Камсамольская вуліца (Мінск)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Вуліца Камсамольская, Мінск)
Камсамольская вуліца
Мінск
Фатаграфія
Агульная інфармацыя
Краіна Беларусь
Горад Мінск
Раён Цэнтральны
Гістарычны раён Верхні горад, Новы горад
Працягласць 800 м
Найбліжэйшыя
станцыі метро
Кастрычніцкая,
Купалаўская,
Няміга
Ранейшыя назвы Феліцыянская, Багадзельная
Код вуліцы 371[1]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы


Камсамольская вуліца (раней Феліцыя́наўская, Богаяўле́нская, Багадзе́льная) — часткова пешаходная вуліца ў Цэнтральным раёне Мінска. Працягласць — каля 800 м ад вуліцы Няміга да вуліцы Кірава. Вуліца пешаходная на адрэзку ад вуліцы Інтэрнацыянальнай да Нямігі.

На вуліцы размешчаны клуб імя Дзяржынскага, грамадская прыёмная КДБ Беларусі, гімназія, цэнтральная кнігарня.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Вуліца Багадзельная, 1915

Узнікла ў 16 стагоддзі. Першапачаткова мела назву Феліцыянаўская. Вуліца Феліцыянаўская праходзіла каля Марыінскага касцёла (Кафедральны касцёл на плошчы Свабоды), у адной вежы якога захоўваліся мошчы святога Феліцыяна, абаронцы горада[2]. У пачатку 19 стагоддзя ў выніку ажыццяўлення першага праектнага плану Мінску, зацверджанага 21 лютага 1817 года, была выпрастана[3]. У 1866 годзе вуліца атрымлівае назву Багадзельная[4], бо на ёй знаходзілася гарадская багадзельня[2]. Пасля ўсталявання савецкай улады вуліца пераназвана, з 1922 года яна носіць назву Камсамольская.

Рэканструкцыя[правіць | правіць зыходнік]

Пешаходная Камсамольская
Пачатак вуліцы

З восені 2017 па чэрвень 2018 года вялася рэканструкцыя Рэвалюцыйнай і Камсамольскай вуліц са стварэннем пешаходнай зоны па праекце «Мінскай спадчыны». Галоўнай вуліцай у рэканструкцыі стала Камсамольская, дзе з’явілася шырокая 250-метровая пешаходная зона ад вуліцы Інтэрнацыянальнай да Нямігі, праз якую па цотным боку ідзе скразны праезд з паваротам на Рэвалюцыйную, аддзелены слупкамі з ланцугамі паміж імі. Пасярод пешаходнай зоны высадзілі шарападобныя клёны, паставілі лаўкі, гранітныя кветачніцы і стылізаваныя пад даўніну ліхтары, на скрыжаванні з вуліцай Рэвалюцыйнай устаноўлены гадзіннік з паказальнікамі. Пешаходная частка забрукавана гранітнай пліткай, праезд — бетоннай[5][6][7]. Колерам было пазначана месца, дзе знаходзіўся касцёл Святога Міхаіла Арханёла. Праект быў раскрытыкаваны грамадскасцю за архітэктурныя рашэнні, захаванне праезду для аўтатранспарту, небяспечныя ланцугі і іншыя элементы на шляху пешаходаў, адсутнасць нармальнай вадасцёкавай сістэмы[8]. На працягу лета 2018 года ў час залеваў скрыжаванне з вул. Рэвалюцыйнай некалькі разоў затоплівала, паколькі ліўневая каналізацыя не спраўлялася з такім аб’ёмам вады, ад падтапленняў пацярпелі кафэ, офісы і крамы. Было прынята рашэнне ўстанавіць дадатковыя дажджавыя прыёмнікі[9].

Характэрныя будынкі і збудаванні[правіць | правіць зыходнік]

Па няцотным баку[правіць | правіць зыходнік]

