Вясновае наступленне (1975)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Вясновае наступленне
Асноўны канфлікт: Вайна ў В’етнаме
South Vietnam - The final days 1975.jpg
Схема Вясновага наступлення.
Дата 1 сакавіка30 красавіка 1975
Месца Паўднёвы В’етнам
Вынік перамога Паўночнага В’етнама
Праціўнікі
Сцяг В'етнама Паўночны В’етнам
Сцяг В'етконга В’етконг
Сцяг Паўднёвага В'етнама Паўднёвы В’етнам
Камандуючыя
Сцяг В'етнама Ле Зуан
Сцяг В'етнама Ван Цьен Зунг
Сцяг В'етнама Во Нгуен Зіяп
Сцяг В'етконга Ле Чонг Тан
Сцяг В'етконга Чан Ван Ча
Сцяг В'етконга Нгуен Хыу Ан
Сцяг В'етконга Ле Дык Ань
Сцяг Паўднёвага В'етнама Нгуен Ван Цхьеу
Сцяг Паўднёвага В'етнама Зыонг Ван Мінь
Сцяг Паўднёвага В'етнама Цаа Ван Віен
Сцяг Паўднёвага В'етнама Нгуен Ван Таан
Сцяг Паўднёвага В'етнама Фам Ван Фу
Сцяг Паўднёвага В'етнама Нгуен Кхоа Нам
Сцяг Паўднёвага В'етнама Донг Ван Хуен
Сілы бакоў
каля 1 млн чалавек 3 млн чалавек
Страты
20 тысяч забіта і паранена 90 тысяч забіта і паранена, 1 100 000 здаліся ў палон[1], захоплена каля 600 танкаў[2], 877 самалётаў і верталётаў[3]

Вясновае наступленне — апошняя і самая буйная наземная кампанія В’етнамскай вайны, якая праводзілася сіламі паўночнав’етнамскай арміі (В’етнамская народная армія, ВНА) у сакавіку—красавіку 1975 года. Складалася з трох наступальных аперацый: Тэйнгуенскай, Хюэ-Данангскай, «Хо Шы Мін». У ходзе гэтых аперацый паўночнав’етнамская армія нанесла серыю цяжкіх паражэнняў паўднёвав’етнамскай арміі і заняла большую частку тэрыторыі Паўднёвага В’етнама, уключаючы сталіцу краіны Сайгон, што стала завяршэннем В’етнамскай вайны.

Перадумовы[правіць | правіць зыходнік]

Падпісаннем у студзені 1973 года Парыжскага пагаднення аб спыненні вайны і аднаўленні міру ў В’етнаме завершаны ўдзел Злучаных Штатаў у В’етнамскай вайне: у сакавіку 1973 тэрыторыю Паўднёвага В’етнама пакінулі апошнія амерыканскія вайскоўцы. Пастаўкі зброі і ваеннай тэхнікі працягваліся, як і эканамічная дапамога, аднак амерыканскі Кангрэс ЗША пастаянна ўрэзаў асігнаванні на гэтыя мерапрыемствы. У той жа час баявыя дзеянні ў Паўднёвым В’етнаме не завяршыліся. У краіне працягвалі знаходзіцца буйныя паўночнав’етнамскія сілы (16 дывізій), што выкарысталі выхад ЗША з вайны для рэарганізацыі сваёй структуры і тылу. У 1973—1974 гадах была значна пашырана «сцежка Хо Шы Міна», якая пралягала праз Лаос і Камбоджу. Па ёй з поўначы працягвалі перакідацца палкі і дывізіі паўночнав’етнамскай арміі, а таксама ваенная тэхніка. З канца 1973 года паўночнав’етнамскія дывізіі ў Паўднёвым В’етнаме сталі аб’ядноўвацца ў карпуса.

