Перайсці да зместу

Высадка ў Нармандыі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Нармандская дэсантная аперацыя 1944
Асноўны канфлікт: Аперацыя «Оверлорд», Другі фронт, Другая сусветная вайна
Амерыканскія салдаты высаджваюцца на ўчастку «Омаха», 6 чэрвеня 1944 года
Амерыканскія салдаты высаджваюцца на ўчастку «Омаха», 6 чэрвеня 1944 года
Дата 6 чэрвеня24 ліпеня 1944 года[заўв 1]
Месца Нармандыя, Паўночна-Заходняя Францыя
Вынік захоп саюзнікамі стратэгічнага плацдарма ў Нармандыі; адкрыццё другога фронту ў Заходняй Еўропе
Праціўнікі
ЗША
Вялікабрытанія
Канада
французскія, польскія і чэхаславацкія часці
Германія
Камандуючыя
Дуайт Эйзенхаўэр
Бернард Лоу Мантгомеры
Эрвін Ромель
Сілы бакоў
39 дывізій, 12 асобных брыгад, 10 атрадаў камандас і рэйнджараў; каля 2,876 млн чалавек, 6 тыс. танкаў і самаходна-артылерыйскіх установак, каля 11 тыс. баявых самалётаў, каля 7 тыс. караблёў і суднаў група армій «Б» — 38 дывізій на ўзбярэжжы Паўночна-Заходняй Францыі, Бельгіі і Галандыі; на ўчастку высадкі дзейнічалі 3 дывізіі
Страты
каля 122 тыс. чалавек каля 117 тыс. чалавек
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Высадка ў Нармандыі (кодавая назва — аперацыя «Нептун»; таксама Нарма́ндская дэса́нтная апера́цыя, англ.: Normandy landings, фр.: Débarquement de Normandie) — марская дэсантная аперацыя саюзнікаў у Другую сусветную вайну, праведзеная 6 чэрвеня24 ліпеня 1944 года ў Нармандыі, на ўзбярэжжы Паўночна-Заходняй Францыі. Аперацыя была састаўной часткай аперацыі «Оверлорд» і мела на мэце перакідванне экспедыцыйных сіл саюзнікаў праз Ла-Манш, захоп плацдарма на тэрыторыі, занятай германскімі войскамі, і развіццё наступлення ў Заходняй Еўропе.[1]

У аперацыі ўдзельнічалі войскі ЗША, Вялікабрытаніі, Канады, а таксама французскія, польскія і чэхаславацкія часці. Агульнае камандаванне саюзнымі сіламі ажыццяўляў генерал Дуайт Эйзенхаўэр, сухапутныя войскі былі аб’яднаны ў 21-ю групу армій пад камандаваннем генерала Бернарда Лоу Мантгомеры.[1]

Перадумовы і падрыхтоўка

[правіць | правіць зыходнік]
Схема асноўных участкаў высадкі саюзнікаў 6 чэрвеня 1944 года

Ідэя адкрыцця другога фронту ў Заходняй Еўропе ўзнікла пасля нападу Германіі на СССР. У 1942 годзе англа-амерыканскія войскі высадзіліся ў Паўночнай Афрыцы, у 1943 годзе — на Сіцыліі і ў Паўднёвай Італіі. На Тэгеранскай канферэнцыі 1943 года кіраўнікі ЗША і Вялікабрытаніі абавязаліся адкрыць другі фронт у Еўропе ў маі 1944 года; пазней тэрмін быў перанесены на чэрвень.[2]

Перад высадкай саюзнікі сканцэнтравалі на Брытанскіх астравах 39 дывізій, 12 асобных брыгад, 10 атрадаў камандас і рэйнджараў, буйныя сілы авіяцыі і флоту. Усяго ў групоўцы налічвалася каля 2 млн 876 тыс. чалавек, 6 тыс. танкаў і самаходна-артылерыйскіх установак, каля 15 тыс. гармат і мінамётаў, каля 11 тыс. баявых самалётаў і каля 7 тыс. баявых, транспартных і дэсантных караблёў.[1]

Паўночна-заходняе ўзбярэжжа Францыі, Бельгіі і Нідэрландаў абараняла германская група армій «B» пад камандаваннем генерал-фельдмаршала Эрвіна Ромеля. На шырокім участку абароны яна мела 38 дывізій, але непасрэдна ў раёне высадкі саюзнікаў дзейнічалі толькі 3 дывізіі.[1]

Саюзнікам удалося захаваць у тайне месца і час высадкі. З канца красавіка 1944 года іх авіяцыя наносіла масіраваныя ўдары па германскіх аэрадромах, чыгуначных вузлах і пунктах кіравання. У ноч на 6 чэрвеня 1944 года, пры падтрымцы авіяцыі і ў складаных метэаралагічных умовах, паветрана-дэсантныя часці саюзнікаў высадзіліся ў тыле германскай абароны. Амерыканскія 82-я і 101-я паветрана-дэсантныя дывізіі дзейнічалі на Кантантэнскім паўвостраве і на поўнач ад Карантана, забяспечваючы выхад з участку «Юта». Брытанская 6-я паветрана-дэсантная дывізія высадзілася паўночна-ўсходней Кана, на ўсход ад ракі Орн, дзе замацоўвала ўсходні фланг дэсанту.[1][3]

