Горваль

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Вёска Горваль, Рэчыцкі раён)
Вёска
Горваль
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Заснаваны
Першая згадка
Насельніцтва
  • 110 чал. (2009)
Нацыянальны склад
Канфесійны склад
Часавы пояс
Тэлефонны код
Паштовы індэкс
247494
Аўтамабільны код
3
Рака
Аўтобусны прыпынак
Горваль
Аддзяленне паштовай сувязі
перасоўнае-6 (г. Рэчыца)
Горваль на карце Беларусі ±
Горваль (Беларусь)
Горваль
Горваль (Гомельская вобласць)
Горваль

Го́рваль[1] (трансліт.: Horvaĺ) — вёска ў Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Глыбаўскага сельсавета. Старадаўняе мястэчка Рэчыччыны.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Размешчана на правым беразе Бярэзіны, за 30 км на паўночны захад ад Рэчыцы і чыгуначнай станцыі Рэчыца (лінія Гомель — Калінкавічы). Асфальтаваная дарога злучае вёску з шашой Р82 Акцябрскі — Парычы — Рэчыца.

Назва[правіць | правіць зыходнік]

Паводле слоўнікаў XVIII—XIX стст., горваль (наз. муж. роду) — бурбалка на вадзе[2]. У канцы XVIII ст. слова ўжо пазначалася як старадаўняе.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Старажытнасць[правіць | правіць зыходнік]

Вынікі археалагічных даследаванняў паказваюць, што першыя паселішчы людзей на месцы вёскі існавалі ў першабытнаабшчынным часе, задоўга да ўтварэння Горвалі.

У цэнтры вёскі выяўлена стаянка, якая адносіцца да позняга перыяду каменнага веку — неаліту (4-е — 2 тысячагоддзі да н. э.).

У вёсцы маюцца 2 гарадзішчы. Больш раннім з іх з’яўляецца тое, якое абазначаюць як гарадзішча-2. Яно знаходзіцца на заходняй ускраіне вёскі. Першапачаткова гэта гарадзішча было заселена ў жалезным веку — у часы мілаградскай (VII — II стагоддзі да н. э.) і зарубінецкай (II ст. да н. э. — II ст. н. э.) культур[3].

У Сярэднявеччы[правіць | правіць зыходнік]

Гарадзішча-2 было паўторна заселена ў перыяд Высокага Сярэднявечча (X—XIII ст.). Паводле археалагічных звестак, умацаванае паселішча на гарадзішчы і побач з ім існавала ўжо ў XII—XIII ст. Верагодна, уваходзіла ў Рэчыцкую воласць Чарнігаўскага княства.

У 1239 г. Чарнігаўскае княства было спустошана татара-мангольскімі заваёўнікамі, яго землі трапілі пад уладу Арды.

За 0,3 км на ўсход ад вёскі існуе курганны могільнік X—XIII ст.

У сярэдзіне XIV ст. землі Чарнігаўскага княства былі далучаны да Вялікага Княства Літоўскага. У пісьмовых крыніцах Горваль упершыню згадваецца ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх», які складзены ў канцы XIV ст., верагодна, у Кіеве (захаваўся ў летапісах XV ст.):

А се Литовьскыи: […] Рша камен. Горволь. Свислочь. Лукомль. Логоско. […] (Ст-руск.)

Археаграфічны спіс Навагародскага I-га летапісу малодшага зводу[4].

«Літоўскімі» гэты дакумент называе гарады ВКЛ — беларускія, а таксама ўласна літоўскія са значнай колькасцю усходнеславянскага насельніцтва[5]. У канцы XIV — пачатку XV ст. Горваль вылучаны ў якасці цэнтра асобнай воласці, якая ахоплівала абодва берагі Дняпра і Бярэзіны[6].

Герб Манівідаў «Ляліва».

Пры вялікім князе Вітаўце горвальскім маёнткам валодаў першы намеснік віленскі Войцех Манівід (удзельнік Грунвальдскай бітвы). Каля 1424 г. уладальнікам становіцца, відаць, яго сын — намеснік троцкі, затым віленскі Іван, а ў 1458 — адзін з унукаў: Войцех (намеснік навагародскі), альбо Ян[7]. Па згасанні роду Манівідаў Горваль — дзяржаўнае ўладанне.

