Камаран

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Востраў Камаран)
Камаран
ар. كمران
Выгляд з космасу
Выгляд з космасу
Характарыстыкі
Плошча108 км²
Насельніцтва2 200 чал.
Шчыльнасць насельніцтва20,37 чал./км²
Размяшчэнне
15°22′ пн. ш. 42°35′ у. д.HGЯO
АкваторыяЧырвонае мора
Краіна
Камаран (Емен)
Камаран
Камаран
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Камара́н (араб. كمران‎‎, літаральна «два месяцы») — востраў на поўдні Чырвонага мора каля ўзбярэжжа Емена. Плошча — 108 км². Насельніцтва (2012) — 2200 чал.[1]

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Востраў Камаран месціцца каля паўночна-заходняга ўзбярэжжа Емена. Аддзелены ад Аравійскага паўвострава вузкім пралівам (1,96 км). Даўжыня — каля 12 км, шырыня — каля 7 км. Мае шэльфавае паходжанне. З трох бакоў акружаны каралавымі рыфамі. Паверхня плоская, толькі на поўдні вылучаюцца пагоркі. Найвышэйшы пагорак — Джабал-Яман (24 м)[2].

Клімат засушлівы трапічны. Сярэдняя тэмпература вагаецца ад +25 °C у зімовыя месяцы да +32 °C у летнія. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — 80 мм.[3]

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

Паверхня вострава Камаран пустынная з частымі пыльнымі бурамі. Галоўнае прыроднае багацце — мангры, якія займаюць каля 7 км узбярэжжа[4].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

На востраве Камаран захаваліся старажытныя нагрувашчванні ракавін малюскаў, якія падобна такім жа нагрувашчванням на суседнім Фарасане, могуць з’яўляцца рэшткамі палеалітычных паселішчаў. Аднак мясцовае насельніцтва лічыць іх персідскімі магіламі[5]. У сярэдзіне 1 тысячагоддзя н. э. Сасаніды сапраўды імкнуліся ўсталяваць кантроль над гэтым рэгіёнам[6]. Пакінутае персідскае ўмацаванне прыгадвалі і партугальцы. Яны захапілі Камаран у XVI ст., аднак былі вымушаны пакінуць яго ў XVII ст. у сувязі з ціскам аманскіх арабаў. У XVII — пачатку XIX стст. ім валодалі егіпецкіе мамлюкі і розныя валадары еменскіх арабаў.

У 1860 г. на Камаране была пабудавана брытанская тэлеграфная станцыя, але сам востраў перайшоў пад кантроль Асманскай Порты і выкарыстоўваўся як важны транзітны пункт для пілігрымаў у Меку. Асманскія ўлады ўзнавілі старажытныя ўмацаванні, выкапалі калодзежы і зрабілі праходы ў каралавых рыфах. У 1882 г. Камаран наведалі 44 тысячы пілігрымаў. У 1915 г. востраў быў акупаваны брытанскімі войскамі і падпарадкаваны ўладам Брытанскай Індыі. У 1926 г. частку адказнасці за транзітны цэнтр атрымалі прадстаўнікі Галандскай Індыі. Падчас II Сусветнай вайны выкарыстоўваўся для ваенных аперацый супраць італьянскай калоніі Эрытрэя.

У 1967 г. перададзены Паўднёваму Емену. У 1972 г. далучаны ваенным шляхам да Паўночнага Емена[7]. З 1990 г.у складзе аб'яднанага Емена.

Зноскі