Дом № 5
Дом № 7
Дом № 9/16
Дом № 11
Дом № 13
Дамы № 13, 15
  • № 5 — будынак, пабудаваны ў канцы 19 ст. з цэглы. Трохпавярховы прамавугольны ў плане, з неглыбокім рызалітам у дваровай частцы. Накрыты двухсхільным дахам. Сіметрыя кампазіцыі галоўнага фасада парушаная арачным праездам у вуглавой частцы. Плоскія сцены без дэкору прарэзаныя прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Тарцы будынка завершаны трохвугольнымі шчытамі[10]. Гісторыка-культурная каштоўнасць 1-й катэгорыі[3]
  • № 7 — будынак, пабудаваны ў канцы 19 ст. з цэглы. Стары адрас — Багадзельная, 5. Тут размяшчаўся цэнтральны вінны склад братоў Хаецкіных. У магазіне мелася і аддзяленне цэйлёнскага чаю, кавы і какава слыннай маскоўскай фірмы М. Пажывю[11]. Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак з неглыбокім рызалітам у дваровай частцы. Накрыты пакатым двухсхільным дахам. Галоўны фасад несіметрычны, па вуглах крапаваны плоскімі пілястрамі, на другім паверсе члянёны вялікімі прамавугольнымі вокнамі з ліштвамі. У трохвугольным шчыце тарцовай часткі будынку сегментная люкарна[10]. Гісторыка-культурная каштоўнасць 1-й катэгорыі[3].
  • № 9/16 — будынак, пабудаваны ў канцы 19 ст. з цэглы. Аднапавярховы Г-падобны ў плане будынак накрыты вальмавым дахам. Фасады вырашаныя строга, збаўленыя дэкора. Па вуглах сцены ўмацаваныя плоскімі лапаткамі. Аконныя праёмы прамавугольныя. Гісторыка-культурная каштоўнасць 1-й катэгорыі[3].
  • № 11 (вуліца Рэвалюцыйная, 7) — Дом Вечарэвіна. будынак, пабудаваны ў канцы 19 ст. з цэглы. Стары адрас — Багадзельная, 15. Першапачаткова ў гэтым будынку размяшчалася гасцініца Дрэйцэра на 40 нумароў[11]. У савецкі час тут размяшчалася «Першая савецкая гасцініца»[12]. Трохпавярховы, трохчасткавая асіметрычная кампазіцыя. Складаецца з трох рознавысокіх пабудоў, якія шчыльна прымыкаюць адна да адной[10]. Гісторыка-культурная каштоўнасць 1-й катэгорыі[3].
  • № 13 — будынак, пабудаваны ў канцы 19 ст. з цэглы. Першапачаткова выкарыстоўваўся як гасцініца. Трохпавярховы з паўпадвалам прамавугольны ў плане будынак накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад строга сіметрычны. Помнік архітэктуры эклектызму з элементамі класіцызму[10]. Гісторыка-культурная каштоўнасць 1-й катэгорыі[3].
  • № 15 — будынак, пабудаваны ў канцы 19 ст. з цэглы. Двухпавярховы, амаль квадратны ў плане будынак, з мансардай. Помнік архітэктуры эклектызму з выкарыстаннем элементаў стыляў класіцызму і ампір[10]. Гісторыка-культурная каштоўнасць 1-й катэгорыі[3].
Дом па вуліцы Кірава, 19

Па цотным баку[правіць | правіць зыходнік]

Дом № 6
Дом № 8
  • № 6 — будынак, пабудаваны ў канцы 18 стагоддзя з цэглы, перабудаваны ў 19 ст. Трохпавярховы будынак складанай канфігурацыі ў плане, накрыты сістэмай аднасхільных дахаў. Кампазіцыя галоўнага фасада сіметрычная. Помнік грамадзянскай архітэктуры з элементамі класіцызму[10]. Гісторыка-культурная каштоўнасць 1-й катэгорыі[3].
  • № 8 (Рэвалюцыйная, 18) — будынак, пабудаваны ў 19541955 гадах. Гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[3].
  • № 12 — будынак, гісторыка-культурная каштоўнасць 1-й катэгорыі[3].
  • № 14 — будынак, пабудаваны ў 19541955 гадах. Гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[3].
  • № 16 — пабудаваны ў 1951 годзе. Гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[3].
  • № 18 — будынак, пабудаваны ў канцы 19 ст. з цэглы. Гісторыка-культурная каштоўнасць 1-й катэгорыі[3].
  • № 20а — гісторыка-культурная каштоўнасць 1-й катэгорыі[3].
  • № 22 — будынак, пабудаваны ў канцы 19 ст. Гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[3].
  • № 24 — будынак, пабудаваны ў канцы 19 ст. Стары адрас — Багадзельная, 28. У гэтым будынку прадпрымальнікі І. Ш. Блох і І. Я. Ісакаў прымалі замовы па будове вадаправодаў, каналізацыяў, артэзіянскіх калодзежаў, утрымлівалі склад тэхнічнага абсталявання[11]. Гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[3].

Сквер імя Дзяржынскага[правіць | правіць зыходнік]

Сквер імя Дзяржынскага

Сквер размяшчаецца на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Камсамольскай. Сквер названы ў гонар Фелікса Дзяржынскага, рэвалюцыянера, савецкага дзяржаўнага дзеяча, заснавальніка УНК.

У скверы ў 1955 годзе ўсталяваны бюст Ф. Дзяржынскаму (скульптар — З. Азгур, архітэктар — В. Волчак); граніт, бронза; вышыня бюста 1,5 м, пастамента 2,5 м.)[10]. Сквер з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю рэспубліканскага значэння[3].

Зноскі

  1. Даведнік вуліц па г.Мінску на 28.03.2012.
  2. а б Іван Сацукевіч. Тапанімія вуліц і плошчаў Мінска ў XIX — пачатку XX ст.. Беларускі калегіум (10 красавіка 2016). Праверана 12 студзеня 2017.(недаступная спасылка)
  3. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
  4. Список улиц в городах Минской губернии. «Минские губернские ведомости» №7, 12 февраля 1866 г.
  5. Фотофакт: улица Комсомольская стала пешеходной
  6. Зачем столбики? Директор «Мінскай спадчыны» показал пешеходную Комсомольскую и ответил на критику Архівавана 26 ліпеня 2018.
  7. Пешеходную улицу Комсомольскую готовят к открытию. У минчан есть вопросы, и они создали петицию
  8. Что не так с Комсомольской. Как реконструкция убила крутую пешеходную улицу Минска
  9. Проблему подтоплений улицы Революционной планируют решить в течение двух недель
  10. а б в г д е ё Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].
  11. а б в Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада / Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994.— 341 с. [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.
  12. Ад гасцініцы «Белорусь» да гасцініцы Crowne Plaza(недаступная спасылка)

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]