У Новы час[правіць | правіць зыходнік]

Герб Шалухаў «Свет».
Герб Гальшанскіх «Гіпацэнтаўр».
Герб роду Сфорца.
Герб Сангушкаў «Пагоня літоўская».
Харугва Рэчыцкага павету.

У 1500—1537 гг., у час знаходжання суседняй Гомельскай воласці ў складзе Маскоўскай дзяржавы, Горваль меў важнае абарончае значэнне на мяжы з апошняй. У 1503 у дамове паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Вялікім Княствам Маскоўскім паселішча называецца мястэчкам. Пад 1510 Горваль значыцца як цэнтр воласці на гасцінцы Бабруйск — Чарнігаў. Паводле дакументальных звестак, за гэтыя гады Горвальская воласць 5 разоў падверглася маскоўскім набегам, напрыклад, у 1525 «многія сёлы Мазырскія і воласці Стрэшынскую і Горвальскую зваявалі, статкі людзей парабавалі, людзей пакатавалі а іншых пасяклі а многіх у палон павялі»[8]. Здараліся таксама напады крымска-татарскіх войск. Для абароны быў пабудаваны Горвальскі замак. Ён існаваў у XVIXVIII стст., размяшчаўся на ўсходняй ускраіне паселішча, на правым беразе ракі. Ад яго захавалася горвальскае гарадзішча-1 (замчышча). Горвальскі маёнтак, які з’яўляўся дзяржаўнай уласнасцю, даваўся ў валоданне дзяржаўцам (вялікакняжацкім намеснікам). З 1528 дзяржаўцам горвальскім быў баярын Багдан Шалуха, з 1531 — князь Я. Ю. Гальшанскі-Дубровіцкі, потым уладальніцай маёнтку была вялікая княгіня Бона Сфорца. Падчас вайны паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Вялікім Княствам Маскоўскім 1534—1537 гадоў Горваль у 1535 зруйнавалі і спалілі маскоўскія захопнікі. У 1543 князь ковельскі Васіль Міхайлавіч Сангушка атрымаў у Боны Сфорцы маёнткі Горваль, Абольцы і Смаляны ў абмен на Ковель; з гэтага часу Горваль знаходзіўся ў валоданні Сангушкаў. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 15651566 мясцовасць увайшла ў Рэчыцкі павет Менскага ваяводства.

З 1 ліпеня 1569 года Горваль у выніку аб’яднання ВКЛ з Польскім Каралеўствам — у створанай Рэчы Паспалітай.

У час казацка-сялянскай вайны 1648—1651 гг. атрад войск ВКЛ пад камандаваннем стражніка вялікага літоўскага Рыгора Лукашавіча Мірскага ў 1648 г. пацярпеў паражэнне пад Горвалем на пераправе праз Бярэзіну ад казацкага палка Гетманшчыны, якім камандаваў палкоўнік Ф. Гаркуша. Напачатку вайны паміж Рэччу Паспалітай і Рускім царствам 1654—1667 гг. Горваль ў лістападзе 1654 спалілі войскі наказнога гетмана запарожскага І. Н. Залатарэнкі (знаходзіліся на службе ў маскоўскага цара). У 1661 Горваль згадваецца ў геаграфічным трактаце «Падарожжа ў Масковію» барона Аўгустына Майерберга і Гарацыя Вільгельма Кальвуччы, паслоў Рымскага імператара — хоць шлях пасольства не пралягаў праз Рэчыччыну, аўтары адзначылі Горваль як паселішча ля ўпадзення Бярэзіны ў Дняпро[9]. З 1698 г. мясцовасць згадваецца як маёнтак Віленскага капітула (калегіі пры каталіцкім епіскапе).

У 1731 г. маёнтак Горваль налічваў 294 дымы. Пад 1784 г. у мястэчку згадваецца царква, маёнтак уключаў 13 вёсак і 5 слабод.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Горваль апынуўся ў складзе Расійскай Імперыі, у Рэчыцкім павеце Чарнігаўскай, з 1796 — Мінскай губерні.

