Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езда

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з'езда — орган улады, створаны Радай Усебеларускага з'езда 1917. Паводле рэзалюцыі Усебеларускага з'езда, прынятай у ноч з 17(30) на 18(31) снежня 1917, яго дэлегатам належала выбраць са свайго складу орган краёвай улады Беларусі. Пасля разгону з'езда яго дэлегаты сабраліся ў дэпо Лібава-Роменскай чыгункі і 18(31) снежня перадалі краёвую ўладу Радзе Старшынь або Радзе Усебеларускага з'езда (складалася са 105 чал.). 21 снежня 1917 (3 студзеня 1918) Рада Усебеларускага з'езда абрала са свайго складу Выканаўчы камітэт з 10 чал. Рада выконвала функцыі перадпарламента, Выканком першапачаткова з'яўляўся правобразам урада Беларусі. Члены Выканкома выконвалі пэўныя міністэрскія функцыі:

У 1918 Я. Дыла і І. Лагун ўступілі ў РКП(б), працавалі ў Беларускім нацыянальным камісарыяце і сталі праціўнікамі Беларускай Народнай Рэспублікі. Астатнія члены працавалі ў паўлегальных умовах, некаторыя арыштоўваліся бальшавіцкімі ўладамі Заходняй вобласці і фронту. 19 лютага 1918 пасля выезду з Мінска Аблвыкамзаха і СНК Заходняй вобласці і фронту Выканком стаў легальным органам улады. Па прапанове Я. Варонкі ў яго склад былі кааптаваны прадстаўнікі літоўскай, польскай, рускай і яўрэйскай нацыянальных меншасцей.

20 лютага 1918 Выканком выдаў Першую Устаўную грамату, паводле якой ён абвяшчаў найвышэйшай часовай уладай Беларусі «для кіравання краем і склікання, як можна хутчэй, Усебеларускага Устаноўчага сойму». 21 лютага Выканком сфарміраваў урад — Народны сакратарыят Беларусі на чале з Я. Варонкам — і ўсклаў на яго выканаўчую ўладу. Германскія акупацыйныя ўлады, якія 21 лютага прыйшлі ў Мінск, не прызнавалі Народны сакратарыят. 3 сакавіка Германія і Савецкая Расія заключылі Брэсцкі мір, паводле якога Беларусь была падзелена паміж імі. Выконваючы волю Усебеларускага з'езда і развіваючы ідэі Першай Устаўной граматы аб праве беларускага народа на «поўнае самаазначэнне», Выканком выдаў 9 сакавіка Другую Устаўную грамату, у якой Беларусь абвяшчалася Народнай Рэспублікай. Да склікання Устаноўчага Сойму заканадаўчая ўлада перадавалася Радзе Усебеларускага з'езда. Аднак ва ўмовах германскай акупацыі выбары ва Усебеларускі Устаноўчы сойм правесці было немагчыма. 18 сакавіка Рада Усебеларускага з'езда на пленарным пасяджэнні абвясціла сябе Радай Беларускай Народнай Рэспублікі і т.ч. узяла на сябе функцыі парламента. Выканком спыніў сваё існаванне.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Варонка, Я. Беларускі рух ад 1917 да 1920 году: кароткі агляд / Я. Варонко. — Менск [Мінск]: Беларускае кааперацыйна-выдавецкае таварыства «Адраджэнне», 1991. — 29 с.
  • Езавітаў, К. Першы Усебеларускі кангрэс // Беларуская мінуўшчына. — 1993. — № 1. — С.
  • Казбярук, У. Паміж молатам і кавадлам, або Крок наперад, два крокі назад // Літаратура і мастацтва. — 1991. — № . — 8 сакавіка. — С.; № . — 15 сакавіка. — С.; № . — 22 сакавіка. — С.
  • Сідарэвіч, А. М. Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з'езда / А. М. Сідарэвіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 2: Беліцк—Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 536 с. — С. 370—371. — ISBN 5-85700-142-0.
  • Турук, Ф. Ф. Белорусское движение: Очерк истории национального и революционного движения белорусов: С прил.образцов белорус.нелегал.лит.,важнейших документов белорус.полит.партий и национальные организации и этнографические карты белорусского племени, сост. Е. Ф. Карским / Предисл. А. Кавки. — Б.м., 1994 (Мн.:Картогр. ф-ка Белгеодезии). — 144 с. + 1 л. карт.