Дубрава (Маладзечанскі раён)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Вёска
Дубрава
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1773
Аўтамабільны код
5
Дубрава на карце Беларусі ±
Дубрава (Маладзечанскі раён) (Беларусь)
Дубрава (Маладзечанскі раён)
Дубрава (Маладзечанскі раён) (Мінская вобласць)
Дубрава (Маладзечанскі раён)

Ду́брава[1] (трансліт.: Dubrava, руск.: Дуброво) — вёска ў Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Аляхновіцкага сельсавета. За 36 км на паўднёвы усход ад Маладзечна, 42 км на паўночны захад ад Мінска, 3 км ад чыгуначнай станцыі Дубрава на лініі Мінск-Маладзечна. На рацэ Заходняй Бярэзіне.[2]

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

За 0,3 км на поўнач ад вёскі знаходзіцца гарадзішча, што сведчыць пра даўнюю гісторыю паселішча.[2]

Уваходзіла ў Заслаўскае княства. Прынамсі з 1-й паловы XV ст. належала Мантыгердавічам. Пасля гібелі ў бітве на Вядрошы (1500) апошняга Мантыгердавіча — Яна Пятровіча, маёнткі роду перайшлі да яго сястры Соф'і, жонкі Станіслава Кішкі. У 1524 годзе пры падзеле маёнткаў паміж Кішкамі і Радзівіламі Дубрава дасталася апошнім. З 1539 года ва ўладанні Глябовічаў.

Паводле Яна Ходзькі, у 1453 годзе Глябовічы ў Дубраве пабудавалі касцёл[3] гэтыя звесткі часта сустракаюцца ў даведачнай літаратуры[2]. Аднак, вядома, што да Глябовічаў гэтыя ўладанні перайшлі значна пазней. У крыніцах касцёл згадваецца з 1576 года[2].

У даведачнай літаратуры можна сустрэць звесткі пра бернардынскі кляштар у Дубрава, а таксама пра аднаўленне Марцыбелай Глябовіч у 1670 годзе дубраўскага касцёла, аднак, гэтыя звесткі тычацца кляштара і касцёла ў Дуброўне.

У XVIII ст. — мястэчка Мінскага ваяводства ВКЛ. У 1787 годзе пабудаваны мураваны касцёл. Станам на 1791 год, маёнтак пана С. Марцінкевіча, у вёсцы 2 карчмы і бровар.[2] У Марцінкевічаў маёнтак купіў апошні менскі ваявода Адам Хмара.

Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Расійскай імперыі. Станам на 1796 год, уласнасць тайнага саветніка А. Хмары[4]. А. Хмара пабудаваў у Дубрава палац, а таксама замест згарэлага новы касцёл, дзе пазней быў пахаваны (1805).

Станам на 1800 год — сяло, цэнтр маёнтка куды таксама ўваходзілі вёскі Навасёлкі і Татарскія. Частка Дубрава належала Дубраўскай ўніяцкай плябаніі. У Дубрава быў гаспадарчы двор маёнтка, касцёл з плябаніяй, драўляная ўніяцкая царква, 2 карчмы, вадзяны млын на Заходняй Бярэзіне.[4]

Станам на 1833 год у Дубраўскім маёнтку, які належаў мінскаму павятоваму маршалку Г. Хмары, агулам 552 сялянскія душы, 1483 дзесяціны зямлі, вінакурнае прадпрыемства, 3 млыны, 3 карчмы.[4]

У 1861 годзе — сяло з касцёлам, капліцай і вадзяным млыном. У 1868 годзе касцёл перароблены ў праваслаўную царкву Раства Багародзіцы.[4]

У 1880 годзе — мястэчка, цэнтр сельскай грамады ў Ракаўскай воласці Мінскага павета Мінскай губерні. У 1886 годзе ў Дубраве працавала народнае вучылішча. У 1897 годзе ў сяле Дубрава — царква, народнае вучылішча, хлебазапасны магазін; у маёнтку Дубрава — вінакурны завод, млын, сукнавальня; побач таксама было аднайменнае ўрочышча Дубрава.[4]

З лютага да снежня 1918 года занята нямецкімі войскамі. З ліпеня 1919 да ліпеня 1920 года і з кастрычніка 1920 года занята польскімі войскамі. Паводле Рыжскага мірнага дагавора (1921) у складзе Польшчы. Станам на 1938 года вёска Дубрава і засценак Дубрава ў Ракаўскай гміне Маладзечанскага павета Віленскага ваяводства.[4]

З 1939 года ў БССР, з 12.10.1940 года — цэнтр Дубраўскага сельсавета Радашковіцкага раёна Вілейскай вобласці.[4]

З канца чэрвеня 1941 да пачатку ліпеня 1944 года акупіравана нямецкімі войскамі. У баях за вызваленне вёскі загінула 14 салдат і 11 партызан (брацкая магіла знаходзіцца каля развілкі дарог на Аляхновічы і Навасёлкі, абеліск устаноўлены ў 1965 годзе).[4]

З 20 верасня 1944 года ў Маладзечанскай вобласці, з 20 студзеня 1960 года — у Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці. 27 кастрычніка 1964 года Дубраўскі сельсавет скасаваны, тэрыторыя далучана да Аляхновіцкага сельсавета. Пэўны час у вёсцы размяшчалася цэнтральная сядзіба саўгаса «Дубрава».[4]

Станам на 2010 год, працуе сярэдняя школа, клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, крама.[4]

Выдатныя мясціны[правіць | правіць зыходнік]

  • Месца колішняга фальварка Адамарын, за 4 км на ўсход ад Дубрава -- радзіма Б. І. Дыбоўскага (1833-1930) і У. І. Дыбоўскага (1838-1910). Мемарыяльная дошка Б. І. Дыбоўскаму ўстаноўлена ў 1978 годзе на будынку Дубраўскай сярэдняй школы.[4]

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

  • 1791 год -- 32 двары, 225 чалавек
  • 1800 год -- 30 двароў, 175 чалавек
  • 1843 год -- 30 двароў, 193 чалавекі
  • 1861 год -- 32 двары, 256 чалавек
  • 1897 год -- сяло: 57 дв., 329 чал.; урочышча: 1 дв., 16 чал.; маёнтак: 44 чал.
  • 1938 год -- вёска: 88 дв., 479 чал.; засценак: 44 дв., 266 чал.
  • 2010 год -- 242 гаспадаркі, 632 жыхары

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
  2. 2,0 2,1 2,2 2,3 2,4 Гарады і вёскі Беларусі. Т.8., кн.3. — С. 257.
  3. Chodźko Borejko Jan. Diecezja Mińska około 1830 roku. — S. ?.
  4. 4,00 4,01 4,02 4,03 4,04 4,05 4,06 4,07 4,08 4,09 4,10 Гарады і вёскі Беларусі. Т.8., кн.3. — С. 258.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Гарады і вёскі Беларусі. Т.8., кн.3. — С. 257—258.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]