Перайсці да зместу

Вялікі чыкагскі пажар

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вялікі чыкагскі пажар.

Вялікі Чыкагскі пажар працягваўся з 8 кастрычніка па 10 кастрычніка 1871 года. Пажар знішчыў большую частку горада Чыкага, сотні жыхароў горада загінулі. Нягледзячы на тое, што пажар быў адной з самых маштабных катастроф XIX стагоддзя, горад адразу ж пачаў перабудоўвацца, што паслужыла штуршком да ператварэння Чыкага ў адзін з самых значных гарадоў ЗША.

Прычыны пажару

[правіць | правіць зыходнік]

Пажар пачаўся ў 9 гадзін вечара 8 кастрычніка 1871 года у маленькім хляве на задворках дома 137 па ДэКовен-стрыт[1].

Паводле найбольш вядомай версіі, пажар выклікала карова, якая перакуліла капытамі газавую лямпу. Карова належала Патрыку і Кэтрын О’ліры. Гэтая гісторыя з’явілася ў выглядзе чутак яшчэ да заканчэння пажару і была апублікаваная ў газеце «Чыкага Трыб’юн» адразу ж пасля заканчэння пажару. Журналіст, які выказаў гэтую версію ў прэсе, Майкл Эхерн пасля прызнаў, што ён выдумаў гэтую гісторыю[2].

Пазней гісторык-аматар Рычард Бэйлс прыйшоў да высновы, што пажар пачаўся, калі Дэніэл Саліван, які першым паведаміў пра пачатак пажару, спрабуючы скрасці малако з хлява, падпаліў там сена. Аглядальнік газеты «Чыкага Трыб’юн» Энтані ДэБартола прытрымліваўся думкі, што пажар пачаў нейкі Луіс Кон падчас гульні ў крэпс. Паводле кнігі Алана Вайкса, апублікаванай у 1964 годзе, Кон сам прызнаўся ў зробленым.

Згарэлыя будынкі ў цэнтры Чыкага, 1871 год.

Распаўсюджванне агню

[правіць | правіць зыходнік]

Калі полымя ахапіла хлеў, суседзі кінуліся да дома О’ліры, спрабуючы выратаваць яго ад агню. Гэты дом практычна не пашкоджаны пажарам. Аднак пажарная ахова забіла трывогу толькі ў 21:40, у той час, як моцны паўднёва-заходні вецер адносіў агонь да цэнтра горада. Неўзабаве полымя перакінулася на бліжэйшыя пабудовы і дамы. Разагрэты вецер нёс агонь на паўночны ўсход. Апоўначы полымя перакінулася праз паўднёвы рукаў ракі Чыкага. Драўляныя хаты, прышвартаваныя ўздоўж ракі караблі, драўляныя тратуары, вугальны склады спрыялі хуткаму распаўсюджванню агню. Разагрэтае паветра падпальвала дахі дамоў на вялікай адлегласці ад пажару.

У агні загінулі гатэлі, крамы, цэрквы, опера і тэатры ў цэнтры горада. Пажар працягваў распаўсюджвацца, жыхары горада шукалі прытулку ў паўночнай частцы горада, па мастах пераходзячы праз паўночны рукаў ракі Чыкага. Неўзабаве агонь дабраўся і туды, спальваючы дарагія дамы на поўначы горада. Тысячы жыхароў горада сабраліся ў Лінкальн-парку і на беразе возера Мічыган.

Да вечара панядзелка вецер нарэшце змоўк і пайшоў дробны дождж. Пажар сышоў на нішто, пакінуўшы ззаду сябе 48 амаль цалкам разбураных кварталаў ад дома О’ліры да Фулертон-авеню на поўначы горада.

Карта Чыкага 1871 года. Цёмная частка была знішчана пажарам.

