Рэвалюцыйная вуліца (Мінск)

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Вуліца Рэвалюцыйная, Мінск)
Jump to navigation Jump to search
Рэвалюцыйная вуліца
Мінск
Фатаграфія
Від ад плошчы Свабоды
Агульная інфармацыя
Краіна Беларусь
Горад Мінск
Раён Цэнтральны
Працягласць ~450 м
Найбліжэйшыя
станцыі метро
Няміга
Ранейшыя назвы Койданаўская
на Яндэкс.Картах
на Картах Google
Лагатып Вікісховішча Рэвалюцыйная вуліца на Вікісховішчы

Рэвалюцыйная вуліца (раней Ко́йданаўская) — вуліца ў Цэнтральным раёне Мінска. Вядомая з XVI стагоддзя. Размяшчаецца паміж плошчай Свабоды і вуліцай Леніна з аднаго боку, і вуліцай Гарадскі Вал — з іншай, перасякае вуліцу Камсамольскую. Нумарацыя дамоў — ад плошчы Свабоды. Вуліца ўваходзіць у межы гісторыка-архітэктурнай ахоўнай зоны Верхні Горад, размяшчаецца ў паўночнай яе частцы. Захавалася мураваная забудова сярэдзіны XVIII — пачатку XX стагоддзяў[1]. Паралельна вуліцы, непадалёк месцяцца такія славутасці Мінску, як архікафедральны касцёл Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі (плошча Свабоды, д. 9) і гарадская сядзіба Пшаздзецкіх (плошча Свабоды, д. 13/2 і 15).

Рух транспарту на працягу ўсёй вуліцы аднабаковы, маршруты грамадскага транспарту на ёй адсутнічаюць, непадалёк размяшчаецца станцыя метро «Няміга».

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Вуліца ўзнікла ў XVI стагоддзі, злучаючы плошчу Ніжняга рынку і браму ў абарончым вале, ад якога злівалася з Койданаўскім трактам.

Напачатку XVII стагоддзя магнаты пашырылі свае ўладанні ў Мінску. Участкі зямлі на Койданаўскай сталі прэстыжнымі. Так, двума «пляцамі» каля брамы валодаў феадал Лукаш Богуш-Шышка. У завяшчанні ён перадаў іх шпіталю для немаёмных. З часам на гэтым месцы з'явілася богадагодная ўстанова і касцёл.

У 1650 годзе, падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай, у Мінску аселі езуіты па фундацыі смаленскага біскупа Гераніма Сангушкі, які набыў для іх рэзідэнцыі ў мяшчаніна Ягора Гегера абнесеную каменнай агароджай мураваную рэнесансную сядзібу з драўлянай капліцай на рагу вуліцы Койданаўскай і плошчы Высокі Рынак[2]. Комплекс паступова разрастаўся: тут з'явіліся будынкі школы (канец XVII ст.), касцёл (пачатак XVIII ст., захаваўся па сённяшні дзень, Касцёл імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі), калегіум (сярэдзіна XVIII ст.). У глыбіні кварталу размяшчаліся гаспадарчыя будынкі. Двухпавярховы калегіум знаходзіўся там, дзе цяпер размяшчаецца жылы будынак (плошча Свабоды, 11). Будынак меў чатырохпавярховую вежу з гадзіннікам. Пазней (у канцы XIX — пачатку XX ст.) тут працавала казённая палата. У 1951 годзе гэты будынак быў знесены, а на яго месцы ўзведзены іншы[3]..

У глыбіні Койданаўскай, на скрыжаванні з Нямігскім завулкам (сучасная вуліца Камсамольская) знаходзіўся манастыр бенедыкцінаў. Участак зямлі для будынкаў яны купілі ў пачатку XVIII стагоддзя. У 1773 годзе тут быў збудаваны драўляны касцёл Святога Міхаіла Арханёла, які выходзіў паўночным фасадам на Койданаўскую. Побач з ім размяшчалася двухпавярховы дом ксяндза і фруктовы сад, абнесены плотам. Па задушэнні вызваленчага паўстання 1830—1831 гадоў расійскія ўлады ліквідавалі кляштар (1833), а яго маёмасць канфіскавалі. Будынак касцёла выкарыстоўваўся пад склад. Прыкладна да сяр. XIX ст. усе будынкі кляштара разбурылі, а колішнюю яго тэрыторыю паступова забудавалі жылымі дамамі[3].

