімам П.Бахрым), гурті артыстаў-аматараў, пасылаць «хадакоў» у сейм і ўрад. Змешчаны інтэрпеляцыя беларускіх дэпутатаў у сейм у сувязі са злоўжываннямі польскіх вайскоўцаў на заходнебеларускіх землях, матэрыялы пра рэпрэсіі польскіх улад у Валожынскім і Вілейскім павеце, інфармацыя аб падзеях у свеце (выступленні беспрацоўных у Берліне, Кёльне і інш. гарадах Германіі, дыверсіі ў рэдакцыях фашысцкіх газет і работу парламента ў Італіі, парламенцкія выбары ў Аўстрыі, міжнародную сялянскую канферэнцыю ў Маскве і інш.). Рэкламавала новыя кнігі, перыядычныя выданні, друкавала паралы сельскім гаспадарам. Выйшлі 2 нумары.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Чарняева, А.І. «Воля народу» / А.І.Чарняева // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 2. Беліцк — Гімн / БелЭн; Рэдкал.: Б.І.Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э.Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — 537 с.: іл. – С. 357. — ISBN 5-85700-142-0.