Выдавецтва Міністэрства беларускіх спраў Літвы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Выдавецтва Міністэрства беларускіх спраў Літвы — выдавецтва, якое існавала ў Коўне ў 1919—1924 гадах пры Міністэрстве беларускіх спраў у Літве. Выдавала грамадска-палітычную, навукова-папулярную, педагагічную і мастацкую літаратуру. Выйшлі брашура Мітрафана Доўнар-Запольскага «Асновы дзяржаўнасці Беларусі», гісторыка-палітычныя нарысы Язэпа Варонкі «Беларускі рух ад 1917 да 1920 года» і «Беларуская справа да міравой нарады ў Версалі», М. Засецкага «Міністэрства беларускіх спраў За 10 месяцаў існавання», І. Антонава «Успаміны аб польскай акупацыі Гарадзеншчыны ў 1919—1921 г.». Выпусціла паэтычныя зборнікі «Дудка беларуская» (з прадмовай Язэпа Варонкі) і «Смык беларускі» Францішка Багушэвіча, зборнік апавяданняў «Казкі жыцця» Якуба Коласа, паэму «Тарас-палясоўшчык», «Казкі» Ганса Крысціяна Андэрсена, англійскую легенду «Спявак Блондэль» (перакладчык Вацлаў Ластоўскі), навукова-папулярныя кнігі «Неба і зоры» (перакладчык Г. Казячы), «Закон жыцця сярод жывел і раслін» В. Лункевіча, агульнаадукацыйныя падручнікі «Новы лемантар для беларускіх дзетак» (3-е выд.) Яна Станкевіча, «Баташка» В. Зяленскага, «Фізіялогія і анатомія чалавека» Н. Малышава, падручнік «Новая гісторыя» Р. Віпера, «Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» Вацлава Ластоўскага, «Слоўнік геаметрычных і трыганаметрычных тэрмінаў і сказаў» Клаўдзія Дуж-Душэўскага і Вацлава Ластоўскага. Усяго выйшла каля 20 кніг. Спыніла дзейнасць у сувязі з заснаваннем выдавецтва Беларускага цэнтра ў Літве.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]