Вызваленне палітвязняў у Беларусі (2024)
Вызваленне палітвязняў у Беларусі пачалося ўлетку 2024 года. Вызваленне асуджаных па крымінальных артыкулах у рамках шырокамаштабных палітычных рэпрэсій, развязаных рэжымам Аляксандра Лукашэнкі сваіх праціўнікаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і сілавога задушэння найбольш масавых у гісторыі краіны пратэстаў, было адной з галоўных умоў у перамовах з беларускай апазіцыяй у выгнанні і краінамі Захаду. На працягу чатырох гадоў беларускі рэжым не толькі ігнараваў заклікі да вызвалення асуджаных па палітычных артыкулах, а таксама рабіў рэпрэсіўныя меры больш жорсткімі. Нечаканы разварот ва ўнутранай палітыцы звязваюць з міжнароднымі санкцыямі супраць рэжыму Лукашэнкі, зацяжным характарам расійска-ўкраінскай вайны і падрыхтоўкай да прэзідэнцкіх выбараў у 2025 годзе.
Першая хваля
[правіць | правіць зыходнік]3 ліпеня, падчас выступлення на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню незалежнасці, Аляксандр Лукашэнка нечакана анансаваў вызваленне неўзабаве часткі палітвязняў. Па ягоных словах, гаворка мусіла ісці пра людзей, якія маюць цяжкія хваробы, перадусім анкалагічныя[1]. На той момант у гуманітарным спісе палітвязняў, які ўключае прадстаўнікоў уразлівых сацыяльных груп, якім больш за ўсіх небяспечна знаходзіцца за кратамі, у тым ліку цяжка хворых і людзей з інваліднасцю, знаходзілася больш за 255 чалавек[2].
У той жа дзень праваабаронцы паведамілі, што з калоній выйшлі некаторыя з палітвязняў[3]. Сярод іх — 4 жанчыны і 14 мужчын[4], у тым ліку асуджаны да 10 гадоў калоніі і хворы на анкалогію палітык Рыгор Кастусёў[5]. Пазней стала вядома, што тады ж на волю па памілаванні з гомельскай жаночай калоніі выйшлі палітзняволеныя Дар’я Лосік, Святлана Лупач, Паліна Палавінка, Тамара Астрэйка і Кацярына Мадзянкова[6]. Як паведамлялі праваабаронцы, некаторыя палітвязні адмовіліся выходзіць, не пагадзіўшыся з умовамі вызвалення[4].
Кіраўнік «Байсола» Андрэй Стрыжак заўважыў, што траціна памілаваных палітвязняў і так павінны былі выйсці на свабоду цягам месяца, а абсалютная большасць вызваленых не з'яўляюцца людзьмі сталага ўзросту з цяжкімі захворваннямі, як заяўляла дзяржаўная прапаганда[7].
У канцы ліпеня Радыё Свабода атрымала інфармацыю, палітвязням, тэрміны якіх блізкія да завяршэння, прапанавалі пісаць просьбы аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі[8].
Абмен паміж Расіяй і краінамі Захаду
[правіць | правіць зыходнік]Абмен зняволенымі паміж Расіяй і краінамі Захаду, які адбыўся 1 жніўня 2024 года і ў ходзе якога былі вызвалены вядомыя расійскія палітзняволеныя палітыкі, выклікаў у часткі беларускага грамадства пытанні да эфектыўнасці офіса Святланы Ціханоўскай і іншых палітычных структур беларускай эміграцыі[9]. Тэма палітвязняў штучна раздзімалася беларускай прапагандай, як правал апазіцыі пад кіраўніцтвам Ціханоўскай. Яе дарадца Франак Вячорка патлумачыў няўдзел беларускага боку ў абмене тым, што ў краіне Захаду няма абменнага фонду для такіх перамоў з Беларуссю[10].
