Выдавецтва школьных падручнікаў і літаратуры для моладзі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Выдавецтва школьных падручнікаў і літаратуры для моладзі (ВШПЛМ) дзейнічала з восені 1942 года ў Мінску пад кантролем германскіх акупацыйных улад.

Кіраўніком ВШПЛМ В. Кубэ прызначыў Ё. Сівіцу, шэфа школьнага інспектарату. Абедзве структуры падпарадкоўваліся Генеральнаму камісарыяту Беларусі і працавалі пад кіраўніцтвам Сівіцы да канца акупацыі. Тэхнічным кіраўніком выдавецтва быў Язэп Найдзюк. Яно цесна кантактавала з БНС. У выдавецтве працавалі: Мікола Байкоў, Антон Лёсік, Аўген Калубовіч, Язэп Гладкі і інш. 3 ім супрацоўнічалі Янка Станкевіч, Яўхім Кіпель, Пётр Кісель, Аляксей Туранкоў, Мікола Шчаглоў, Анатоль Тычына і інш.

Першай кнігай, якая выйшла з друку пад канец 1942 г., стаў «Беларускі лемантар» Пятра Кісяля — дырэктара адной з мінскіх школ. Агулам ВШПЛМ выдала 24 кнігі.[1]

«Што трэба ведаць кажнаму беларусу». 1943
«Страявы вайсковы статут». 1943

Хаця асноўнай задачай ВШПЛМ быў выпуск літаратуры для патрэб школьніцтва, яно таксама выпусціла песеннікі, рэпертуарны зборнік, казкі, мастацкую, рэлігійную, вайсковую, навуковую і навукова-папулярную літаратуру. Пераважную частку выданняў складалі арыгінальныя творы беларускіх аўтараў, апрацаваныя ва ўмовах нямецкай акупацыі. Да іх ліку належалі школьныя падручнікі П. Кісяля, А. Лёсіка, Я. Станкевіча і 3. Дабрынскай, зборнікі паэзіі і апавяданняў Н. Арсенневай, Т. Лебяды, М. Лесуна, А. Салаўя і Л. Случаніна, а таксама апрацаваны Я. Станкевічам пры ўдзеле А. Адамовіча «Маленькі маскоўска-беларускі (крывіцкі) слоўнічак фразэолёгічны». «Граматыка» Б. Тарашкевіча лічылася перавыданнем яе пятага віленскага выпуску, аднак яна была перапрацаваная і дапоўненая А. Лёсікам, К. Шкуцькам і А. Адамовічам згодна з патрабаваннямі новага правапісу. Кніга Я. Найдзюка «Беларусь учора і сяньня» мела характар навукова-папулярнай працы, прызначанай для нацыянальнай адукацыі інтэлігенцыі і старэйшай моладзі, у прыватнасці, для вучняў настаўніцкіх семінарый. Новымі былі выданні фальклорных песень «Ой, прыйшла каляда», «Вясна-красна» і «Зборнік купальскіх і жніўных песьняў» з музычнай гарманізацыяй М. Шчаглова, А. Туранкова і інш. Некаторыя кнігі, як «Зборнік сцэнічных твораў», «Выбраныя беларускія народныя казкі» і «Што трэба ведаць кажнаму беларусу» В. Ластоўскага, былі перадрукам ранейшых выданняў, прычым апошняя была пашырана Я. Найдзюком. Прапаведнік царквы баптыстаў у Беларусі Антон Кецка апрацаваў у 1942 г. «Эвангельскі хрысьціянскі сьпеўнік», змешчаныя ў ім 142 рэлігійныя гімны былі часткова перадрукаваныя з папраўкамі з даваенных песеннікаў і часткова новаперакладзены Наталляй Арсенневай з нямецкай мовы. Да перакладной літаратуры таксама адносіўся «Страявы вайсковы статут», апрацаваны Віталем Мікулам на загад I. Ермачэнкі для патрэб самааховы, паліцыі і школьнай моладзі.

16 кніг, выпушчаных ВШПЛМ, было надрукавана кірыліцай, 7 — лацінкай, 1 — двума алфавітамі; лацінкай друкаваліся пераважна школьныя падручнікі. Кнігі друкаваліся, за рэдкім выключэннем, у Мінску і Вільні. Яны выпускаліся адносна вялікімі накладамі, напр. граматыка Тарашкевіча і кірылічны варыянт «Правапісу» А. Лёсіка выдадзеныя 100-тысячным накладам кожная, а арыфметычныя задачнікі і лацінічны варыянт «Правапісу» — па 50 тыс. асобнікаў. Больш за палову выданняў ВШПЛМ, былі надрукаваныя ў апошнія месяцы акупацыі — ад снежня 1943 да чэрвеня 1944 г., толькі частка іх накладаў магла быць распаўсюджаная, з прычыны эвакуацыі таксама не было закончана выданне некалькіх кніг, падрыхтаваных ВШПЛМ да друку.

Зноскі

  1. Ю. Туронак (2002)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Туронак Ю. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939—1944). — Мн., 2002.