Выдатнік Беларускай чыгункі (адзнака)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Выдатнік Беларускай чыгункі
Апісанне ўзнагароды
Краіна Беларусь
Тып нагрудны знак
Падставы ўзнагароджання Значны асабісты ўнёсак у развіццё чыгуначнага транспарту Рэспублікі Беларусь
Дата заснавання 4 чэрвеня 2003
Статус уручаецца
Характарыстыкі
Памеры круг дыяметрам 30 мм + калодка памерам 16 x 25 мм
Рэверс узнагароды

Выдатнік Беларускай чыгункі — беларуская дзяржаўная ўзнагарода, нагрудны знак беларускай чыгункі. Заснаваная ў 2003 годзе ў мэтах захавання і развіцця гістарычных традыцый Беларускай чыгункі.

Статут[правіць | правіць зыходнік]

Нагруднай адзнакай узнагароджваюцца работнікі Беларускай чыгункі, якія зрабілі значны асабісты ўнёсак у развіццё чыгуначнага транспарту Рэспублікі Беларусь, дасягнулі высокіх вынікаў у працы, пастаянна павышаюць прафесійнае майстэрства і перадаюць свой вопыт іншым работнікам[1].

Нагрудным знакам могуць узнагароджвацца асобы, якія не працуюць на Беларускай чыгунцы, за асаблівыя заслугі перад Беларускай чыгункай, актыўнае і эфектыўнае садзейнічанне ў вырашэнні яе задач. Узнагароджанне нагрудным знакам адбываецца загадам Начальніка Беларускай чыгункі. Нагрудная адзнака і пасведчанне да яе ўручаюцца Начальнікам Беларускай чыгункі альбо яго намеснікамі асабіста ва ўрачыстай абстаноўцы.

Узнагароджаныя нагрудным знакам работнікі, якія ўчынілі наўмыснае злачынства альбо дапусцілі грубую дысцыплінарную правіну, загадам Начальніка Беларускай чыгункі могуць быць пазбаўлены адзнакі.

Запісы аб узнагароджанні нагруднай адзнакай і пра яе пазбаўленне ўпісваюцца ў працоўную кніжку работніка.

Нагрудная адзнака носіцца на правым баку пасля ордэнаў і медалёў, а пры іх адсутнасці — на іх месцы.

Паўторнае ўзнагароджанне адзнакаю не адбываецца. Пры страце нагруднай адзнакі і (або) пасведчання дублікаты да яго не выдаюцца.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Нагрудная адзнака «Выдатнік Беларускай чыгункі» ўяўляе сабой круг дыяметрам 30 мм. На коле размешчана выява серабрыстага колеру цягніка, што рухаецца. У ніжняй частцы кола знаходзяцца направа і налева дзве лаўровыя галінкі, а ў цэнтры іх — тэхнічны знак. За цягніком знаходзяцца промні ўсходу сонца. Кола аблямоўвае надпіс «ВЫДАТНІК БЕЛАРУСКАЙ ЧЫГУНКІ», надпіс пакрыты сіняй эмаллю.

Адзнака з дапамогай вушка і кальца злучаецца з калодкаю памерам 16 x 25 мм. Калодка ўяўляе сабой прамавугольнік, пакрыты чырвонай эмаллй, унізе якога размешчаны геральдычны знак-эмблема Беларускай чыгункі, які ўяўляе сабой эліпсападобнае кола з «крыламі» залацістага колеру.

Нагрудны знак і калодка вырабляюцца з метал жоўтага колеру.

Адваротны бок знаку мае гладкую паверхню, на якой рэльефна выкананы таварны знак Беларускай чыгункі, які ўяўляе сабой стылізаваную выяву чыгуначных шляхоў, дапоўнены літарамі «БЧ», і № адзнакі. Парадкавы нумар нагруднага знаку выбіваецца.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]