Вязынь
Аграгарадок
Вязынь
| ||||||||||||||||||
Вя́зынь[1] (трансліт.: Viazyń, руск.: Вязынь) — аграгарадок у Вілейскім раёне Мінскай вобласці, на рацэ Ілія. Адміністрацыйны цэнтр Вязынскага сельсавета. Насельніцтва 778 чал. (1993). Знаходзіцца за 22 км на паўднёвы ўсход ад Вілейкі.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Упершыню Вязынь згадваецца ў другой палове XV ст. як уладанне Саковічаў. Ад Ю. Саковіча мясцовасць перайшла да яго сына Войцеха (памёр у 1522), які паводле маёнтку Насілаў пісаўся панам Насілоўскім, потым — сыну апошняга, ваяводу віцебскаму Юрыю Насілоўскаму (памёр у 1544). За ім у Вязыні ў 1543 заснавалі касцёл, у гэты ж час паселішча, імаверна, атрымала статус мястэчка. Тым часам першы ўспамін пра Вязынь як мястэчка датуецца 1552.
У другой палове XVI ст. Вязынь перайшла да Вітунскіх: Я. Вітуньскі значыцца як уладальнік паселішча ў 1616 пры размежаванні з суседнім маёнткам Куранцом. Пазней паселішча перайшло ў валоданне Віленскага жаночага кляштара бенедыкцінак пры касцёле Св. Кацярыны. Як уласнасць бенедыкцінак мястэчка згадваецца ў 1627 і 1638 пры размежаваннях іх зямель і пры парушэнні межаў Вязынскай пушчы з боку ваяводы смаленскага А. Гасеўскага, у 1674 пры размежаванні з маёнткам віленскіх бернардзінак Рабунем.
У 1721 кляштарныя маёнтак Вязынь і фальварак Седзіца мелі спрэчныя землі з Маладзечнам і Селішчам пана Міхала Казіміра Коцела. У 1736 згадваецца царква ў Вязыні, на якую кляштар бенедыкцінак выдзеліў паўвалокі зямлі. У 1770 адбылося яшчэ адно размежаванне з суседнімі маёнткамі Селішчам і Ляўковам. У 1791 у мястэчку збудавалі Успенскую царкву.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Вязынь апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Вілейскім павеце Мінскай, з 1843 — Віленскай губерні. У 1808 мястэчка перайшло да Гяцэвічаў. Паводле вынікаў перапісу (1897) тут існавалі царква, каталіцкая мураваная капліца, сінагога. На пач. XX ст. — валасная ўправа, народнае вучылішча (91 вучань і 2 настаўнікі), аднакласая царкоўнапрыходская школа, 359 дзесяцінаў зямлі. Цягам 1810—1913 тут у маёнтку Гяцэвічаў працавалі бровар (10 работнікаў), цягам 1810—1913 — млын (18 работнікаў).
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Вязынь апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе зрабілася цэнтрам гміны Вілейскага павета Віленскага ваяводства.
У 1939 Вязынь увайшла ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 зрабілася цэнтрам сельсавета. Статус паселішча панізілі да вёскі. Станам на 1970 тут было 272 двары, на 1993 — 329 двароў. У 2000-я Вязынь атрымала статус аграгарадка[2].
Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]
- XIX стагоддзе: 1859 — 367 чал.; 1881 — 270 чал.[3]; 1897 — 601 чал.
- XX стагоддзе: 1901 — 602 чал.; 1921 — 507 чал.[4]; 1970 — 825 чал.; 1993 — 778 чал.[5]; 1997 — 428 чал. у 181 дварах[6].
Інфраструктура[правіць | правіць зыходнік]
У Вязыні працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, паліклініка, дом культуры, бібліятэка, пошта.
Турыстычная інфармацыя[правіць | правіць зыходнік]

Славутасці[правіць | правіць зыходнік]
- Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі (1908)
- Могілкі старыя каталіцкія
- Сядзібна-паркавы комплекс Гяцэвічаў (XIX ст.)
- Царква Покрыва Прасвятой Багародзіцы (2-я пал. XIX ст.)
Страчаная спадчына[правіць | правіць зыходнік]
- Касцёл Святой Ганны (1830)
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Вя́зань (за Вя́зыней)
- ↑ Вязынь // Государственный центр картографо-геодезических материалов и данных Республики Беларусь
- ↑ Wiazyń // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XIII: Warmbrun — Worowo. — Warszawa, 1893. S. 276.
- ↑ Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej. Tom VII. Część II. Ziemia Wileńska. Powiaty: Brasław, Duniłowicze, Brasław i Wilejka. — Warszawa: Główny Urząd Statystyczny Rzeczypospolitej Polskiej, 1923.
- ↑ В. Л. Насевіч, Г. М. Новікава. Вязынь //Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. С. 386.
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 4), ISBN 985-11-0035-8. — С. 341.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. ISBN 5-85700-142-0.
- Wiazyń // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XIII: Warmbrun — Worowo. — Warszawa, 1893. S. 276.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Вязынь