Паўднёвы В’етнам, нягледзячы на амерыканскую дапамогу, адчуваў значныя цяжкасці як ваеннага, так і эканамічнага характару. Урадавая армія адчувала востры недахоп практычна ўсяго, што патрабавалася для вядзення эфектыўных баявых дзеянняў — боепрыпасаў, гаручага, запчастак для тэхнікі, медыкаментаў. Задаволіць усе гэтыя патрэбы абаронны бюджэт не мог. У гарадах краіны каля траціны працаздольнага насельніцтва не мела работы. Пастаянна расла інфляцыя. Усё гэта, разам з некампетэнтнасцю значнай часткі ваеннага і палітычнага кіраўніцтва краіны, стварала самыя неспрыяльныя ўмовы для захавання суверэнітэту Паўднёвага В’етнама.

У жніўні 1974 года прэзідэнт ЗША Рычард Ніксан быў вымушаны сысці ў адстаўку пад пагрозай імпічменту ў сувязі з Уотэргейцкім скандалам. Новы амерыканскі лідар Джэральд Форд не меў магчымасцяў для выканання вусных абяцанняў, дадзеных яго папярэднікам паўднёвав’етнамскаму прэзідэнту Нгуен Ван Цхьеу (аб ваенным ўмяшанні ў выпадку зрыву Паўночным В’етнамам умоў Парыжскага пагаднення). ЗША перажывалі цяжкі паліўны і эканамічны крызіс, выкліканы Вайной Суднага дня, кангрэс заблакаваў любыя магчымасці для вяртання ўзброеных сіл у Паўднёва-Усходнюю Азію, а амерыканскае грамадства было стомлена бясплоднай васьмігадовай вайной. Тым не менш, паўночнав’етнамскае кіраўніцтва распачало крок для праверкі рашучасці ЗША падтрымліваць Паўднёвы В’етнам у гэты перыяд. У снежні 1974 войскамі Паўночнага В’етнама было разгорнута буйнае наступленне ў правінцыі Фуаклонг, якое завяршылася ў студзені 1975 года пераходам усёй правінцыі пад кантроль В’етнамскай народнай арміі. ЗША ніяк не адрэагавалі на гэтую падзею.

Пасля бітвы за Фуаклонг паўночнав’етнамскі Генеральны штаб распрацаваў стратэгічны план, накіраваны на дасягненне перамогі ў вайне ў 1976 годзе. На 1975 год вызначалася правядзенне аперацыі ў цэнтральнай частцы Паўднёвага В’етнама, на плато Тэйнгуен. Асобна агаворвалася, што пры наяўнасці спрыяльных умоў магчыма развіццё наступлення і пераможнае завяршэнне вайны ўжо ў 1975 годзе. Непасрэднае кіраўніцтва аперацыяй ажыццяўляў начальнік Генеральнага штаба Ван Цьен Зунг.

Тэйнгуенская аперацыя[правіць | правіць зыходнік]

Вясновае наступленне ВНА пачалося 1 сакавіка 1975 года на цэнтральным пласкагор’і Тэйнгуен, у горных раёнах паўднёвав’етнамскага II корпуса[К 1]. Задума Тэйнгуенскай аперацыі, афіцыйна звалася «аперацыя 275», прадугледжвала нанясенне асноўнага ўдару ў напрамку Буанметхуота, за якім павінен быў следам пайсці разгром паўднёвав’етнамскай арміі ў раёне Плейку і Кантума і выхад на ўзбярэжжы Паўднёва-Кітайскага мора. Такім чынам, увесь паўднёвав’етнамскі I корпус апыняўся адрэзаным ад астатняй часткі краіны, што значна аблягчала яго разгром.

Асноўныя сілы II корпуса, які складаўся з частак урадавай арміі, былі размешчаны на поўначы, у раёне Плейку і Кантума, дзе чакаўся асноўны ўдар В’етнамскай народнай арміі. Тут з 1 сакавіка паўночнав’етнамская армія праводзіла адцягваючыя дзеянні, каб увесці ворага ў зман. Асноўная фаза аперацыі пачалася 4 сакавіка надыходам на Буанметхуот, размешчаным на поўдзень ад Плейку і Кантума і горш абароненым. Да 12 сакавіка горад быў узяты. Ужо было відавочна, што ЗША не маюць намеру ўмешвацца ў падзеі, і Нгуен Ван Цхьеу распарадзіўся адвесці войскі з Плейку і Кантума на ўзбярэжжа, усведамляючы, што ўтрымаць гэты раён ужо немагчыма. Адыход быў дрэнна арганізаваны і абцяжараны вялізнымі калонамі бежанцаў. Кінуўшы вялікую колькасць тэхнікі і нясучы цяжкія страты ў жывой сіле (у тым ліку з-за масавага дэзертырства), сілы паўднёвав’етнамскай арміі здолелі дасягнуць узбярэжжа. Падчас адыходу паўночнав’етнамскія артылерыйскія абстрэлы прывялі да значных ахвяр сярод бежанцаў. Да пачатку 20-х лікаў сакавіка ўся тэрыторыя II корпуса, за выключэннем прыбярэжных раёнаў, кантралявалася В’етнамскай народнай арміяй.