У XIX стагоддзі будынкамі на гэтай вуліцы валодалі заможныя служачыя, купцы, мяшчане. У сярэдзіне 30-х гадоў XIX ст. вуліца была добраўпарадкавана і пакрытая маставой. У гэты ж час на Койданаўскай заставаліся і драўляныя будынкі, але 21 чэрвеня 1881 года вялікі пажар знішчыў драўляныя будынкі на гэтай вуліцы[3]. У канцы XIX — пачатку XX стагоддзя Койданаўская адносілася да першага разраду гарадскіх вуліц.

У 1919 годзе Койданаўская вуліца была пераназвана савецкімі ўладамі ў гонар Фердынанда Ласаля, нямецкага сацыяліста і філосафа. Падчас польскай акупацыі 19191920 гадоў вуліцы была вернутая былая назва, а ў 1922 годзе Койданаўская была пераназвана бальшавікамі ў вуліцу Рэвалюцыйную[4].

У 19411944 гадах, у часы нямецкай акупацыі, вуліца насіла назву Кірхенштрасэ (Царкоўная вуліца)[4], пры гэтым у беларускіх колах яна насіла назву вуліца Рагнеды[5]. У пасляваенны час істотных змяненняў, звязаных з вуліцай, не адбылося.

У сакавіку 2010 года Камісія па найменаванні і перайменаванні вуліц пры Мінгарвыканкаме прыняла рашэнне вярнуць вуліцы Рэвалюцыйнай назву Койданаўская, але гэта рашэнне не было зацверджана дэпутатамі Мінгарсавета[6].

Забудова[правіць | правіць зыходнік]

Вылучаюцца 3 ансамблі: першы — ад пляцу Свабоды да скрыжавання з вуліцай Камсамольскай (дамы № 2—16); другі — ад Камсамольскай да вуліцы Гарадскі Вал (№ 22—32); трэці — на гэтым жа ўчастку (№ 11—17); дом № 3 не ўваходзіць ні ў адзін з гэтых ансамбляў[1].

Дамы № 3, 4, 6, 6а, 6б, 6в, 8, 8а, 9, 10, 12, 13, 14, 15, 15а, 17, 22, 24, 24а, 24б, 26, 26а, 28, 32 уваходзяць у склад гісторыка-культурнай каштоўнасці 1-й катэгорыі «Гістарычны цэнтр г. Мінска»[7].

Па цотным баку[правіць | правіць зыходнік]

