Вячаслаў Вячаслававіч Адамовіч

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Вячаслаў Вячаслававіч Адамовіч
Род дзейнасці: палітычны дзеяч, выдавец
Дата нараджэння: 1890
Месца нараджэння: Ашмянскі павет, Віленская губерня, Расійская імперыя
цяпер Ашмянскі раён, Гродзенская вобласць, Беларусь
Дата смерці: пасля 1939
Бацька: Вячаслаў Антонавіч Адамовіч

Вячасла́ў Вячасла́вавіч Адамо́віч (1890, Ашмянскі павет — пасля 1939) — беларускі палітычны дзеяч, вайсковец; псеўданім: Язэп Дзяргач. Сын Вячаслава Антонавіча Адамовіча.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў 1890 годзе ў Ашмянскі павеце (паводле іншых звестак — у Коўне). Сын Вячаслава Антонавіча Адамовіча. Скончыў Ковенскую мужчынскую казённую гімназію і камерцыйную вучэльню, у 1914 годзе — гідратэхнічныя і агранамічныя курсы ў Пецярбургу. З 1912 года з'яўляўся карэспандэнтам газеты «Наша Ніва».

Удзельнік Першай сусветнай вайны, падпаручнік. У 1917 годзе праводзіў беларускую нацыянальную працу сярод апалчэнцаў 1-й Менскай дружыны і слухачоў Менскай духоўнай семінарыі. У 1918—1919 гадах вучыўся на Менскіх беларускіх настаўніцкіх курсах. Удзельнічаў у працы Таварыства працаўнікоў беларускага мастацтва, як харыст уваходзіў у склад Беларускага хору Уладзіміра Тэраўскага. Драматург і літаратар, аўтар гарманізацыі некалькіх народных песень. У 1919—1920 гадах быў карэспандэнтам менскіх газет «Звон» і «Беларусь».

У часе польска-савецкай вайны з'яўляўся сябрам Беларускай вайсковае камісіі (БВК), кіраўнік адкрытых 5 студзеня 1920 года ў Менску курсаў вярбоўкі агентаў БВК. Адзін са стваральнікаў сялянскай паўстанцкай арганізацыі «Зялёны дуб», начальнік штаба ягоных партызанскіх аддзелаў. У траўні 1920 года накіраваны БВК вярбовачным афіцэрам-інструктарам у Слуцкі і Бабруйскі паветы, арганізаваў там вярбовачныя пункты для добраахвотнікаў у паўстанцкія аддзелы «Зялёнага дуба». Адзін з кіраўнікоў Беларускага палітычнага камітэта (БПК). З 2 кастрычніка па 20 лістапада 1920 года — выдавец-рэдактар гарадзенскай газеты «Беларускае слова». З яго ініцыятывы 24 кастрычніка 1920 года гарадзенскі БНК выступіў у падтрымку Станіслава Булак-Балаховіча. Паводле некаторых звестак, прыняў удзел у Слуцкім збройным чыне на завяршальным этапе, як камандзір аднаго з аддзелаў удзельнічаў у баях з бальшавікамі пад Мелкавічамі і Старобінам.

У пачатку 1920 гадоў спрабаваў стварыць пад шыльдай Лігі паветранай абароны аддзелы з былых балахоўцаў. Выступіў афіцыйным арганізатарам беларускага з'езда ў Вільні 10 красавіка 1921 года, які падтрымаў палітку генерала Люцыяна Жалігоўскага ў Сярэдняй Літве. У снежні 1921 года быў адным з ініцыятараў склікання так званага «З'езда Заходняй Беларусі» ў Вільні, на якім была прынятая рэзалюцыя, насуперак пастанове Віленскага БНК, браць удзел у выбарах у Віленскі сойм. Уваходзіў у шэраг беларускіх паланафільскіх арганізацый: Краёвая сувязь, Арганізацыя беларускіх беспартныйных актывістаў ды іншых. У часе парламенцкіх выбараў у Польшчы 1922 года падтрымліваў праўрадавае Дзяржаўнае аб'яднанне на крэсах. У 1924 годзе ў Вільні пад псеўданімам Дзяргач выдаў кніжку «Тыпы Палесся», якая дагэтуль друкавалася ў выглядзе асобных апавяданняў у газеце «Грамадскі Голас». У 1924 годзе намагаўся заснаваць новую палітычную арганізацыю паланафільскай арыентацыі пад назвай «Камітэт беларускіх спраў». У той жа час у вёсцы Гаўрыльчыцы ля польска-савецкай граніцы арганізаваў дыверсійны цэнтр. Супрацоўнічаў з IІ аддзелам польскага генеральнага штаба ў якасці платнага інфарматара, свядома прадстаўляў апошняму непраўдзівую інфармацыю. Ім была прыдумана міфічная арганізацыя «Камітэт чыну», якая нібыта кіравала з Менску антыпольскімі акцыямі на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Першы раз выкрыты II-м аддзелам у 1923 годзе, паўторна — у 1925 годзе. У 1926 годзе высланы за межы Польшчы, жыў у вольным горадзе Данцыгу.

Браў удзел у данцыгскай нарадзе дзеячаў БНР (24—27 лютага 1926 года), якія не падпарадкаваліся рашэнням Берлінскай канферэнцыі 1925 года. Быў цесна звязаны з расійскай антыбальшавіцкай эміграцыяй у Вільні і Данцыгу. Хадатайнічаў аб вяртанні ў Польшчу, аднак не атрымаў дазвол ад польскіх уладаў. У 1928 годзе арганізацыя «Брацтва Рускай Праўды(руск.) бел.» разглядала справу Вячаслава Адамовіча-малодшага, абвінавачанага ў супрацоўніцтве з савецкім ГПУ, аднак апраўдала. 27 лютага 1929 года выступіў у Данцыгу з дакладам пра «Зялёны дуб», у часе выступлення выказаў ідэю друкаванага органа з мэтай публікацыі дакументаў, якія кампраметуюць польскую дэфензіву. Паводле паказанняў віленскіх беларусаў І. Пешкі і Сяргей Бусла, арыштаваных савецкім НКВД у 1939 годзе, напярэдадні Другой сусветнай вайны служыў псаломшчыкам у праваслаўнай царкве Данцыга. Хутчэй за ўсё, арыштаваны органамі савецкай дзяржбяспекі[1]. Далейшы лёс невядомы.

Зноскі

  1. Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн.1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]