Перайсці да зместу

Асарэвічы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Вёска Асарэвічы)
Вёска
Асарэвічы
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
Насельніцтва
394 чалавекі (2004)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2344
Паштовыя індэксы
247662
Аўтамабільны код
3
СААТА
3203843002
Асарэвічы (Беларусь)
Асарэвічы
Асарэвічы
Асарэвічы (Гомельская вобласць)
Асарэвічы
Асарэвічы

Асарэ́вічы[1] (трансліт.: Asarevičy, руск.: Асаревичи) — вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Новаялчанскага сельсавета.

Па адной з версій, назва можа паходзіць ад старажытнабалцкага двухасноўнага імені тыпу A-saras. Ёсць латышскія прозвішчы Asars, Asaris[2].

У 38 км на паўднёвы ўсход ад Брагіна, 14 км ад чыгуначнай станцыі Ёлча (на лініі Оўруч — Палтава), 168 км ад Гомеля, 1,5 км ад дзяржаўнай мяжы з Украінай.

Забудова драўлянымі хатамі сядзібнага тыпу. Захаваўся стары парк.

Водная сістэма

[правіць | правіць зыходнік]

На паўночным усходзе возера Асарэвіцкае, на ўсходзе пойма ракі Дняпро.

Транспартная сістэма

[правіць | правіць зыходнік]

Транспартныя сувязі па прасёлкавай, потым аўтадарозе Камарын — Брагін.

Планіроўка складаецца з трох амаль просталінейных, паралельных паміж сабой вуліц мерыдыянальнай арыентацыі, злучаных завулкамі, да якіх на поўначы далучаюцца 2 выгнутыя, паралельныя паміж сабой і злучаныя двума завулкамі вуліцы, арыентаваныя з паўднёвага захаду на паўночны ўсход.

Выяўленыя археолагамі гарадзішча і бескурганны магільнік VI стагоддзя да н.э. — II стагоддзя н.э. (у 2 км ад вёскі, на правым беразе ракі Лебядзеўка ва ўрочышчы Пад’емец) сведчаць пра засяленне гэтых месцаў са старажытных часоў. Гэта пацвярджаецца знойдзеным скарбам, які складаецца са 119 срэбных манет 1597—1601 гадоў.

Паводле пісьмовых крыніц вядомая з XVIII стагоддзя. У 1811 годзе згадана як вёска ў Рэчыцкім павеце Мінскай губерні. У 1834 годзе конны млын. У 1897 годзе — школа граматы, хлебазапасны магазін, 2 карчмы, 2 крамы. Побач быў аднайменны фальварак.

З 8 снежня 1926 года цэнтр Асарэвіцкага сельсавета Камарынскага, з 25 снежня 1962 года Брагінскага раёнаў Рэчыцкай і з 9 чэрвеня 1927 года Гомельскай (з 26 ліпеня 1930 года) акруг, з 20 лютага 1938 года Палескай, з 8 студзеня 1954 года Гомельскай абласцей. У 1929 годзе дзейнічалі школа, аддзяленне спажывецкай кааперацыі. У 1930 годзе арганізаваны калгас, працавалі паравы млын, вятрак, гамарня.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны у верасні-кастрычніку 1943 года ў баях за вызваленне вёскі і суседніх населеных пунктаў загінулі 54 салдаты 9-га гвардзейскага стралковага корпуса і 2 партызаны (пахаваны ў брацкай магіле, у скверы). Сярод захаваных Героі Савецкага Саюза Е. І. Данільянц, А. Г. Даўлетаў, У. М. Кастрыкін, М. М. Уласаў, М. М. Ярэмкін, якія адзначыліся ў баях за вызваленне Брагінскага раёна.

У 1959 годзе цэнтр калгаса імя М. В. Фрунзэ. Размяшчаліся сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, крама.

26 верасня 2006 года Асарэвіцкі сельсавет быў скасаваны, і Асарэвічы ўвайшлі ў склад Новаялчанскага сельсавета[3].

  • 186 двароў, 394 жыхары.
  • 1834 год — 48 двароў.
  • 1897 год — 88 двароў, 608 жыхароў (паводле перапісу).
  • 1929 год — 1093 жыхары.
  • 1959 год — 886 жыхароў (паводле перапісу).
  • 2004 год — 186 двароў, 394 жыхары.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  2. Алесь Мікус. Вітаўты і Вітарты: Двухасноўныя імёны старабалцкага тыпу на ўсходзе. — М., 2025. — С. 119.
  3. «Об изменении административно-территориального устройства районов Гомельской области». Решение Гомельского областного Совета депутатов от 26 сентября 2006 г. № 295 Архівавана 22 верасня 2019. (руск.)