Задачай брытанскага дэсанту было захапіць пераправы праз Канскі канал і Орн, каб не дапусціць германскага ўдару па ўсходнім флангу высадкі, а таксама знішчыць масты праз раку Дзіў і запаволіць падыход германскіх рэзерваў з усходу.[3]

Марскі дэсант пачаў высадку раніцай 6 чэрвеня. Асноўныя ўчасткі ўзбярэжжа атрымалі кодавыя назвы «Юта», «Омаха», «Голд», «Джуна» і «Сорд». Найбольш цяжкія баі ў першы дзень разгарнуліся на ўчастку «Омаха», дзе амерыканскія часці сутыкнуліся з моцным агнём і арганізаванай абаронай германскіх войск.[4] Пры падтрымцы карабельнай артылерыі і авіяцыі саюзнікі ў першы дзень занялі некалькі прыбярэжных плацдармаў.[1]

Ваенныя і дэсантныя караблі падчас аперацыі «Нептун», чэрвень 1944 года

Да 5 ліпеня ў Нармандыі знаходзілася ўжо каля 1 млн саюзных вайскоўцаў. Да 25 ліпеня саюзнікі стварылі стратэгічны плацдарм на рубяжы на поўдзень ад Кана, Камона і Сен-Ло. На гэтым плацдарме былі сканцэнтраваны тры арміі — 23 пяхотныя, 8 бранятанкавых і 1 паветрана-дэсантная дывізіі. Ім супрацьстаялі 7-я германская армія і танкавая група «Захад», усяго 24 дывізіі, з іх 9 танкавых.[1]

Выгрузка грузу з дэсантных суднаў на ўзбярэжжы Нармандыі, чэрвень 1944 года

Нармандская дэсантная аперацыя стала буйнейшай марской дэсантнай аперацыяй у Другую сусветную вайну. Яна забяспечыла саюзнікам стратэгічны плацдарм у Паўночна-Заходняй Францыі і фактычна адкрыла другі фронт у Заходняй Еўропе.[1][2]

«У сківіцы смерці» — адзін з найбольш вядомых фотаздымкаў нармандскай аперацыі

Германскае камандаванне не змагло арганізаваць эфектыўную абарону ўзбярэжжа і своечасова сканцэнтраваць рэзервы ў раёне высадкі. Сярод фактараў, якія абмяжоўвалі магчымасці германскіх войск на захадзе, было і наступленне савецкіх войск у Беларусі летам 1944 года — Беларуская аперацыя.[1]

Страты саюзнікаў у аперацыі склалі каля 122 тыс. чалавек, германскага боку — каля 117 тыс. чалавек.[1]

Беларусы ў аперацыі

[правіць | правіць зыходнік]

Сярод амерыканскіх дэсантнікаў, якія першымі высадзіліся на ўзбярэжжы Нармандыі, былі беларускія эмігранты. У прыватнасці, І. Радзюковіч, чые бацькі паходзілі з Міншчыны.[1]

Адзін з найбольш вядомых фотаздымкаў аперацыі — «У сківіцы смерці» (англ.: Into the Jaws of Death), зроблены 6 чэрвеня 1944 года Робертам Ф. Сарджэнтам з Берагавой аховы ЗША. На ім паказаны амерыканскія салдаты, якія выходзяць з дэсантнага катара і рухаюцца да берага пад агнём на ўчастку «Easy Red» пляжа «Омаха».[5]

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 Нармандская дэсантная аперацыя 1944 // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мінск: БелЭн, 2000. — С. 162. — ISBN 985-11-0188-5.
  2. 1 2 Другі фронт // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мінск: БелЭн, 1998. — С. 217. — ISBN 985-11-0106-0.
  3. 1 2 How D-Day Was Fought From The Air // Imperial War Museums. Праверана 11 чэрвеня 2026.
  4. Normandy Invasion: D-Day, June 6, 1944 // Encyclopaedia Britannica. Праверана 11 чэрвеня 2026.
  5. Into the Jaws of Death, June 6, 1944 // National Archives. Праверана 11 чэрвеня 2026.
  • Нармандская дэсантная аперацыя 1944 // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мінск: БелЭн, 2000. — С. 162. — ISBN 985-11-0188-5.
  • Другі фронт // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мінск: БелЭн, 1998. — С. 217. — ISBN 985-11-0106-0.
  • Ржешевский О. А. История второго фронта: война и дипломатия. — М.: Политиздат, 1988.
  • Хастингс М. Операция «Оверлорд»: Как был открыт второй фронт / пер. с англ. — М., 1989.
  1. У Беларускай энцыклапедыі Нармандская дэсантная аперацыя датуецца 6.6—24.7.1944 і ахоплівае перыяд стварэння саюзнікамі стратэгічнага плацдарма ў Нармандыі. У англа-амерыканскіх крыніцах назва Operation Neptune звычайна адносіцца да штурмавой фазы аперацыі «Оверлорд», якая пачалася 6 чэрвеня і афіцыйна завяршылася 30 чэрвеня 1944 года. Гл.: D-Day - Operation Overlord Heritage Site // United States Army. Праверана 11 чэрвеня 2026.