Стаяў на шляху Віцебск — Магілёў — Кіеў[10]. Пасля вайны паміж Францыяй і Расійскай Імперыяй 1812 г. згадваецца ў снежні 1813 сярод пунктаў, у якіх былі размешчаны расійскія войскі[11]. Горвальскі маёнтак быў канфіскаваны ў ліку маёнткаў каталіцкай царквы, з 1835 г. знаходзіўся ў валоданні паноў Халадоўскіх. У мястэчку дзейнічала драўляная царква Прасвятой Тройцы (у ёй захоўваліся метрычныя кнігі з 1792), капітальна адрамантаваная ў 1851. Станам на 1858 у мястэчку было 126 двароў, на 1859 — 85[12]. 3 1861 Горваль — цэнтр воласці. У 1864 тут адкрылася народнае вучылішча. У 1882 маёнтак набыў Г. Ф. Менгдэн, праз 6 гадоў — П. А. Зубаў. На 1882 г. у Горвалі каля 100 двароў, насельніцтва працавала на лесасплаве і ў гандлі — уніз па рацэ прадавалася збожжа і лесаматэрыялаў на 500 тыс. руб. серабром у год, меліся сельская школа і валасная бальніца, праз мястэчка праходзіў паштовы тракт Бабруйск — Рэчыца; у воласці 12 вясковых старостваў, 25 вёсак, 1087 жыхароў мужчынскага полу[13]. У 1885 у склад Горвальскай воласці ўваходзіла 15 паселішчаў з 471 дваром; працавала паштовая кантора. Паводле вынікаў перапісу 1897 існавалі царква, 2 малітоўныя дамы, народнае вучылішча, прыстань, хлебазапасны магазін, 21 крама, гандлёвы рад, заезны двор, карчма. На стромкім беразе Бярэзіны размяшчалася сядзіба маёнтка, якую ад мястэчка аддзялялі парк і пладовы сад.

Царква ў Горвалі. Фота: І. Сербаў, 1912.

Падчас рэвалюцыі 1905—1907 гг. у Расійскай імперыі у снежні 1905 адбылося Горвальскае выступленне сялян.

З 25 сакавіка 1918 года Горваль — у абвешчанай Беларускай Народнай Рэспубліцы.

Выгляд на Горваль з боку ракі. 1918.

У ходзе Першай сусветнай вайны ў сакавіку — снежні 1918 г. мястэчка было акупавана германскімі войскамі. Згодна германа-украінскай дамове ад 2 студзеня 1918, Рэчыцкі павет пад канец сакавіка 1918 германскія ўлады перадалі Украінскай Народнай Рэспубліцы, ён быў уключаны ў Дрыгавіцкую зямлю УНР[14]29 красавіка — Украінская Дзяржава, альбо Гетманат, у якой падзел на землі быў адменены і вернуты падзел на губерні, Рэчыцкі павет быў уключаны ў Кіеўскую губерню, а 14 жніўня — у новаўтвораную Палескую акругу; 14 снежня адноўлена УНР). Супраць германскай акупацыі дзейнічаў Горвальскі партызанскі атрад, які быў адным з самых значных у Гомельскім Палессі. У жніўні 1918 ён першым з партызанскіх атрадаў гэтага краю пачаў наступленне ў бок Гомеля[15]. 30 жніўня ў мястэчку пры рэквізіцыі хлеба і фуража былі забіты нямецкі афіцэр і 3 салдата[16]. У пачатку верасня атрад разграміў нямецкі гарнізон[17] і украінскую варту ў Горвалі.

У Найноўшы час[правіць | правіць зыходнік]

1 студзеня 1919 года Горваль у складзе Горвальскай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні ўвайшоў ва ўтвораную ССРБ.

Пры ўтварэнні 27 лютага 1919 г. Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, ва ўмовах савецка-польскай вайны і наступлення польскіх войск, усходнія беларускія землі, у тым ліку Рэчыцкі павет, не былі ўключаны ў ЛБССР, а перададзены ў РСФСР, дзе Рэчыцкі павет увайшоў ва ўтвораную 20 красавіка 1919 Гомельскую губерню.

У час савецка-польскай вайны 1919—1921 гг. частку Рэчыцкага павета, у т. л. Горваль, у 1920 займалі польскія войскі. 10 красавіка 1920 г. гэта частка Рэчыцкага павета была ўключана польскай Грамадзянскай управай усходніх зямель ва ўзноўлены ёю Мазырскі павет, які знаходзіўся ва ўтворанай польскімі ўладамі Брэсцкай акрузе.

