Воўк у Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Воўк у Гродзенскім заапарку

Воўк для Беларусі — абарыгенны від сысуноў, самы буйны прадстаўнік беларускай фаўны сабачых, значны аб’ект навуковых даследванняў і важны культурны сімвал.

Папуляцыя ваўкоў на тэрыторыі Беларусі — донарская, якая падтрымлівае папуляцыю ваўкоў на тэрыторыі заходнееўрапейскіх дзяржаў, пры гэтым поўнач Беларусі бесперашкодна падсілкоўваецца ваўком за кошт Пскоўскай і Наўгародскай абласцей Расіі[1].

Аптымальнай колькасцю ваўка ў сярэднім для тэрыторыі Беларусі лічыцца папуляцыя ў 2500-3000 асобін[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Пудзілы ваўчанят у Музеі прыроды і экалогіі Рэспублікі Беларусь
Пудзіла ваўка ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі

Ваўкі з’яўляюцца абарыгенным відам лясоў Еўропы, у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі. У навуковай супольнасці пакуль няма кансэнсусу па абазначэнні этнічнай прыналежнасці неўраў, згаданых у 4-й кнізе «Гісторыі» Герадота ў V стагоддзі да н.э., няглядзечы на тое, што некаторыя лічаць, што межы іх рассялення захоплівалі тэрыторыю сучаснай Беларусі, але няма сумневаў, што ваўкі жылі на гэтых землях ужо ў тыя часы.

На ваўкоў палявалі не дзеля мяса, але для паляўнічай доблесці, здабычы каштоўнага футра, а таксама таму, што вялікія зграі ваўкоў здольныя наносіць вялікую шкоду і паляўнічым угоддзям, і сельскай гаспадарцы, і жыццям людзей.

Звычайна ваўкі не палююць на людзей, але гэта не тычыцца ваўкоў, хворых на шаленства, такія асобіны вельмі небяспечныя і ў Беларусі рэгулярна здараюцца выпадкі масавых інцыдэнтаў з удзелам хворых ваўкоў. Адным з самых вядомых стала так званая Бітва ў Мёрах 1957 года, калі ад аднаго ваўка пацярпела 25 чалавек, 19 з якіх — цяжка.

Сучасная папуляцыя[правіць | правіць зыходнік]

Воўк у нацыянальным парку «Браслаўскія азёры»

Дакладная колькасць ваўкоў навукоўцам невядомая. Прычынамі з’яўляюцца трансгранічныя міграцыі, ваганні колькасці ваўкоў між сезонамі, дазвол на паляванне без ліцэнзій і іншае. Акрамя гэтага, з-за абмежавання гаспадарчай і іншай дзейнасці на тэрыторыі зоны адчужэння вакол Чарнобыльскай АЭС падлік ваўкоў там значна абцяжараны, але ёсць меркаванне, што іменна там тэрыторыя найбольшага распаўсюджання беларускіх ваўкоў[1].

На 2010-2020-я гады ў Беларусі існуе невырашаная дыскусія паміж паляўніцтвазнаўцамі і эколагамі. Першыя лічаць, што папуляцыя ваўкоў у Беларусі празмерная, яны шкодзяць капытным і сельскай гаспадарцы, а таму трэба не толькі дазволіць працягваць вольнае паляванне на ваўкоў, але пашырыць яго. Эколагі прыводзяць дадзеныя даследванняў, што паляванне на ваўкоў станоўча дзейнічае на шкоду гаспадарцы, гэта значыць, што чым больш ваўкоў заб’юць у бягучым годзе, тым больш задушаных сельскагаспадарчых жывёл у наступным будзе знойдзена. Адной з магчымых прычын называецца тое, што масавае паляванне падвышае стрэс у ваўкоў, з-за чаго яны з-за страху менш праводзяць часу побач з забітай ахвярай і не з’ядаюць яе цалкам[2].

Уліковая статыстыка ставіцца навукоўцамі пад сумнеў, таму што ёсць відавочныя несупадзенні паміж колькасцю ваўкоў, забітых паляўнічымі штогод, і падлікамі колькасці папуляцыі. Акрамя гэтага, пад сумнеў ставяць і дадзеныя па колькасці забітых ваўкоў[2].

Існуе некалькі ініцыятыў па вывучэнні паводзін ваўкоў у Беларусі з дапамогай электронных ашыйнікаў, але гэта не можа вырашыць праблемы з недакладным улікам іх колькасці.

Дынаміка агульнай колькасці[правіць | правіць зыходнік]

Дынаміка здабычы[правіць | правіць зыходнік]

Утрыманне ў няволі[правіць | правіць зыходнік]

Воўк у Мінскім заапарку у кастрычніку 2011 годзе.

Ваўкі жывуць у Гродзенскім, Віцебскім, Жлобінскім і Мінскім заапарках, у Магілёўскім заасадзе.