Другая хваля
[правіць | правіць зыходнік]12 жніўня з’явілася інфармацыя, што Юрый Васкрасенскі тэлефануе сваякам палітвязняў, агітуючы іх угаварыць іхніх родных напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі[11]. Пасля ён заявіў, што такое прашэнне напісалі 900 палітвязняў[12]. Паводле яго слоў пэўная колькасць палітвязняў можа выйсці на свабоду 17 верасня, у Дзень народнага адзінства[13].
Як паведамлялі праваабаронцы, некаторым палітвязням, якія ўжо раней пісалі прашэнні аб памілаванні, адміністрацыі папраўчых устаноў прапанавалі напісаць іх «паўторна». 13 жніўня праваабаронцы паведамілі прыкладна пра 12 новых вызваленняў палітвязняў[11].
16 жніўня, у гадавіну найбольш масавага мітынгу ў Мінску, Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб памілаванні 30 палітвязняў, але першыя звесткі пра вызваленне з'явіліся толькі 20 жніўня. У офісе Ціханоўскай меркавалі, што цяперашні ўказ «узаконіў» ліпеньскае вызваленне прыблізна 18 чалавек, а таксама дазволіў выйсці на свабоду яшчэ прыблізна 12 зняволеным[14]. На той момант праваабарончай арганізацыі «Вясна» ўдалося ўжо ідэнтыфікаваць 7 чалавек.
Звесткі ў артыкуле або некаторых яго раздзелах састарэлі |
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Лукашэнка анансаваў вызваленне цяжкахворых палітвязняў . Наша Ніва (2 ліпеня 2024). Праверана 20 жніўня 2024.
- ↑ Колькі палітвязняў цяпер у гуманітарным спісе і хто гэта? . Наша Ніва (27 мая 2024). Праверана 20 жніўня 2024.
- ↑ З калоній пачалі выпускаць першых палітвязняў . Наша Ніва (3 ліпеня 2024). Праверана 20 жніўня 2024.
- ↑ а б Праваабаронцы паведамляюць пра другую хвалю вызвалення палітвязняў . Наша Ніва (13 жніўня 2024). Праверана 20 жніўня 2024.
- ↑ Праваабаронцам дакладна вядома ўжо пра 16 палітзняволеных, якія выйшлі на волю 3 ліпеня . Наша Ніва (5 ліпеня 2024). Праверана 20 жніўня 2024.
- ↑ Дар‘я Лосік выйшла на свабоду па памілаванні . Наша Ніва (24 ліпеня 2024). Праверана 20 жніўня 2024.
- ↑ Траціна памілаваных палітвязняў і так павінны былі выйсці на свабоду цягам месяца . Наша Ніва (5 ліпеня 2024). Праверана 20 жніўня 2024.
- ↑ Палітвязням, у якіх заканчваюцца тэрміны, прапанавалі напісаць прашэнні аб памілаванні . Наша Ніва (26 ліпеня 2024). Праверана 20 жніўня 2024.
- ↑ Былы дыпламат Мацукевіч: Рэжыму не цяжка вызваліць усіх палітзняволеных на працягу 48 гадзін. Гэта вялікі правал апазіцыі . Наша Ніва (2 жніўня 2024). Праверана 20 жніўня 2024.
- ↑ Чаму ў вялікім абмене не было беларускіх палітвязняў? Адказ Вячоркі . Наша Ніва (1 жніўня 2024). Праверана 20 жніўня 2024.
- ↑ а б Праваабаронцы паведамляюць пра другую хвалю вызвалення палітвязняў . Наша Ніва (13 жніўня 2024). Праверана 20 жніўня 2024.
- ↑ Васкрасенскі заявіў, што 900 палітвязняў напісалі прашэнні аб памілаванні . Наша Ніва (19 жніўня 2024). Праверана 20 жніўня 2024.
- ↑ Што вядома пра вызваленне палітвязняў? Пяць пытанняў і адказаў . Наша Ніва (20 жніўня 2024). Праверана 20 жніўня 2024.
- ↑ Што вядома пра вызваленне палітвязняў? Пяць пытанняў і адказаў . Наша Ніва (20 жніўня 2024). Праверана 20 жніўня 2024.