8 снежня 1926 г. Рэчыцкі павет, у т. л. Горваль, вернуты Беларускай ССР (якая была адноўлена 31 ліпеня 1920, уваходзіла з 30 снежня 1922 да 26 снежня 1991 у СССР, з 19 верасня 1991 — Рэспубліка Беларусь). З 8 снежня 1926 Горваль — цэнтр утворанага Горвальскага раёна Рэчыцкай акругі і Горвальскага сельсавета; 9 чэрвеня 1927 у сувязі са скасаваннем Рэчыцкай акругі Горвальскі раён быў уключаны ў Гомельскую акругу. 4 жніўня 1927 Горвальскі раён скасаваны, Горваль — цэнтр сельсавета ў Рэчыцкім раёне Гомельскай акругі (26 ліпеня 1930 акругі былі скасаваны). Пры ўтварэнні абласцей 15 студзеня 1938 Горваль у складзе Рэчыцкага раёна быў уключаны ў Гомельскую вобласць. 27 верасня 1938 мястэчкі, як тып населеных пунктаў, былі скасаваны, і Горваль аднесены да вёсак. Працавалі пачатковая школа і школа-сямігодка, хата-чытальня, бальніца, аддзяленне спажывецкай кааперацыі, сельскагаспадарчае крэдытнае таварыства, паравы млын.

У II сусветную вайну ў ліпені 1943 г. вёска спалена нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія загубілі 93 яе жыхароў. 19 лістапада 1943 партызаны разграмілі каля вёскі нямецкую часць і ўтрымлівалі вёску да падыходу Чырвонай арміі (Горвальская аперацыя 1943 г.). Пасля вайны адноўлена.

З 2 красавіка 1959 года — у Глыбаўскім сельсавеце. Дзейнічалі клуб, бібліятэка, аддзяленне сувязі, аптэка, 2 крамы.

Сучасныя звесткі[правіць | правіць зыходнік]

Забудова складаецца з простай вуліцы з 3 завулкамі, арыентаванай з паўднёвага ўсходу на паўночны захад (уздоўж ракі) і забудаванай драўлянымі сядзібамі.

Працуе фельчарска-акушэрскі пункт.

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Турыстычная інфармацыя[правіць | правіць зыходнік]

Археалагічныя помнікі[правіць | правіць зыходнік]

  • Курганны могільнік перыяду Сярэднявечча, X—XIII ст., катэгорыя 3 — за 300 м на ўсход ад вёскі, на правым беразе р. Бярэзіны. 30 насыпаў вышынёй 0,5 — 2 м, дыяметрам 9 — 12 м[3].
  • Гарадзішча-1 перыяду Сярэднявечча і Новага часу (замчышча), XIII—XVIII ст., катэгорыя 3 — на ўсходнім ускрайку вёскі, на правым беразе р. Бярэзіны. Мае форму, блізкую да чатырохвугольнай (40 × 20 м), з усх. боку — сляды земляных бастыёнаў. З поўн. і поўд. ахаваны прыроднымі ярамі, з усх. — высокім (да 13 м) схілам берага ракі, з напольнага боку — штучнымі ровам і валам. Даследаваў у 1981 М. А. Ткачоў[20].

Статус гісторыка-культурных каштоўнасцей нададзены Пастановай Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14.05.2007 № 578[21]. Уласнік матэрыяльных аб’ектаў, якім нададзены статус гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь — Глыбаўскі сельскі выканаўчы камітэт[22].

Мемарыялы[правіць | правіць зыходнік]

  • Брацкая магіла, 1941—1944 г., катэгорыя 3. Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці нададзены Пастановай Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14.05.2007 № 578[21].

