Перайсці да зместу

Вялікі Віленскі сейм

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Парадак дня сейма.

Вялікі Віленскі сейм (літ.: Didysis Vilniaus Seimas) — з’езд літоўцаў, які адбыўся 4—5 снежня 1905 года ў Вільні. Важны этап літоўскага нацыянальнага руху.

Літоўскі з’езд рыхтаваўся і праводзіўся ў абстаноўцы росту нацыянальных рухаў і рэвалюцыі 1905 года ў Расіі. Ідэя з’езду, які паслужыў бы палітычнай кансалідацыі літоўскага народа, нарадзілася ў літоўскіх гуртках Вільні. Абраны арганізацыйны камітэт прыняў «Заклік да літоўскага народа» (літ.: «atsišaukimas į lietuvių tautą»), у якім сфармуляваў палітычную праграму з’езда і заклікаў накіраваць на яго прадстаўнікоў ад кожнай воласці і прыходу. З’езд атрымаў назву «Літоўскага сейма» або «Віленскага (Вільнюскага) сейма».

Арганізацыйны камітэт 5 (18) лістапада 1905 зацвердзіў мемарандум старшыні Савета Міністраў Расіі графу С. Ю. Вітэ з заклікам даць Літве аўтаномію. Мемарандум быў зарэгістраваны 9 (22) лістапада 1905 года ў канцылярыі Савета Міністраў.

З’езд працаваў 21—22 лістапада (45 снежня) 1905 года ў гарадской зале ў Вільні (цяпер Нацыянальная філармонія Літвы) на Вастрабрамскай вуліцы 5 (цяпер вуліца Аўшрос Варту 5). У ім прыняло ўдзел каля 2 тыс. літоўцаў з усёй Расійскай імперыі. Пераважалі сяляне, але ўдзельнічалі таксама святары, памешчыкі, прадстаўнікі інтэлігенцыі.

Старшынёй з’езда быў адзін з яго ініцыятараў і арганізатараў Ёнас Басанавічус. Была прынятая рэзалюцыя з патрабаваннем даць Літве ў яе этнаграфічных межах (гл. Этнаграфічная Літва) палітычную аўтаномія з сеймам у Вільні, дэмакратычна абіраным (усеагульнымі, роўнымі, прамымі і таемнымі выбарамі, з правам голасу незалежна ад полу, нацыянальнасці і веравызнання). Падкрэслівалася неабходнасць аб’яднання ўсіх літоўскіх палітычных сіл і супрацоўніцтва з іншымі нацыянальнымі рухамі. З’езд падкрэсліў таксама важнасць прапаганды нацыянальнай асветы і літоўскай мовы. Была прынятая рэзалюцыя аб ужыванні літоўскай мовы ў касцёлах Віленскай дыяцэзіі. Рашэнні з’езда былі апублікаваныя ў газеце «Вільняус жынес».

Улады пайшлі на некаторыя саступкі ў галіне школьнай адукацыі. Некаторыя актыўныя выканаўцы рашэнняў з’езда, якія пачалі ігнараваць органы ўлады і расійскія законы, былі рэпрэсаваныя (турэмнае зняволенне, ссылка) або вымушаныя эміграваць.

Вялікі Віленскі сейм ацэньваецца як першы важны эпізод у фармаванні сучаснай літоўскай нацыі, яе нацыянальна-дзяржаўным развіцці, у руху да аднаўлення літоўскай дзяржаўнасці. Лічыцца галоўнай падзеяй літоўскай гісторыі пасля паўстання 1863 года.

Да 100-годдзя Вялікага Віленскага сейма ў 2005 выпушчаная памятная манета ў 50 літаў. Аўтар графічнага праекта манеты з’яўляецца мастак Альбертас Гурскас, аўтар гіпсавых мадэляў — мастак Рытас Ёнас Бялявічус[1].

  1. Монета к 100-летию Вильнюсского Сейма. Архівавана з першакрыніцы 16 студзеня 2014. Праверана 15 студзеня 2014.
  • Lietuvių Atgimimo istorijos studijos. T. 11: Didysis Vilniaus seimas. Vilnius: Saulabrolis, 1996. 364 p. ISBN 9986-814-01-4.
  • A. Kasperavičius. Jonas Basanavičius ir Didysis Vilniaus seimas // Dr. Jonas Basanavičius 1851—1927. Vilnius, 2003. P. 97—103.