Гарошкаў (Хойніцкі раён)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вёска
Гарошкаў
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
1618 год
СААТА
3254836016
Гарошкаў на карце Беларусі ±
Гарошкаў (Хойніцкі раён) (Беларусь)
Гарошкаў (Хойніцкі раён)
Гарошкаў (Хойніцкі раён) (Гомельская вобласць)
Гарошкаў (Хойніцкі раён)

Гаро́шкаў[1] (трансліт.: Haroškaŭ, руск.: Горошков) — былая вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіла ў склад Паселіцкага сельсавета.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Карона Каралеўства Польскага[правіць | правіць зыходнік]

Герб «Бонча» роду Харлінскіх.
Герб «Святы Юрый» (Георгій Перамаганосец) князёў Шуйскіх. Фота Анатоля Бензярука.

Ці не найранейшая пакуль што звестка пра вёску маецца ў судовым дэкрэце ад 12 чэрвеня 1618 года. Тады пан Мікалай Харлінскі, уладальнік Астраглядаўскіх добраў, паклікаў у суд панства маці і сына Гальшку з Гулевічаў і Міхала Лозкаў за тое, што іх падданыя з маёнтку Загалле адабралі валоў у людзей з Гарошкава, Карчовага, Малішава, Паселічаў і інш., ды ўвялі іх да добраў Рожава. 7 чэрвеня 1623 года ўдава Гальшка Харлінская судзілася з панамі Станіславам, Юрыем і іншымі Харлінскімі, роднымі братамі і сваякамі мужа Мікалая, за гвалтоўны наезд на замак і вёску Астраглядавічы, мястэчка Новы Харленж (Хойнікі), вёскі Хойнікі, Вялікі Бор, Гарошкаў, Рашаў, Паселічы, Малішаў[A][2]. 8 ліпеня 1631 года запісам у актах Кіеўскага земскага суда[B] засведчана пагадненне на саступку часткі Астраглядаўскіх добраў (з Гарошкавам) Шчасным, сынам Станіслава, Харлінскім пану Лукашу Мадлішэўскаму, наступнаму мужу ўдавы Гальшкі, за суму ў 60 000 польскіх злотых. 7 верасня 1631 — 26 студзеня 1632 года пададзены і актыкаваны адпаведны запіс і адносна долі маёнтка Самуэля, сына Юрыя, Харлінскага[C] пану Мікалаю Абрамовічу, зяцю нябожчыка і пані Гальшкі, за 13 500 злотых. У гэтым пераліку частка вёскі названа новым Гарошкавам[3].

Магчыма, жыхары вёскі былі ў ліку тых 77 дымоў (×6 — каля 462 чалавек) Хойніцкага (раней Астраглядаўскага) маёнтка князя Канстанціна Яна Шуйскага, якія паводле звестак на восень 1686 года з-за гвалту як ад казакоў, так і ад жаўнераў урадавых войскаў, адыйшлі ў больш спакойныя мясціны. У інвентары 1698 года маёнтка князя Дамініка Шуйскага, харунжага берасцейскага, Гарошкаў, а таксама Малішаў, Карчовае ды неіснуючыя сёння Мікалаеўка і Клешчаўка пазначаныя як запусцелыя (wsi puste)[4]. Няма ніякіх звестак пра Гарошкаў у рэвізіі 1716 года і ў інвентары 1721 года, калі ад пасэсара ксяндза-біскупа Юзафата Парышэвіча, пробашча астраглядаўскага, абцяжараныя даўгамі добры Хойнікі перайшлі да князя Мікалая Шуйскага, старэйшага сына папярэдняга дзедзіча. Адсутнічае інфармацыя ў тарыфах падымнага падатку Оўруцкага павета Кіеўскага ваяводства 1734 і 1754 гадоў. Тады Хойнікамі валодалі малодшы сын Дамініка князь Ігнацы Шуйскі, потым яго ўдава княгіня Людвіка (з роду Збароўскіх) з новым мужам панам Юзафам Быстрым, старостам ліноўскім.

Расійская імперыя[правіць | правіць зыходнік]

Гарошкаў, Вялікі Бор, Карчовае, Рудзенька на схематычным плане Рэчыцкага павета 1800 г.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Гарошкаў — у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года ў складзе адноўленага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[5]. Паводле расійскай рэвізіі 1795 года тут было 10 двароў з 41 душой мужчынскага і 39 жаночага полу прыгонных сялян. Прозвішчы жыхароў: Данец, Бурак, Лабада, Прыходзька, Бардак, Ганчарэнка[6]. У «Камеральном описании… Речицкой округи», датаваным 29 студзеня 1796 года, вёска Гарошкаў названая сярод паселішчаў у складзе Хойніцкіх добраў Людвіка Прозара[D], якія раней былі перайшлі «в казну», але «по высочайшему повелению» вернутыя Луізе Прозаравай[7].