Страчаная спадчына[правіць | правіць зыходнік]

Цікавыя факты[правіць | правіць зыходнік]

  • Падобную назву (Горваль, фр.: Gorouol) маюць: рака ў Буркіна-Фасо і Нігеры (правы прыток р. Нігер), вёска і камуна ля гэтай ракі (у дэпартаменце Тэра, правінцыя Цілаберы, Нігер).
  • Рускі пісьменнік Леў Талстой 2 студзеня 1910 года даслаў адказ жыхару Горваля М. Г. Рабкіну на яго ліст, у якім Рабкін пытаў, чаму Л. Талстой у рамане «Вайна і мір» 2 разы ўжыў зняважліва слова «жыд». Талстой патлумачыў, што слова не мае па сутнасці ніякага іншага значэння, як вызначэнне нацыянальнасці, як француз і т. п., і калі гэта слова, на жаль, атрымала ў апошні час нейкае зняважлівае значэнне, то пісьменнікам ні ў якім выпадку не магло быць ужыта ў гэтым значэнні[23].
  • Горваль — адно з месцаў дзеянняў у рамане сучаснага аўтара Р. З. Святаполк-Мірскага (г. Брэст) «Служыцелі таемнай веры», дзеянне адбываецца ў XV ст.

Вядомыя асобы[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  2. Церковный словарь. — Москва: Императорский московский университет, 1773. — С. 67. (руск.)
  3. а б Ксяндзоў, У. Горваль, група археалагічных помнікаў / У. Ксяндзоў, Г. Штыхаў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мінск: БелЭн, 1996. — С. 88. ISBN 985-11-0041-2.
  4. Тихомиров, М. Н. Русское летописание. — Москва: Наука, 1979. — С. 95. (руск.)
  5. Тихомиров, М. Н. Русское летописание. — Москва: Наука, 1979. — С. 110. (руск.)
  6. а б Насевіч, В. Горваль, вёска // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мінск: БелЭн, 1996. — С. 88.
  7. Кондратьєв, І. В. Володарі Любеча за часів Великого Князівства Литовського(недаступная спасылка) // Розумовські зустрічі. № 3. — Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2016. — С. 194—203. ISSN 2409—2037. (укр.)
  8. Сборник Императорского Русского исторического общества. — Санкт-Петербург: тип. Ф. Елеонского и К°, 1882. — Т.35. — С. 697—698. (руск.)
  9. Путешествiе въ Московiю барона Августина Майерберга и Горацiя Вильгельма Кальвуччи, пословъ Августѣйшега Римскаго Императора Леопольда къ Царю и Великому Князю Алексѣю Михайловичу въ 1661 году, описанное самимъ барономъ Майербергомъ. — Москва: Университетская типография, 1874. — 260 с. (руск.)
  10. Бутурлин, Д. П. История нашествия императора Наполеона на Россию в 1812-м году. — Ч. 1. — Санкт-Петербург: Военная типография, 1837. — С. 114, 116. (руск.)
  11. Акты, документы и материалы для политической и бытовой истории 1812 г., собранные и изданные по поручению Его Императорского Высочества Великого князя Михаила Александровича / под ред. К. А. Военского. — Санкт-Петербург: тип. Штольценбурга, 1909. — Т. 1. — 582, IX с. — (Сб. Императ. ист. о-ва. Т. 128). — С. 98. (руск.)
  12. Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — С. 379.
  13. а б Horwal // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy (польск.). — Warszawa, 1882. — S. 157 (польск.)
  14. Голубева, В. К 150-летию Белорусской железной дороги. Баста! Год 1918: дорога как объект противоречий Архівавана 1 сакавіка 2021. / В. Голубева, В. Мазец // rw.by. — 2012. — 13 сентября. (руск.)
  15. Шекун, О. Изгнание немецких захватчиков из Белоруссии в 1918 году // Исторический журнал. — 1944. — № 1. — С. 39—46. (руск.)
  16. Жибарев, П. Борьба партизан Белоруссии против немецких захватчиков в 1918 году // Исторический журнал. — 1942. — № 5. — С. 19—26. (руск.)
  17. Сопротивление оккупации // archives.gov.by. (руск.)
  18. Горваль // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мінск: БелЭн, 1997. — 576 с. — С. 359. ISBN 985-11-0090-0
  19. Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; рэдкал.: Г. П. Пашкоў (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2005.
  20. Ткачоў, М. Горвальскі замак // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мінск: БелЭн, 1996. — С. 89. ISBN 985-11-0041-2.
  21. а б Гомельская вобласць Архівавана 25 верасня 2017. // http://icomos.by.
  22. Звесткі аб матэрыяльных аб’ектах Рэчыцкага раёна, якім нададзены статус гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь // rechitsa.by.
  23. Толстой Л. Н. — Рабкину М. Г., 2 января 1910 г. // tolstoy-lit.ru (руск.)

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]