Выбух у Менскім беларускім тэатры (1943)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Выбух у Менскім беларускім тэатры
Месца нападу Менскі беларускі тэатр
Мэта нападу забойства Вільгельма Кубэ
Дата 22 ліпеня 1943
Спосаб нападу выбух бомбы
Зброя бомба
Загінулыя 13
Параненыя некалькі дзесяткаў
Арганізатары беларускія савецкія партызаны

Выбух у Менскім беларускім тэатры — выбух, які адбыўся ў Менскім беларускім тэатры 22 ліпеня 1943 года, у час нямецкай акупацыі, арганізаваны савецімі партызанамі.

22 чэрвеня 1943 года, у другую гадавіну нападу Германіі на СССР, які немцы называлі «днём вызвалення», у Менскім беларускім тэатры адбылася цырымонія заснавання Саюза беларускай моладзі[1]. Паводле гісторыка Юрыя Туронка міна, устаноўленая пад сцэнай, мусіла ўзарвацца ў той час, калі ў тэатры знаходзіўся гаўляйтар Вільгельм Кубэ з нагоды ўрачыстага абвяшчэння СБМ. Але выбух прагучаў пазней, у час спектакля паводле камедыі «Пан міністар» Ф. Аляхновіча, на якім гаўляйтар ужо не прысутнічаў[2].

Аляксандр Станюта ўспамінаў: «У той дзень, 22 жніўня, праз два гады ад пачатку вайны, у тэатры, падчас сходу мінскай моладзі з маючым пасля адбыцца спектаклем, партызаны планавалі ўзарваць мінаю гаўляйтэра Беларусі Вільгельма Кубэ. Але ён чамусьці не прысутнічаў. Ацалелыя ж пасля выбуху згадвалі, што наогул бачылі там толькі аднаго нямецкага афіцэра — той сядзеў з жанчынаю на галёрцы. А ўнізе загінула нямала маладых людзей […] Акцыю, выходзіць, не змаглі прыпыніць — і застаецца толькі спадзявацца, што менавіта адно не змаглі…»[1].

Паводле ўспамінаў артыста тэатра Мікалая Шчансновіча, на сцэне ў час выбуху быў артыст Барыс Уладамірскі. Яго выбуховай хваляй шпурнула праз усю сцэну, ён стукнуўся аб палатняную дэкарацыю, якая змякчыла ўдар, і ён застаўся цэлы. Дзень быў вельмі гарачы, таму артыст В. Окалаў з іншымі ўдзельнікамі спектакля ў чаканні свайго выхаду на сцэну стаялі ў расчыненых дзвярах, якія выходзілі ў сквер. Выбуховай хваляй іх выкінула вонкі. Назаўтра немцы абвясцілі, што дыверсію здзейснілі партызаны. Правялі следства, але нікога не арыштавалі[3].

Загінулі некалькі сяброў Саюза беларускай моладзі, сярод якіх Андрэй Братко, Яраслаў Кушаль, сын паэтэсы Наталлі Арсенневай і вайскоўца Францішка Кушаля, Кастусь Мокат, Тамара Насеннік, Марыя Негіна, Марыя Сабалеўская, Леанід Слаўнін і трое неапазнаных асоб[1]. Паводле Туронка загінула 13 чалавек, некалькі дзесяткаў былі цяжка параненыя[2]. Паводле тагачасных савецкіх крыніц было звыш 30 забітых і 100 параненых[4], таксама паведамлялася, што забіта 70 і паранена 110 салдат і афіцэраў праціўніка[5].

З 23 чэрвеня тэатр афіцыйна закрылі на рамонт[3]. Раніцай 25 чэрвеня адбыліся жалобныя набажэнствы ў царкве і касцёле, пасля чаго дамавіны з нябожчыкамі былі перанесеныя ў залу Акруговага камісарыята, дзе а 3-й гадзіне па поўдні адбылася цывільная жалобная ўрачыстасць. Пасля жалобнага маршу, сыгранага аркестрам, дамавіны ахвяраў былі вынесеныя з залі Акруговага камісарыята, каб адвезці іх на Вайсковыя могілкі. Каля будынка Камісарыята сабраўся натоўп, які вялікім жалобным паходам рушыў галоўнай вуліцай могілкаў[6].

" Кажная дамавіна пакрытая бел-чырвона-белым сьцягам і засыпаная краскамі й вянкамі. […] Разам у жалобным паходзе плылі аўтамабілі розных урадавых нямецкіх установаў. […] Сьвятар а. Кушнер, адправіўшы адпаведныя малітвы, сказаў прамову царкоўна-нацыянальнага зьместу. У канцы над магілаю прамовіў старшыня сталічнага гораду праф. Д-р. Іваноўскі. «- Дарагія нашыя нябожчыкі: Андрэй Братко, Яраслаў Кушаль, Кастусь Мокат, Тамара Насеньнік, Марыя Негіна, Марыя Сабалеўская, Леанід Слаўнін і Вы, трое непазнаных». […] Пасыпалася беларуская зямліца, каб закрыць навекі ахвяры бальшавіцкага злачынства[1]. "

Паводле ўспамінаў Аляксандра Станюты, усіх загінулых пахавалі ў брацкай магіле[1].

Паводле Мікалая Шчансновіча, рамонт праводзілі млява, «такімі тэмпамі, быццам ніхто не быў у гэтым зацікаўлены»[3]. Пасля рамонту тэатр зноў адкрыўся 2 красавіка 1944 года.

Зноскі