Дом № 2/13
Рэвалюцыйная, 4
Рэвалюцыйная, 6
Рэвалюцыйная, 8
  • № 2/13 — на рагу вул. Рэвалюцыйнай і пл. Свабоды. Пабудаваны ў 2-й палове XVIII ст. з цэглы. Першапачаткова Г-падобны ў плане, двухпавярховы з цокальным паверхам, быў паўднёвым флігелем гарадской сядзібы Пшаздзецкіх. У канцы XIX ст. рэканструяваны: стаў П-падобным у плане, у тарцовых частках надбудаваны 3-і паверх. У XIX — пачатку XX ст. у будынку быў інтэрнат мужчынскай духоўнай вучылішча. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі размяшчаўся Наркамат асветы БССР, у 19221925 гг. першая шматгаліновая навукова-даследчая ўстанова ў рэспубліцы, папярэднік Акадэміі Навук БССР — Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт). У 1956 годзе тут размяшчаўся кінатэатр «Навіны дня», які быў разлічаны на 200 месцаў і служыў для паказу паўторных фільмаў[8]. Цяпер у будынку месцяцца дзяржаўныя ўстановы[1].
  • № 4 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Двухпавярховая прамавугольная ў плане пабудова накрытая двухсхільным дахам. За савецкім часам у будынку размяшчалася рамонтна-будаўнічая кантора Ленінскага раёна[9]. Цяпер у ім месцяцца грамадскія ўстановы[1].
  • № 6 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак на глухім высокім цокалі. Ранейшы адрас — Койданаўская, 6, дом Грушкіна. У пачатку XX ст. тут размяшчалася Прыватная лячэбніца па хваробах зроку С. Д. Камінскага. Адчыненая ў студзені 1903 года, была разлічана на 6 ложкаў, вёўся амбулаторны прыём[10]. За савецкім часам у будынку размяшчаўся трэст паказальных рэстаранаў Міністэрства гандлю БССР[9]. Цяпер у ім месцяцца грамадскія ўстановы[1].
  • № 8 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Чатырохпавярховы ў плане будынак з прамавугольным арачным праездам у левай частцы. Чацверты паверх надбудаваны ў пачатку XX ст[1]. Ранейшы адрас — Койданаўская, 8, дом Аскельрода. Тут размяшчалася банкірская кантора Г. А. Ліфшыц, вядомая таксама як гандлёвы дом «Г. А. Лішфыц». Заснаваны ў 1895 годзе, меў аддзяленне ў Лібаве, карыстаўся замежнымі сувязямі. Разам з гандлем галава фірмы вяла ўлік вексальных абавязацельстваў. У 1903 годзе грашовыя абароты дасягалі 1 мільёна рублёў[10]. За савецкім часам у будынку размяшчалася рамонтна-будаўнічая кантора Варашылаўскага (цяпер Савецкі) раёна і трэст № 21 беларускага філіялу дзяржаўнага інстытута па праектаванні і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі[9].
  • № 8а — пабудаваны ў XIX ст. як жылы. Двухпавярховы будынак мае план складанай формы, шчыльна прымыкае ў двары да дому № 10[1]. Ад 21 ліпеня 1995 года па 31 жніўня 1996 тут размяшчалася рэдакцыя першай недзяржаўнай бесцэнзурнай беларускамоўнай радыёстанцыі 101,2[11].
Рэвалюцыйная, 10
  • № 10 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Двухпавярховая пабудова чатырохвугольная ў плане, асноўны аб'ём падоўжаны ў глыбіню двара і накрыты двухсхільным дахам[1]. Цяпер у будынку размяшчаецца Музей гісторыі горада Мінска.
Рэвалюцыйная, 14, 12
  • № 12 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Двухпавярховая пабудова са складанай выцягнутай у глыбіню двара формай плану, накрытая вальмавым дахам[1]. У наш час будынак рэканструяваны да непазнавальнасці. Ранейшы адрас — Койданаўская, 12. У пачатку XX ст. у будынку размяшчалася Электратэхнічнае бюро і склад электратэхнічных прылад інжынера Ф. Я. Левіна[10]. За савецкім часам у будынку размяшчалася тыпаграфія «Чырвоны друкар» і граверная майстэрня пры тыпаграфіі[9]. Цяпер у будынку месцяцца крамы.
  • № 14 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Шчыльна прымыкае да дому № 12. Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад мае сіметрычную кампазіцыю. У цэнтральнай частцы вялікі прамавугольны арачны праезд, над якім навісае балькон, што аб'ядноўвае 2 дзвярныя праёмы, абрамленыя паўкалонкамі[1]. Цяпер у будынку месцяцца грамадскія ўстановы.
Рэвалюцыйная, 22
  • № 22 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Двухпавярховая прамавугольная ў плане пабудова накрытая двухсхільным дахам. Галоўны фасад мае сіметрычную кампазіцыю. Ранейшы адрас — Койданаўская, 20, дом Фішэра. У пачатку XX ст. тут размяшчалася гасцініца «Лівадзія» Б. М. Футэра (11 нумароў)[10].
Рэвалюцыйная, 24
  • № 24 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Трохпавярховы будынак складанай аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі, П-падобны ў плане[1]. Ранейшы адрас — Койданаўская, 22, дом Залкінда. 21 чэрвеня 1910 года ў гэтым доме была заснавана Аляксееўская прыватная васьмікласая з правамі ўрадавай жаночая гімназія Е. Д. Рэйман. У 1913 годзе пераведзеная ў іншы будынак. Пасля ў гэты будынак пераехала Другое вышэйшае пачатковае вучылішча, у якім у 1913 годзе налічвалася 207 вучняў[10]. Цяпер у будынку месцяцца грамадскія ўстановы.
  • № 24а — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Будынак складаецца з двух самастойных аб'ёмаў, якія шчыльна прымыкаюць адзін да аднаго. Адзін з аб'ёмаў двухпавярховы, прамавугольны ў плане, другі аб'ём трохпавярховы, накрыты двухсхільным дахам з трохвугольнымі франтонамі ў тарцах[1].
  • № 24б — пабудаваны ў пачатку XX ст. з цэглы. Двухпавярховы чатырохвугольны ў плане будынак з неатынкаваным 2-м паверхам пакрыты двухсхільным дахам[1].
Рэвалюцыйная, 26, 28
  • № 26 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Двухпавярховы чатырохвугольны ў плане з вуглавой прыбудовай у дваровай частцы будынак пакрыты двухсхільным дахам[1].
Рэвалюцыйная, 32
  • № 28 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Двухпавярховы П-падобны ў плане падоўжаны ў глыбіню кварталу будынак накрыты вальмавым дахам[1]. Ранейшы адрас — Койданаўская, 26, дом Ельскіх. У пачатку XX ст. тут размяшчалася гасцініца «Купецкая» А. Я. Ельскага (10 нумароў)[10].
  • № 32 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Двухпавярховы Т-падобны ў плане будынак накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад падзелены карнізам на дзве часткі[1].