Паводле інвентара Хойніцкага маёнтка Уладзіслава Прозара 1844 года, вёска Гарошкаў належала да фальварка Валоцкі, мела 18 двароў, 126 жыхароў. У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» Гарошкаў са сваімі 105 вернымі абодвух полаў пазначаны ў прыходзе Хойніцкай Свята-Пакроўскай царквы[8].

У парэформенны час Гарошкаў у Хойніцкай воласці. На пачатак 1870 года тут налічвалася 57 мужчынскіх душ сялян-уласнікаў, прыпісаных да Гарошкаўскага сельскага таварыства[9]. У спісе прыходаў і прычтаў па чатырох благачынных акругах (у межах Рэчыцкага павета) Мінскай епархіі на 1876 год зноў сказана, што Гарошкаў належаў да прыхода Пакроўскай царквы[10], але ў даведніку «Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд» (Минск, 1879) звестка чамусьці адсутнічае. Згодна з перапісам 1897 года ў паселішчы налічвалася 35 двароў, 245 жыхароў, існавалі капліца і хлебазапасны магазін.

На 1909 год у вёсцы Гарошкаў Хойніцай воласці было 40 двароў, 253 жыхары[11]. У 1917 годзе — 52 двары з 307 жыхарамі.

Найноўшы час[правіць | правіць зыходнік]

Гарошкаў на карце генштаба РККА Беларусі і Літвы. 1935 г.

9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Гарошкаў, аднак, у складзе Хойніцкай воласці апынуўся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападскага[12].

1 студзеня 1919 года, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР. Паводле запіскі «Сведения о количестве учащихся школ Хойникской волости Речицкого уезда», на 8 снежня 1920 года і на 15 красавіка 1921 года ў Гарошкаўскай школе першай ступені (г. зн. пачатковай) было адпаведна 22 і 44 вучні[13]. У 1926 годзе вёска налічвала 76 двароў з 364 жыхарамі.

Пасля другога ўзбуйнення БССР з 8 снежня 1926 года Гарошкаў — цэнтр сельсавета ў складзе Хойніцкага раёна Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 года ў складзе Гомельскай акругі БССР. 30 снежня 1927 года сельсавет скасаваны, тэрыторыя далучана да Карчоўскага сельсавета. З 20 лютага 1938 года ў Палескай вобласці з цэнтрам у Мазыры.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Гарошкаве быў 81 двор з 390 жыхарамі. У маі-чэрвені 1943 года карнікі з баявой групы Шымана спалілі вёску і знішчылі 13 чалавек[14]. 19 вяскоўцаў загінулі на франтах[15].

З 8 студзеня 1954 года Гарошкаў у складзе Гомельскай вобласці. Згодна з перапісам 1959 года, вёска з насельніцтвам 191 жыхар належала да Забалацкага сельсавета. Да 30 чэрвеня 1966 года вёска ўваходзіла ў склад Небытаўскага сельсавета[16]. На 1970 год — у складзе Паселіцкага сельсавета, 154 жыхары.

Ліквідавана 21 верасня 2010 года[17].

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Яшчэ названыя 16 паселішчаў, акрамя "inszych wsiów i przysiołków".
  2. 2 жніўня 1631 г. тое зроблена і ў Жытомірскім гродскім судзе.
  3. За недарослага яшчэ Самуэля (напэўна, прэтэндаваў на меншую, як Шчасны, частку дзядзькавай фартуны) дакумент аформіў яго апякун пан Фёдар Праскура, пісар земскі кіеўскі.
  4. Так падпісваўся Караль, бо маёнтак быў уласнасцю яго жонкі Людвікі, а каб браць удзел у справах павета і ў Рэчы Паспалітай, і ў Расіі неабходна мець у яго межах зямельныя ўладанні.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  2. Źródła dziejowe. T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław). Dział II-gi. Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. S. 281, 637
  3. Archiwum Główny Akt Dawnych w Warszawie. Archiwum Prozorów i Jelskich. Sygn. 1. S. 59
  4. НГАБ у Мінску. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 133 адв.
  5. Насевіч, В., Скрыпчанка, Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182
  6. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 59. А. 129—131
  7. Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск, 2018. С. 70 — 71
  8. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 666
  9. Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. – Минск, 1870. Л. 69
  10. Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 458
  11. Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 44
  12. Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 — січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. — Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286—296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
  13. Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці. Ф. 68. Воп. 1. Спр. 16. А. 19
  14. Без срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Гомельская область. Сборник архивных документов и материалов / сост.: А. Р. Дюков, В. Д. Селеменев (рук.) [и др.]; редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. — Минск: НАРБ; М.: Фонд «Историческая память», 2021. С. 36 — 37, 499
  15. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Хойніцкага раёна / Рэд. кал. М. А. Ткачоў [і інш.]; маст. А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн імя Петруся Броўкі, 1993. — 384 с. : іл. — ISBN 5-85700-092-0. (далей: Памяць) С. 259
  16. Рашэнне выканкома Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 30 чэрвеня 1966 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1966, № 22 (1142).
  17. Решение Хойникского районного Совета депутатов от 21.09.2010 г. № 25 Об упразднении сельских населенных пунктов Хойникского района

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]