Астрашапкі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Вёска Астрашапкі)
Вёска
Астрашапкі
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Насельніцтва
  • 12 чал. (2009)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2136
Аўтамабільны код
2
Астрашапкі на карце Беларусі ±
Астрашапкі (Беларусь)
Астрашапкі
Астрашапкі (Віцебская вобласць)
Астрашапкі

Астраша́пкі[1] (трансліт.: Astrašapki, руск.: Острошапки) — вёска ў Талачынскім раёне Віцебскай вобласці. Уваходзіць у склад Коханаўскага сельсавета.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Вялікае Княства Літоўскае[правіць | правіць зыходнік]

На пачатку XIV ст. сяло Вострыя Шапкі (Острие Шапки) Варанцэвіцкага ўдзела Друцкага княства. У 1455 годзе згадваецца князь Андрэй, ранейшы уладальнік Варанцэвічаў, яго паходжанне не вядома. Да сярэдзіны XIV ст. удзел раздзяліўся паміж спадчыннікамі, часткова перайшоў да вялікага князя, які часткамі надаваў яго іншым асобам. Напэўна, і Астрашапкі долямі ўваходзілі ў розныя часткі колішніх Варанцэвіцкіх уладанняў. Да 1540 года доля ў Астрашапках, разам з долямі ў Перавалочні, Башарове і Палюдаве, была «прысёлкам» маёнтка Падбярэззе князя Сямёна Ямантавіча[2], хто валодаў іншымі долямі не вядома.

Пасля смерці князя Сямёна ў 1540 годзе, праз судовы працэс з яго удавой, маёнткі атрымала сястра Ульяна і перадала сваім сынам Рыгору і Івану Яцкавічам. У 1542 годзе браты падзялі маёмасць, Рыгор сярод іншага атрымаў «двор» Падбярэззе з шэрагам вёсак, сярод якіх і Астрашапкі, напэўна, доля ў іх.[3]

У 1559 годзе «воласць Варанцоўская», то бок частка ранейшага Варанцэвіцкага ўдзела (саміх Варанцэвічаў у «воласці» не было), у складзе з долямі ў Перавалочні, Астрашапках, Стайках, Грушцы, Ельнянах, Шырневічах і Сакаловічах, невядома ад каго і чаму перайшла ў вялікакняжацкія ўладанні Аршанскага павета. У 1560 годзе сёлы «воласці Варанцоўскай» былі апісаны ў інвертары Аршанскага замка[4].

У 1560 годзе ў долі Астрашапак, якая належала Аршанскаму замку, было 10 службаў з 12 дымоў (у інвентары, у пераліку 13 дымоў), якія плацілі 9 коп і 4 грошы чыншу (у інвентары, што роўна 544 грошам, паводле пераліку 512 грошаў — 8 коп і 32 грошы). У тым жа інвентары даюцца кароткія звесткі пра службы[5]:

  • Мяхвед Мікіціч з Паўлам — 1 служба, 2 дымы, 2 капы (120 грошаў) чыншу;
  • Ходар Белавус — 1 служба, 2 дымы, 70 грошаў;
  • Мітка Шама — 1 служба, 2 дымы, 70 грошаў;
  • Андрэй Ходаравіч — 1 служба, 1 дым, 60 грошаў;
  • Якаў Мікшыч — 1 служба, 1 дым, 40 грошаў;
  • Арцём Цецярэўнік — 1 служба, 1 дым, 30 грошаў;
  • Паўлюк Кузміч — 1 служба, 1 дым, 50 грошаў;
  • Пётр Ганчар — 1 служба, 1 дым, 40 грошаў;
  • Іван Юравіч — 1 служба, 1 дым, 20 грошаў;
  • Мішка Белавус — 1 служба, 1 дым, 12 грошаў,

пра склад іншых долей Астрашапак няма звестак.

У 1674 годзе прынамсі доля Астрашапак уваходзіла ў склад маёнтка Жураўлі Аршанскага павета[6].

Расійская імперыя[правіць | правіць зыходнік]

Перад вайной 1812 года вёска даволі вялікага маёнтка Перавалочня, належалага Фаме Замбжыцкаму (Tomasz Zambrzycki). Спустошаны падчас адступлення французаў.[7]

У 1910 годзе вёска Коханаўскай воласці Аршанскага павета Магілёўскай губерні. Зямля належала Перавалочненскаму сельскаму таварыству. Адносілася да праваслаўнага прыходу Успення Прасвятой Багародзіцы ў Алёнавічах.[8]

Найноўшы час[правіць | правіць зыходнік]

Міжваенны час[правіць | правіць зыходнік]

Станам на 1926 год побач з вёскай быў аднайменны хутар з 10 двароў, дзе жыло 57 чалавек[9].

Станам на 1940 год вёска Перавалочненскага сельсавета Талачынскага раёна Віцебскай вобласці, у складзе сельскагаспадарчай арцелі імя Свярдлова.