Па няцотным баку[правіць | правіць зыходнік]

Рэвалюцыйная, 3
  • № 3 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Двухпавярховы будынак з трохпавярховай цэнтральнай часткай, якая завершаная ў выглядзе трохвугольнага шчыта[1]. Будынак быў рэзідэнцыяй віцэ-губернатара гораду[9]. За савецкім часам у будынку размяшчалася выдавецтва «Полымя»[12].
Рэвалюцыйная, 9
  • № 9 — ранейшы адрас — Койданаўская, 7. У пачатку XX ст. тут размяшчалася гасцініца Крукоўскага (13 нумароў)[10].
  • № 11 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Трохпавярховы ў плане будынак накрыты двухсхільным дахам, які ўтварае ў тарцы трохвугольны шчыт[1]. Ранейшы адрас — Койданаўская, 9, дом Фішэра. У пачатку XX ст. тут размяшчалася гасцініца «Нова-Варшаўская» Ш. Махцея (10 нумароў)[10]. За савецкім часам у будынку размяшчаўся Беларускі прамысловы мэблевы саюз і арцель «Чалюскінец», атэлье мод арцелі «Чырвоны Кастрычнік». Тут жа размяшчаўся цэх арцелі імя Кірава, які вырабляў шыльды, кватэрныя нумары, афішы, рэкламу[9]. На цяперашні час будынак займае адно з аддзяленняў Інстытуту бізнесу і менеджменту тэхналогій БДУ[13].
  • № 13 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Трохпавярховая пабудова прымыкае да дому № 15, мае складаную замкнёную аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю, накрытая двухсхільным дахам[1].
Рэвалюцыйная, 15
Рэвалюцыйная, 15а
  • № 15 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Трохпавярховы Г-падобны ў плане будынак пад двухсхільным дахам[1]. Стары адрас — Койданаўская, 19, дом Варгафціка. У пачатку XX ст. тут размяшчалася прыватная хірургічная лячэбніца М. Н. Шапіры, якая была заснавана ў 1912 годзе і была разлічана на 6 ложкаў. У 19221928 гадах дом займаў Інбелкульт, з 1929 года — Акадэмія навук[10]. Заходні бок пабудовы на цяперашні час займае пасольства Швецыі ў Мінску[14].
  • № 15а — пабудаваны ў канцы XIX ст. з цэглы.
  • № 17 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Двухпавярховы строга прамавугольны ў плане кампактны будынак пакрыты двухсхільным дахам[1]. Ранейшы адрас — Койданаўская, 21, дом Бакштанскага. У пачатку XX ст. у гэтым будынку размяшчалася бясплатная вячэрняя аднакласая школа для навучання яўрэйскіх хлопчыкаў Т. А. Шабад. Таксама тут была Бібліятэка Таварыства прадстаўлення бедным яўрэям Мінска сродкаў для навучання рамёствам[10].