Хюэ-Данангская аперацыя[правіць | правіць зыходнік]

У выніку Тэйнгуенскай аперацыі Паўднёвы В’етнам быў практычна разрэзаны напалам. Паўночныя правінцыі краіны (I корпус) апынуліся ізаляваны, і сітуацыя хутка набывала рысы ваеннай катастрофы. Завяршыўшы асноўныя баявыя дзеянні супраць II корпуса, паўночнав’етнамская армія засяродзіла свае намаганні на I корпусе. 19 сакавіка быў узяты горад Куангчы, за які ў 1968 і 1972 гадах ужо ішлі цяжкія баі. Прэзідэнт Цхьеу спачатку быў настроены абараняць ўсе ключавыя гарады ў гэтым раёне, аднак затым прыняў рашэнне абараняць толькі Дананг. У горад сцякаліся сотні тысяч бежанцаў з усяго корпуса (да канца месяца іх налічвалася да 1,5 млн.), уносічы хаос ў гарадское жыццё і замінаючы перамяшчэнне ўрадавых войск. Да 25 сакавіка ВНА другі раз за вайну ўзяла Хюэ, старажытную сталіцу В’етнама. На шлюху ў Дананг часткі урадавай арміі былі цалкам дэзарганізаваны, таму абараняць горад было практычна няма каму. Сотні людзей патанулі, спрабуючы ўплаў дабрацца да судоў, якія пакідалі гарадскі порт. Да 30 сакавіка Дананг перайшоў пад кантроль ВНА.

Бітва за Суанлок[правіць | правіць зыходнік]

Поспех Тэйнгуенскай і Хюэ-Данангскай аперацый заахвоціў Палітбюро ЦК Партыі Працоўных В’етнама прыняць рашэнне аб працягу наступлення і ўзяцці Сайгона да прыходу ў маі сезону дажджоў.

У першых чыслах красавіка паўночнав’етнамская армія ліквідавала ачагі супраціву, якія заставаліся ў прыбярэжных раёнах II корпуса. Пад кантролем паўднёвага ўрада ўсё яшчэ заставаўся поўдзень краіны — III і IV корпуса. Аднак было відавочна, што асноўная бітва зараз разгорнецца за Сайгон.

Склад і ўзбраенне паўночнав’етнамскай арміі перад штурмам Сайгона добра адлюстроўвалі змяненне характару В’етнамскай вайны з канца 1960-х гадоў. У перыяд да Тэцкага наступлення 1968 года баявыя дзеянні вяліся ў асноўным з выкарыстаннем партызанскай тактыкі, прычым асноўную ролю ў іх гулялі войскі Нацыянальнага фронту вызвалення Паўднёвага В’етнама (вядомага на Захадзе як В’етконг). У найбуйнейшых бітвах таго перыяду (у даліне Я-Дранг і за Дакто) з кожнага боку ўдзельнічалі сілы, эквівалентныя дывізіі. У красавіку жа 1975 года для ўзяцця Сайгона паўночнав’етнамскім камандаваннем былі вылучаныя чатыры карпусы, якія мелі на ўзбраенні бронетэхніку і цяжкую артылерыю, а нешматлікія войскі НФВПВ практычна не гулялі ніякай ролі.