Некалькі дзён пасля заканчэння пажару згарэлыя астанкі дамоў заставаліся настолькі гарачымі, што аналіз маштабу разбурэння не ўяўляўся магчымым. У рэшце рэшт было вызначана, што пажар знішчыў усё ў паласе 4 мілі (6 км) у даўжыню і ў сярэднім тры чвэрці мілі (1 км) у шырыню. Агульная плошча пажару склала 2000 акраў (8 км²), уключаючы 73 мілі (120 км) дарог, 120 міль (190 км) тратуара, 2 000 фонарных слупоў, 17 500 будынкаў, агульным коштам 222 мільёны долараў, гэта значыць прыкладна траціну горада. З 300 тысяч жыхароў горада 90 тысяч засталіся без прытулку. Мясцовыя газеты заўважылі, што памеры пажару пераўзышлі пажар Масквы падчас Айчыннай вайны 1812 года. Цікава, што некаторыя будынкі выжылі ў агні. Самы вядомы з іх — Чыкагская воданапорная вежа, якая стаіць на ранейшым месцы па гэты дзень і служыць неафіцыйным мемарыялам пажару. Вежа была ўсяго толькі адным з пяці грамадскіх будынкаў, якія перажылі пажар. Яшчэ адзін такі будынак — Царква святога сямейства, была царквой, у якую хадзіла сям’я О’ліры.

Пасля пажару было знойдзена 125 цел загінуўшых. Афіцыйная колькасць загінулых склала 200—300 чалавек, што з’яўляецца небывала малой колькасцю для пажару падобнага маштабу. Пасля іншыя катастрофы ў Чыкага забіралі нашмат больш жыццяў: 605 чалавек загінулі ў пажар Тэатра «Іракез» ў 1903 годзе, ў 1915 годзе 835 чалавек загінула, калі ў рацэ Чыкага затануў карабель «Істленд». Нягледзячы на гэта, вялікі Чыкагскі пажар застаецца самай вядомай катастрофай у гісторыі горада.

Спекулянты зямлёй і ўладальнікі бізнэсаў тут жа пачалі перабудоўваць горад. У 1871 годзе мэрам горада быў абраны Джозэф Медыл, які актыўна ўзяўся за перабудову горада і рашэнне ўзніклых праблем. Уся краіна дапамагала гораду грашыма, адзеннем, ежай, мэбляй. Першы груз з дрэвам для будаўніцтва прыбыў у дзень, калі быў патушаны апошні падпалены будынак. Усяго праз 22 гады 21 мільён чалавек прыбылі ў горад на Сусветную выстаўку.

У 1956 годзе рэшткі дома О’ліры былі знесены і на іх месцы была пабудавана Чыкагская пажарная акадэмія.

Панарама Чыкага пасля пажару.

Восень 1871 года выдалася гарачай, сухой і ветранай. У той жа дзень адбылося яшчэ тры вялікіх пажары на берагах возера Мічыган. За 400 міль (600 км) на поўнач ад Чыкага стэпавы пажар знішчыў горад Пештыга у штаце Вісконсін разам з тузінам суседніх вёсак. Пры гэтым колькасць ахвяр гэтага пажару склала ад 1200 да 2500 чалавек. Нягледзячы на тое, што пажар у Пештыга забраў найбольшую колькасць чалавечых жыццяў у гісторыі ЗША, у той час ён застаўся амаль незаўважаным з прычыны значнай аддаленасці рэгіёну. На ўсходнім беразе возера Мічыган пажар знішчыў горад Холанд, за 100 міль (160 км) на поўнач ад Холанда пажар спаліў пасёлак Маністы.

Тое, што чатыры буйныя пажары на берагах возера Мічыган адбыліся ў адзін і той жа дзень, наводзіць на думку аб адзінай прычыне. Існуе здагадка, згодна з якой пажары былі выкліканыя сутыкненнем Зямлі з асколкамі Каметы Біэлы. Як довады на карысць гэтай версіі прыводзіліся незвычайна хуткае распаўсюджванне пажару і сведчанні некаторых відавочцаў аб «агні, што падае з неба». Аднак дадзенае меркаванне не атрымала пацверджання і прызнання[3].

Зноскі

  1. Pierce, Bessie Louise  (англ.). A History of Chicago: Volume III: The Rise of a Modern City, 1871-1893 (англ.). — Chicago: University of Chicago Press. — С. 4. — ISBN 978-0-226-66842-0.
  2. The O'Leary Legend. Chicago History Museum. Архівавана з першакрыніцы 12 лютага 2012. Праверана 18 сакавіка 2007.
  3. "ВЕЛИКИЙ ПОЖАР В ЧИКАГО 1871 г. и "ВОЙНА МИРОВ" ГЕРБЕРТА УЭЛЛСА - есть ли что то общее?". Праверана 2018-10-08.