Біялогія[правіць | правіць зыходнік]

У Беларусі воўк жыве ва ўсіх ландшафтах. Ва ўмовах краіны воўк сілкуецца капытнымі: лось, кабан, алень, казулі, не грэбуе грызунамі і птушкамі, есць таксама ягады і розныя плады. У адрозненне ад некаторых іншых драпежных звяроў ваўкі часта вяртаюцца да недаедзенай стравай рэштках уласнай здабычы, асабліва ў галодны час года. У Беларусі гон ў ваўкоў праходзіць у лютым-сакавіку[3].

Навуковыя даследаванні ваўкоў у Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

У межах унікальнага для Беларусі даследвання ў супрацоўніцтве з амерыканскімі калегамі вядзецца ацэнка ўзроўня ўздзеяння радыяцыі на ваўкоў на тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка[4]. Нягледзячы на тытульныя мэты даследвання, у ім атрымана шмат ускосных дадзеных пра міграцыі ваўкоў, тэрыторыі зграй і шчыльнасць драпежніка ў Чарнобыльскай зоне[4].

У Белавежскай пушчы быў запушчаны праект, у якім у рамках Міжнароднай прыродаахоўнай праграмы ў падтрымку запаведнасці, якую падпісалі нацыянальны парк «Белавежская пушча», грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» і Франкфурцкае заалагічнае таварыства (Германія) вывучаецца папуляцыйная экалогія воўка[5]. У межах праекта восенню 2015 года ў Белавежскай пушчы адмысловымі ашыйнікамі з GPS-перадатчыкамі былі пазначаны пяць ваўкоў. Прылада дасылала SMS-паведамленні пра перамяшчэнні звера, і давала навукоўцам важныя дадзеныя: паводле якіх законаў жывуць ваўкі, у чым іх роля ў экалагічнай сістэме леса і што ў нашыя дні ўяўляе сабой жыццё гэтага драпежніка. Белавежская пушча — першая асабліва ахоўваемая прыродная тэрыторыя Беларусі, дзе для правядзення даследаванняў быў уведзены мараторый на паляванне на воўка. У падтрымку навукоўцы праекта стварылі сеціўны праект «Воўчы блог», дзе распавядаюць як навуковыя навіны праекту, так і навукова-папулярныя артыкулы пра ваўкоў, іх паводзіны і звычкі.

У студзені 2019 года было падпісана грантавае пагадненне паміж Франкфурцкім заалагічным таварыствам і грамадскай арганізацыяй «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) аб рэалізацыі праекта «Палессе — дзікая прырода без межаў: абарона аднаго з найбуйнейшых прыродных ландшафтаў Еўропы»[6]. У межах гэтага праекту праводзіцца адлоў ваўкоў і пазначэнне іх GPS-ашыйнікамі, каб сачыць за іх маршрутамі. Даследаванне вядзецца не толькі з мэтай вывучыць жыццё і экалогію ваўкоў, але і для далейшага абмежавання палявання на іх з улікам атрыманых звестак. Праект фінансуецца Аркадыяй — дабрачынным фондам Лізбет Раўзінг  (англ.) і Пітэра Болдуіна  (англ.)[7].

Ахова[правіць | правіць зыходнік]

Памятная манета «Воўк» з серыі «Ахова навакольнага асяроддзя»

У Беларусі воўк не абаронены законам. За забітую жывёлу ў сучаснай Беларусі ўзнагарода не выплачваецца. Паляўнічы пры сустрэчы з ваўком мае права самастойна вырашаць, ці варта паляваць звера. Мараторый на забойства ваўкоў дзейнічае толькі ў некалькіх запаведных зонах, сярод якіх Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік, Бярэзінскі біясферны запаведнік, Белавежская пушча і Налібоцкая пушча[2].

Першы план кіравання папуляцыяй ваўка ў Рэспубліцы Беларусь быў распрацаваны навукоўцамі Нацыянальнай акадэміі навук і ўхвалены на калегіі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ў 2009 годзе. Неабходнасць наяўнасці такога дакумента была выклікана міжнароднымі абавязацельствамі Рэспублікі Беларусь у рамках канвенцыі CITES  (руск.) і Бернскай канвенцыі. У адпаведнасці з Канвенцыяй аб міжнародным гандлі відамі дзікай фауны і флоры, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення (CITES), воўк знаходзіцца ў спісе рэдкіх і знікаючых відаў. Бернская канвенцыі «Аб ахове дзікай флоры і фаўны і прыродных месцаў пражывання ў Еўропе» забараняе масавае паляванне на ваўка. Пры гэтым у 2013 годзе Беларусь далучылася да Бернскай канвенцыі з агаворкай пра тое, што «для Рэспублікі Беларусь неактуальным з’яўляецца строгае захаванне папуляцыі ваўкоў»[1].

У культуры[правіць | правіць зыходнік]

Воўк у беларускай культуры з’яўляецца татэмнай жывёлай. Культ ваўка ў беларусаў вельмі моцны і дажыў да сёняшніх дзён. Святы Юрый воўчы пастух. Ад зімовага Юр’я да вясновага Юр’я ваўкам воля.

Ваўкі шырока адлюстраваны ў беларускай тапаніміцы.

