Высокакучавыя воблакі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Высокакучавыя воблакі, Новы Паўднёвы Уэльс, Аўстралія, 11 сакавіка 2009

Высока-кучавыя воблакі (Altocumulus, Ac) адносяцца да воблакаў сярэдняга яруса. Маюць белы або шэры колер, у некаторых выпадках з сіняватым адценнем у выглядзе хваляў або градаў з прасветамі блакітнага неба. Іншы раз уяўляюць амаль суцэльнае воблачнае покрыва. Ніжняя мяжа гэтых воблакаў можа знаходзіцца на вышынях ад 2 да 6 км, а таўшчыню яны маюць ад 0,2 да 0,7 км.

Высакакучавыя воблакі складаюцца пераважна з дробных пераахалоджаных кропель. Іх утварэнне ў асноўным абумоўлена хвалевымі рухамі паветра ў слаях інверсіі, а таксама над франтальнымі паверхнямі і араграфічнымі схіламі. Ападкі выпадаюць вельмі рэдка і толькі ў выглядзе асобных кропель дажджу ці сняжынак.

Віды і разнавіднасці[правіць | правіць зыходнік]

Высокакучавыя воблакі падзяляюцца на наступныя віды:

  • Хвалістыя (Altocumulus undulatus, Ac und.). Яны размяшчаюцца на небасхіле радамі або градамі.
    • прасвечаныя (Altocumulus translucidus, Ac trans.), якія складаюцца з асобных, выразна акрэсленых элементаў (хваляў, пласцін), паміж якімі маюцца прасветы, якія дазваляюць бачыць блакітнае неба ці нябесныя свяцілы;
    • непрасвечаныя шчыльныя (Altocumulus opacus, Ac op.) — уяўляюць амаль суцэльнае покрыва, на ніжняй паверхні якога выразна вылучаюцца больш цёмныя хвалі ці грады;
    • лінзападобныя (Altocumulus lenticularis, Ac lent.) — асобныя, больш шчыльныя воблакі лінзападобнай формы з выразным або валакністым абрысам;
    • неаднародныя (Altocumulus inhomogenus, Ac inh.) — толькі месцамі маюць хвалістую будову.
  • Кучавападобныя (Altocumulus cumuliformis, Ac cuf.) — адасобленыя, а іншы раз у выглядзе суцэльнай масы з прыкметамі вертыкальнага развіцця.
    • камякападобныя (Altocumulus floccus, Ac floc.) — падраныя па краях бясформенныя камякі, параўнальна хутка змяняюць свае контуры;
    • вежападобныя (Altocumulus castellanus, Ac cast.) — града воблакаў, ад якіх адыходзяць уверх белыя кучавападобныя купалы ці вежы. Калі-нікалі яны нагадваюць невялікія кучавыя воблакі;
    • утвораныя з кучавых воблакаў (Altocumulus cumulogenitus, Ac cug.) — белае покрыва, якое ўзнікае з кучавых або кучава-дажджавых воблакаў, вяршыні якіх расцякаюцца ў сярэднім ярусе;
    • з палосамі падзення (Altocumulus virga, Ac vir.) — з ападкаў у выглядзе валокнаў ці пучкоў, што выпадаюць з асобных высакакучавых воблакаў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Каўрыга П. А. Метэаралогія і кліматалогія. Вуч. дапаможнік для студэнтаў геагр. фак. — Мн: БДУ, 2004. — 185 с.: іл.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]