Помнікі[правіць | правіць зыходнік]

На доме № 2/13 — на рагу вул. Рэвалюцыйнай і пл. Свабоды, дзе ў 1922—1925 гадах размяшчаўся Інбелкульт, знаходзіцца помнік Максіму Гарэцкаму. Максім Гарэцкі — беларускі пісьменнік, дзеяч беларускага нацыянальна-дэмакратычнага адраджэння, правадзейны член Інбелкульта, навуковы сакратар Літаратурнай камісіі (да 10 чэрвеня 1925), вучоны спецыяліст (2 кастрычніка 1928) Інстытута навуковай мовы Інбелкульта.

Транспарт[правіць | правіць зыходнік]

У наш час па вуліцы арганізаваны аднабаковы аўтамабільны рух. Чакаецца, што пасля завяршэння прац вуліца стане пешаходнай[15]. Грамадскі транспарт па вуліцы не ходзіць, аднак паблізу праходзіць шэраг маршрутаў аўтобусаў і тралейбусаў, а таксама размяшчаецца станцыя метро Няміга.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. 1,00 1,01 1,02 1,03 1,04 1,05 1,06 1,07 1,08 1,09 1,10 1,11 1,12 1,13 1,14 1,15 1,16 1,17 1,18 1,19 1,20 Шаблон:Крыніцы/Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінск
  2. Улица Революционная
  3. 3,0 3,1 3,2 Рэвалюцыйная вуліца. mensk.by. Праверана 5 чэрвеня 2014.
  4. 4,0 4,1 Вуліца Рэвалюцыйная. oldmensk.net. Праверана 6 чэрвеня 2014.
  5. Сацукевіч, Іван Мемарыялізацыя Кастуся Каліноўскага ва ўрбананіміцы Беларусі. Свіслацкія аркушы. kalinouski.arkushy.by. Праверана 27 жніўня 2014.
  6. Перайменаванне станцыі метро «Плошча Леніна» адкладаецца
  7. Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / Склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — ISBN 978-985-6828-35-8.
  8. Минск. Справочник-путеводитель, 1956 (руск.) . minchanin.esmasoft.com. Праверана 4 жніўня 2014.
  9. 9,0 9,1 9,2 9,3 9,4 9,5 Улица Революционная (руск.) . Мінск стары і новы. minsk-old-new.com. Праверана 28 ліпеня 2014.
  10. 10,0 10,1 10,2 10,3 10,4 10,5 10,6 10,7 10,8 10,9 Шыбека З. В. Минскъ сто гадоў таму — Мінск: Беларусь, 2007. — 304 с. — 3000 экз. — ISBN 978-985-01-0729-9.
  11. Ракіцкі, Вячаслаў Мінск, вуліца Рэвалюцыйная, дом 8а. Праграмы / 100 адрасоў Свабоды. Радыё Свабода. Праверана 23 лістапада 2009.
  12. Минск. Краткая адресно-справочная книга. 1974 (руск.) . minchanin.esmasoft.com. Праверана 4 жніўня 2014.
  13. Институт бизнеса и менеджмента технологий БГУ. Контакты (руск.) . Партал Інстытуту бізнесу і менеджменту тэхналогій БДУ. Праверана 4 жніўня 2014.
  14. Minsk (бел.) . Партал пасольства Швецыі ў Мінску. Праверана 4 жніўня 2014.
  15. Вуліца Рэвалюцыйная ў Мінску пасля рэканструкцыі будынкаў стане пешаходнай

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]