У перыяд падрыхтоўкі да наступлення ВНА нанесла ўдар па войскам праціўніка ў раёне павета Суанлок. Захоп гэтага павета дазволіў бы стварыць пагрозу Сайгону з усходу, а затым перарэзаць дарогу №4, па якой з дэльты ракі Меконг магло падысці паўднёвав’етнамскае падмацаванне. Бітва за Суанлок(в’етн.) бел. распачалася 9 красавіка і працягвалася каля двух тыдняў. Яна стала апошняй буйнай бітвай В’етнамскай вайны. Па яе выніках паўднёвав’етнамская 18-я дывізія пакінула свае пазіцыі па загадзе штаба III корпуса, і адступіла да Б’енхаа.

Аперацыя «Хо Шы Мін»[правіць | правіць зыходнік]

Фінальная частка Вясновага наступлення атрымала назву «аперацыя Хо Шы Мін». Яе план прадугледжваў разгром паўднёвав’етнамскіх войск на далёкіх подступах да Сайгона, паколькі кіраўніцтва ВНА жадала пазбегнуць разбурэння горада падчас зацяжных вулічных баёў, як гэта адбылося ў ходзе Тэцкага наступлення. У самім горадзе загадзя былі намечаны пяць ключавых аб’ектаў, што трэба было захапіць.

Аперацыя «Хо Шы Мін» пачалася 26 красавіка. Да гэтага часу Нгуен Ван Цхіеу ужо пакінуў прэзідэнцкі пост і паляцеў на Тайвань. 28 красавіка часткі паўночнав’етнамскай арміі выйшлі да ўскраіны Сайгона. На наступны дзень ЗША пачалі аперацыю «Парывісты вецер» — эвакуацыю свайго дыпламатычнага персаналу з Сайгона паветраным шляхам. Увесь свет абляцелі тэлевізійныя кадры, на якіх в’етнамскія бежанцы адчайна штурмавалі амерыканскія верталёты; самі верталёты пасля пасадкі на караблі ВМС ЗША сутыкаліся за борт, каб вызваліць месца для іншых.

Баявых дзеянняў у самым Сайгоне амаль не было. Каля поўдня 30 красавіка паўночнав’етнамскі танк Т-54 (бартавы нумар 843) пратараніў вароты Палаца Незалежнасці (рэзідэнцыі прэзідэнтаў Паўднёвага В’етнама) і стаў на лужку перад палацам. Урад Рэспублікі В’етнам здаўся на міласць пераможцаў у поўным складзе на чале з апошнім прэзідэнтам Зыонг Ван Мінем. У той жа дзень, каб пазбегнуць лішніх ахвяр, адбылася цырымонія падпісання капітуляцыі Паўднёвага В’етнама, пра што сам былы прэзідэнт абвясціў па радыё Сайгона. Пасля гэтага апошнія паўднёвав’етнамскія ваенныя часткі, якія працягвалі арганізаваны супраціў у дэльце Меконга, склалі зброю.

Вынікі[правіць | правіць зыходнік]

В’етнамская вайна скончылася. Паводле афіцыйнай в’етнамскай ацэнцы, усё Вяснавае наступленне 1975 года заняло 55 дзён. Армія Паўночнага В’етнама захапіла велізарную колькасць трафеяў. Гэта былі найбуйнейшыя адначасовыя трафеі захопленыя ў лакальным канфлікце Халоднай вайны.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

Каментарыі

  1. Тэрыторыя Паўднёвага В’етнама была падзелена на чатыры корпуса, якія пазначаліся рымскімі лічбамі. Кожны корпус уяўляў сабой адначасова ваенную і адміністрацыйную структуру.

Крыніцы

  1. Wiesner, Louis, Victims and Survivors: Displaced Persons and Other War Victims in Viet-Nam, 1954-1975 (Greenwood Press, 1988), стр. 318-9.
  2. «Tank Vs Tank»/«Vietnam war», Kenneth Macksey, 1991
  3. Toperczer, Istvan. MiG-21 Units of the Vietnam War. Osprey 2001, No. 29. стр.80-81

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Дэвидсон Ф. Война во Вьетнаме (1946—1975) = Vietnam at War: The History 1946-1975. — М.: Изографус, Эксмо, 2002. — С. 816.
  • Вооруженная борьба народов Азии за свободу и независимость 1945—1980. — М.: Наука, 1984.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]