У літаратуры і фальклоры[правіць | правіць зыходнік]

М. Эндэ. Вокладка кнігі Я. Коласа «Воўк — дурань. Казка». 1928

Існуе некалькі версій паходжання ваўка паводле беларускага фальклору: па адной яго стварыў чорт з-за зайздрасці дасканаласці божых стварэнняў, па другой — бог, што стварыў ваўчыныя зграі, каб яны шкодзілі свойскай жывёле, а дзяцей-сірот, якіх не было каму даглядаць, узялі пастухамі[8][9].

З аднаго боку воўк выступае негатыўным, жорсткім персанажам: як стварэнне чорта, як антыпод казы ў калядным цыкле, з іншага боку воўк з’яўляецца прыкладам перамогі, мужнасці і клапатлівасці аб сваім нашчадстве.

У беларусаў існуе павер’е пра тое, што воўк, які перабег дарогу каму-небудзь, прадракае шчасце, напрыклад, вядома прыказка воўк дарогу перабег, якая выкарыстоўвалася ў значэнні вельмі шанцуе каму-небудзь[10] Воўк — традыцыйны герой беларускіх народных казак.

Легенды пра ваўкалакаў — людзей, якія могуць пераўтварацца ў ваўкоў, шырока распаўсюджаны ў міфалогіі беларусаў і розныя іх версіі шырока зафіксаваны этнографамі па ўсёй тэрыторыі этнічнага рассялення.

Паводле «Слова пра паход Ігараў», полацкі князь Усяслаў Чарадзей «людемъ судяше, княземъ грады рядяше, а самъ въ ночъ влъкомъ рыскаше; изъ Кыева дорыскаше до куръ Тмутороканя, великому Хръсови влъкомъ путь прерыскаше»[11].

Некаторыя творы рамантыкаў прадстаўляюць пазітыўны вобраз «дзікага» ваўка. Адам Міцкевіч узгадваў легенду пра жалезнага ваўка  (руск.), які явіўся ў сне князю Гедзіміну і пазначыў месца заснавання будучай Вільні.

Папулярны ў беларускай літаратуры вобраз «лірычнага» ваўкалака стварыў паэт П. Багрым:

" Дзе ж я пайду? Мілы Божа!

Пайду ў свет, у бездарожжа, У ваўкалака абярнуся,

3 шчасцем на вас азірнуся.
Зайграй, зайграй хлопча малы…
"

Вобраз ваўкалака ёсць у паэзіі А. Абуховіча («Чараўніца ўракла — // Быў я колісь ваўкалакам»), Янкі Купалы («Ваўкалак»[12]), у сучаснай беларускай прозе (аповесць А. Наварыча «Ваўкалак»)[13].

У геральдыцы і баністыцы[правіць | правіць зыходнік]

У філатэліі[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. а б в г «Функции волка в лесу сравнимы с функциями кошки в сельской хате» (руск.)
  2. а б в «Когда слышат про 300 волков — сразу хватаются за ружья». Ученые и охотники спорят из-за хищника (руск.)
  3. Волк обыкновенный (Canis lupus) (руск.)
  4. а б Волки живут внутри «зоны» и оттуда не выходят Архівавана 9 снежня 2020. (руск.)
  5. Аб праекце Архівавана 18 мая 2021.
  6. Полесье — дикая природа без границ: защита одного из крупнейших природных ландшафтов Европы(недаступная спасылка) (руск.)
  7. Палескія ваўкі зноўку дасылаюць вучоным сігналы(недаступная спасылка) (руск.)
  8. Салавей Л. Воўк//Міфалогія беларусаў. Энцыклапедычны слоўнік — Мінск: Беларусь, 2011. С. 89—91
  9. 7193
  10. Лепешаў, I. Я. Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў / І. Я. Лепешаў. — Мінск : БелЭн, 2004. — 448 с. С. 79-80.
  11. «Слова пра паход Ігараў» Мінск, 1986. — С. 32
  12. Купала Я. 36. тв. У 7 т. Т. 3. — Мінск, 1973. — С. 7—8
  13. Уладзімір Конан. АРХЕТЫПЫ НАШАЙ КУЛЬТУРЫ Архівавана 17 сакавіка 2018.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Кучмель С. В. «Волк»/ Звери: Популярный энциклопедический справочник (Животный мир Беларуси). Минск, 2003. С.102-107
  • Волк / В. Ф. Дунин, Н. Н. Воронецкий, В. С. Пискунов и др. ; Пол. гос. радиац.-экол. заповедник. — Мозырь : ИД «Белый ветер», 2002. — 92, [2] с. ; 21 см. — (Природа Полесского заповедника). — Библиогр.: с. 79-83 (86 назв.). — 83 экз. — ISBN 985-447-299-X (в пер.) : Б.ц.
  • Волк : Природа Полес.заповедника / Под ред. Пикулика М. М.; Полес.гос.радиац.-экол.заповедник (ПГРЭЗ). — Мозырь : ООО ИД «Белый Ветер», 2002. — 93,[3] с. : ил. — Авт.указаны на обороте тит.л. — Библиогр.:с.79-83. — ISBN 985-447-299-X

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]