2-я сусветная вайна[правіць | правіць зыходнік]

Паводле ЖБД 47-га тк Вермахта, 7 ліпеня 1941 года 18-я тд «рухам паўночней шашы [Масква-Мінск і]… пераадольвала трывалы моцны супраціў праціўніка, а 13:30 узяла Астрашапкі на дарозе Коханава-Сянно»[10].

7 кастрычніка 1943 года на ўчастку Астрашапкі-Марцюхова (каля 2 км) бальшака Абольцы-Коханава партызаны падарвалі на міне аўтамабіль з двума нямецкімі афіцэрамі. Немцы акружылі вёску, сяляне тым часам выбіралі бульбу, іх прымусілі выпрагчы коней з плугоў і прычапіць бароны, сагналі ў цэнтр вёскі, а потым бальшаком у бок Марцюхова — наперадзе мужчын з коньмі і баронамі, за імі шчыльным натоўпам жанчын з дзецьмі. Аўтаматчыкі ішлі абапал дарогі, ззаду бронемашына з кулямётам. Калі людзі мінулі месца падрыву нямецкага аўтамабіля, адбыўся выбух вялікай моцы, побач з 1941 года стаяў падбіты савецкі танк, трох жанчын — Ліду, Зосю і Дар’ю Петрашкевіч — выбуховай хваляй адкінула на яго, яны загінулі адразу, як і яшчэ 8 аднавяскоўцаў. Былі і параненыя, у т.л. дзеці — 3-гадовай Ніле параніла руку, цяжка параніла 10-гадовую Валю, яна памерла ў Талачынскай бальніцы. Немцы не далі людзям разбегчыся, стралялі з аўтаматаў, зноў сабралі ў шчыльны натоўп, у т.л. параненых і прымусілі прайсці бальшаком да Марцюхова. Тым днём загінулі:

  • Васіль Іосіфавіч Антаневіч (нар. 1882),
  • Ульяна Пятроўна Антаневіч (нар. 1902),
  • Ганна Ларыёнаўна Булаўкіна (нар. 1902),
  • Валянціна Дзмітрыеўна Лаўрыновіч (нар. 1933),
  • Наталля Емяльянаўна Лаўрыновіч (нар. 1885),
  • Андрэй Лук’янавіч Ляшкоў (нар. 1910),
  • Ганна Ульянаўна Петрашкевіч (нар. 1922),
  • Дар’я Ягораўна Петрашкевіч (нар. 1905),
  • Зося Ігнацьеўна Петрашкевіч (нар. 1875),
  • Лідзія Яфімаўна Петрашкевіч (нар. 1914),
  • Лукер’я Цімафееўна Петрашкевіч (нар. 1913),
  • Марыя Купрыянаўна Сліжанкова (нар. 1885).

Паводле ЖБД 3-й гв тб РСЧА, з 20:30 26.6.1944 да 22:45 27.6.1944 года яе падраздзяленні ў раёне Марцюхова, Астрашапак і Малога Гальцэва вялі баі з нямецкімі войскамі, каб перашкодзіць іх адходу ў заходнім кірунку. Такім чынам, да зыходу 27 чэрвеня 1944 года Астрашапкі былі вызвалены.

Пасляваенны час[правіць | правіць зыходнік]

Да 15 кастрычніка 1960 года вёска ўваходзіла ў склад Пярэвалачненскага сельсавета[11], пасля — у адміністрацыйным падпарадкаванні Коханаўскага пассавета, які 20 чэрвеня 2013 года быў рэарганізаваны ў сельсавет.

Дэмаграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • 1560 год — 13 дымоў (у долі Аршанскага замка)
  • 1910 год — 30 двароў, 190 чалавек
  • 1926 год — у вёсцы 34 двары, 194 чалавекі (перапіс), на аднайменным хутары 10 двароў, 57 чалавек
  • 1999 год — 47 чалавек
  • 2005 год — 18 двароў, 26 чалавек
  • 2010 год — 12 чалавек

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
  2. Wolff 1895, s. 152-153, 672-673..
  3. Wolff 1895, s. 152-153.
  4. Документы Московского архива Министерства юстиции. Т. 1. — М., 1897. — С. 123—134.
  5. Документы Московского архива Министерства юстиции. Т. 1. — М., 1897. — С. 132.
  6. НГАБ, ф. 1875, воп. 1, спр. 6, с. 234зв.
  7. Памяць: Талачынскі раён… С. 47.
  8. Список населенных мест…
  9. Шнейдер А. А. Моя Толочинщина…
  10. Коломиец М. 1941. «Последний парад» мехкорпусов Красной Армии. — М.: Эксмо, 2012. — 101 с.. — C. 88.
  11. Рашэнне выканкома Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 15 кастрычніка 1960 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1960, № 31.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. — Warszawa: Drukiem J. Filipowicza, 1895.
  • Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
  • Список населенных мест Могилевской губернии / Под ред. Г. П. Пожарова. — Могилев, 1910.
  • Шнейдер А. А. Моя Толочинщина: страницы истории. — Мн.: Бизнесофсет, 2005. — 310 с. — ISBN 985-6649-42-0

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]